Што трэба адзначыць — што адміністрацыя Лукашэнкі баіцца салідарнасці беларусаў, баіцца аб’яднання. Тое, што людзі дапамагаюць адзін аднаму, для іх страшней за любога забойцу, гвалтаўніка ці хабарніка — таму «палітычныя» тэрміны большыя, і пакаранні страшнейшыя.
Кірылюк: «Не магу ўявіць, што ў дэмакратычнай Беларусі будуць судзіць таго, хто пажадае прынесці прадуктовую перадачу Азаронку ці Карпянкову»
Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк — пра тое, як улады баяцца салідарнасці беларусаў і пераследуюць за яе. А таксама пра адказнасць за заведама ілжывыя прысуды.
Атрыманне сем’ямі палітвязняў прадуктаў беларускія суды лічаць «пагрозай нанясення шкоды дзяржаўным інтарэсам». Як адзначае праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM, такія фармулёўкі сустракаюцца практычна ў кожнай пастанове, якую ўдалося атрымаць.
На сёння вядома пра сама меней 100 судоў па артыкуле 24.15 КаАП за атрыманне «замежнай бязвыплатнай дапамогі» праз ініцыятыву IneedHelpBY, пад пераслед трапілі не менш як 287 чалавек, пераважна жанчын.
У судовых рашэннях гаворыцца пра «публічную заведама неправамерную легітымізацыю дзеянняў асоб, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатусу «палітзняволеных».
Аднак, калі прабіцца праз канцылярыт, узнікаюць сустрэчныя пытанні. Па-першае, палітвязняў, хоць іх існаванне рэжым адмаўляе, ён ужо асудзіў і пакараў — то чаму карае за «легітымізацыю» іх родных? А па-другое, што ж гэта за дзяржава, інтарэсам якой можна пашкодзіць батонамі каўбасы, пачкамі макарон і ўпакоўкамі тавараў гігіены, з дапамогай якіх, паводле лукашэнкаўскага правасуддзя, нібыта ажыццяўлялася «экстрэмісцкая дзейнасць»?
Але яшчэ больш цынічная фармулёўка пра «незаконнае нівеляванне наступстваў прыцягнення да адказнасці». Па сутнасці, рэпрэсіўная машына імкнецца пакараць не толькі палітвязняў, але і іх родных — за тое, што не прыпаўзлі на каленях і не прызналі неіснуючай віны, не пагадзіліся пакутваць і галадаць.
Пра тое, як вынесеныя прысуды насамрэч выглядаюць з пункту гледжання права, Филин пагутарыў з юрыстам НАУ Міхаілам Кірылюком.
— Ёсць два аспекты: фармальна-юрыдычны і сутнасны, — зазначае юрыст. — Калі ўзяць першы — уявім, што мы выключылі ўвесь палітычны кантэкст, які быў у Беларусі, і паставім сябе на месца маладога беларуса, які раней нічым не цікавіўся, стаў паўнагадовым, прачытаў недзе пра экстрэмізм і хоча даведацца, як сябе паводзіць, каб экстрэмістам не быць прызнаным.
У Беларусі, нагадвае Міхаіл Кірылюк, ёсць закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», у гэтым дакуменце ў першым артыкуле тлумачацца асноўныя паняткі. Так, да экстрэмізму аднесеная дзейнасць фізічных і юрыдычных асоб, грамадскіх аб’яднанняў, «па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і здзяйсненні замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку».
Пералічаныя і спосабы такой дзейнасці: ад распальвання варажнечы да арганізацыі масавых беспарадкаў, стварэння ўзброенага фарміравання, рэабілітацыі нацызму і г.д. і да т.п (усяго 18 пунктаў)
— У кожнага злачынства ёсць аб’ектыўны і суб’ектыўны бок. Аб’ектыўны — гэта фактычныя дзеянні. У беларусаў, пра якіх мы гаворым, яны заключаліся ў атрыманні прадуктаў, рэчаў ці грошаў на набыццё прадуктаў для людзей, якія сядзяць у турме і якіх грамадскасць лічыць палітзняволенымі, а ўлады — не лічаць. Мы не бачым тут ніякіх дзеянняў па падрыхтоўцы замаху на незалежнасць, канстытуцыйны лад, захопе ўлады, дыскрэдытацыі РБ, знявагі прадстаўніка ўлады — нічога, што пералічана ў артыкуле 1, — падкрэслівае юрыст.
То бок, наш гіпатэтычны юнак, нават калі ён атрымаў юрыдычную адукацыю і прачытаў КК , КаАП і закон аб экстрэмізме, — не даведаецца з іх аб тым, што нельга камусьці ежу перадаваць.
А адна з функцый права — даваць людзям зразумелую карціну таго, што законна і незаконна ў краіне. Яна не выкананая.
Фармальна ўлады карыстаюцца магчымасцю прыцягнуць людзей да адказнасці за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Але такой рэжым назваў дзейнасць ініцыятывы, праз якую беларусы перадавалі грошы і прадукты палітвязням і іх сваякам — ці адпавядае гэта дэфініцыі «экстрэмісцкай дзейнасці»?
Насамрэч, падкрэслівае Міхаіл Кірылюк, ні набыццё ежы, ні фінансаванне такіх пакупак, ні фінансаванне арганізацый, якія перадаюць ежу, нельга лічыць ні «экстрэмізмам», ні «тэрарызмам» — нават паводле беларускага закону, які вельмі абстрактны ў гэтым сэнсе. То бок, нават дзейснае беларускае заканадаўства не парушана, і калі б сістэма выконвала ўласныя законы, то сваякоў палітвязняў не было б за што судзіць.
— Карныя органы гавораць: маўляў, ёсць спіс арганізацый, якіх прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі і арганізацыямі». Аднак, калі вызначаць з’явы па сутнасці, а не па тым, як іх вызначаюць незаконныя ўлады — гэта пералік «ворагаў народа». І ёсць нефармальны, але відавочны палітычны мэсэдж уладаў: з гэтымі людзьмі і арганізацыямі нельга ўзаемадзейнічаць, бо любое дачыненне можа для вас скончыцца адміністратыўкай ці крымінальным пакараннем, турмой.
Для мяне відавочны палітычны характар пераследу. Бо калі нават самаму злоснаму злачынцу, маньяку ці забойцу, у турму перадаюць ежу, ці збіраюць на яе грошы — праз родных, інтэрнэт-платформы, праз каго заўгодна — гэта нікога не цікавіць. Турбуюць іх толькі палітвязні.
Акрамя таго, дадае юрыст, у дзеяннях суддзяў і іншых асоб, датычных да асуджэння сваякоў палітвязняў, бачыцца як мінімум адказнасць за заведама неправасудны прысуд (артыкул 392 КК — Ф):
— Гэтыя прысуды вынесеныя там, дзе няма складу злачынства, і гэта дакладна вядома любому чалавеку з юрыдычнай адукацыяй, тым больш суддзі, пракурору ці следчаму. І калі ў будучым будуць суды за гэтыя неправамерныя дзеянні, у іх не будзе шансаў апраўдацца, маўляў, не ведалі, лічылі сапраўды злачынцамі.
Нават калі людзей уключылі ў спіс «экстрэмістаў» — мы бачым, што па характару дзеяння гэта не замах на дзяржстрой, на Лукашэнку ці Ярмошыну, не абраза прадстаўніка ўлады, не ўзброеныя фарміраванні і не фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. А заведама ілжывы прысуд патэнцыйна цягне адказнасць да 10 год турэмнага зняволення.
Міхаіл Кірылюк перакананы: калі б да ўлады ў Беларусі прыйшлі апаненты рэжыму, для якіх дэмакратыя і права маюць каштоўнасць, то немагчыма ўявіць сабе неправасудных дзеянняў нават да сапраўдных злачынцаў ці ідэалагічных паслугачоў Лукашэнкі:
— Будзе тое Карпянкоў, Караеў, Азаронак ці Тур, ці суддзі, якія выносілі несправядлівыя і ілжывыя прысуды — я магу сабе ўявіць, што будзе дэмакратычны суд, які прызнае іхнюю віну і прызначыць турэмнае зняволенне. Але не магу ўявіць ні ў якай хворай фантазіі, што будуць незаконна караць усіх кіраўнікоў выканкамаў за апошнія 20 год, што будуць судзіць таго, хто пажадае прынесці прадуктовую перадачу Азаронку ці Карпянкову, што наглядчыкі ў турмах будуць іх катаваць уключаным святлом ці адсутнасцю гарачай вады.
У гэтым сэнс таго, да чаго імкнецца большасць беларусаў: у дзяржаве, грунтаванай на праве, выконваюцца правы ўсіх, у тым ліку зняволеных.
А пры той уладзе, якая пануе ў Беларусі зараз, дрэнна жывецца, на мой погляд, не толькі прыхільнікам перамен, але і самім «ябацькам», якія жывуць у нашмат большым страху і стрэсе, чым жылі б пры дэмакратыі. Тут прынцыповы момант: у прававой дзяржаве законы для ўсіх аднолькавыя.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное