Як мы бачым, то зараз Расія ўжо не занадта добра сваю тэрыторыю кантралюе — таму вельмі хутка можа настаць момант, калі і да падзей у Беларусі ім не будзе ані справы, ані магчымасці на іх уплываць. І вось у гэтым выпадку, канешне, «былому прэзідэнту Лукашэнку» будзе нясоладка.
Кірылюк: Хай Лукашэнка падпісвае любыя гарантыі, якія заўгодна — і сыходзіць
Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк — пра тое, ці ёсць у былога беларускага прэзідэнта гарантыі бяспекі.
Беларускія ўлады плануюць дадаць у Крымінальны кодэкс артыкул, які прадугледжвае да 8 год турмы за гвалт альбо пагрозы на адрас прэзідэнта (у тым ліку былога) і ягоных сваякоў. Таксама будуць пашыраныя артыкулы аб паклёпе і абразе прэзідэнта. Законапраект з прапановамі зменаў датычна крымінальнай адказнасці апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
Жаданне правіцеля на будучыню падаслаць мяккай саломкі сабе, а таксама сямейнікам, лагічнае і цалкам зразумелае. Але шматлікія прыклады з гісторыі, у тым ліку не вельмі аддаленай, паказваюць: калі дыктатар страчвае ўладу, гарантыі ягонай бяспекі, мякка кажучы, ператвараюцца ў гарбуз.
Адзін са свежых прыкладаў — адменены летась «Закон аб першым прэзідэнце» ў Казахстане, хоць у ім гаворка ішла не пра жорсткі пераслед крытыкаў Нурсултана Назарбаева, а пра тытул «бацькі нацыі» елбасы і ўсякія прывілеі ды гарантыі экс-прэзідэнту і ягоным сваякам.
Ці рэальна для Лукашэнкі засцерагчы сябе ад небяспекі на доўгатэрміновую перспектыву, ці падобныя рэпрэсіўныя захады актуальныя толькі пры ягоным праўленні?
Юрыст НАУ, чалец КР Міхаіл Кірылюк мяркуе, што само з’яўленне падобных паправак — добрая прыкмета:
— Для мяне тое, што такія законапраекты з’яўляюцца ў Беларусі, сведчыць: Лукашэнка верыць у тое, што для яго яны спрацуюць, — адзначае праўнік у каментары Филину. — І гэта добра — хай падпісвае любыя гарантыі, якія заўгодна — і сыходзіць.
Другі момант — у беларускім выпадку, думаю, такія гарантыі дзейнічаюць, пакуль Расія кантралюе ўладу ў Беларусі. І калі Лукашэнка зменіцца на іншага стаўленіка Расіі, на ягоную бяспеку будуць уплываць не прынятыя пры ім законы, а тое, наколькі ён сам будзе Пуціну патрэбны.
Мяркую, ён дарэмна хвалюецца наконт пагроз ці абраз, ці гвалту датычна яго персоны — калі ўлада зменіцца на дэмакратычную, мы мусім дамагчыся, каб над Лукашэнкам адбыўся суд. А любы справядлівы суд для яго будзе азначаць шмат больш наступстваў, чым віртуальныя абразы і пагрозы гвалтам — за ўсё тое, што ён учыніў, па сукупнасці мер складаецца вялікі тэрмін, цалкам магчыма, што пажыццёвы. І ад гэтага абараніцца ніякім законапраектам, хоць трыма «палаткамі» падпісаным, цалкам немагчыма.
— Ці слушна будзе лічыць, што акурат пры змене ўлады на дэмакратычную і справядлівым судзе Лукашэнка будзе, як ні парадаксальна, знаходзіцца ў большай бяспецы, чым калі ўладу возьмуць ягоныя ж сілавікі, прарасейскія назначэнцы альбо хтосьці яшчэ?
— Так, вядома. Лепш быць у бяспечнай беларускай турме, за моцнымі кратамі, дзе будуць выконвацца стандарты ўтрымання вязняў — нашмат вышэйшыя, чым цяпер усталяваныя для апанентаў беларускага рэжыму, — чым спадзявацца на пуцінскую ўладу, дзе сёння ў цябе ёсць гарантыі, якія ты сам сабе напісаў, а заўтра цябе можа напаткаць лёс Прыгожына ці кагосьці яшчэ з былых пуцінскіх паплечнікаў.
Таму гэтыя законапраекты, на мой погляд, хутчэй нагадваюць сродак псіхалагічнага самазаспакаення Лукашэнкі.
— Але для беларусаў тут і цяпер гэта азначае новы віток рэпрэсій?
— Чаму вы так лічыце? Нормы пра гвалт і пагрозы на адрас прэзідэнта ў законе ўжо ёсць, іх плануюць толькі распаўсюдзіць і на «былога прэзідэнта».
Гледзячы на логіку адміністрацыі, што ініцыюе гэтыя законапраекты — яны рыхтуюцца да таго, каб Лукашэнка стаў былым прэзідэнтам? Так гэта добра і варта ўхвалення, мы ўжо даўно лічым яго былым, ужо пара і самому гэта прызнаць.
Нават з боку гледжання менеджменту — сістэма кіравання, створаная Лукашэнкам, вельмі персаніфікаваная, сфакусаваная на кульце асобы. І любая змена, нават на намінальную фігуру, падрывае гэтую сістэму — мацней, чым могуць прадугледзець праекты законаў аб «абразах», «гвалце» і г.д.
А для таго, каб чыніць рэпрэсіі, сістэме папраўкі ў закон непатрэбныя — прыгадаем, перад падзеямі жніўня-2020 не было анансавана паправак у Адміністратыўны ці Крымінальны кодэкс, што не перашкодзіла пачаць рэпрэсіі і дасягнуць небачанага раней узроўню. Таму не думаю, што цяперашні законапраект варта трактаваць такім чынам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное