Скандалы

Кіраўніка самаабвешчанай «Грамадскай палаты саюзнай дзяржавы» арыштавалі за махлярства

«Грамадская палата саюзнай дзяржавы» — грамадская арганізацыя, якую стварыў ураджэнец расійскага Новасібірска Аляксандр Альшэўскі. Ён жа стаў кіраўніком апарату, піша Наша Ніва.

У «палату» ўвайшлі больш за 200 асобаў, сярод якіх атлет Фомачкін, які пранёс расійскі сцяг на адкрыцці Паралімпіяды ў Рыа, Андрэй Герашчанка, якога звольнілі ў Віцебску з працы за адмаўленне незалежнасці Беларусі, паэт-славянафіл Анатоль Аўруцін, вядомы сваімі імперскімі поглядамі Сяргей Бабурын, акцёр Уладзімір Гасцюхін, дачка Пятра Машэрава Наталля, касманаўты Клімук і Навіцкі.

Ніякай юрыдычнай сілы рашэнні «палаты» не мелі, гэта быў клуб сяброў па інтарэсах з гучнай назвай.

Як выявілася, цяпер у Альшэўскага з'явіліся новыя клопаты. Пушкінскі раённы суд Пецярбурга арыштаваў кіраўніка «палаты» па справе аб махлярстве.

Альшэўскі атрымаў у экс-рэктара пецярбургскага Аграрнага ўніверсітэта $250 тысяч, каб той захаваў па сваёй крымінальнай справе статус сведкі, а не стаў абвінавачаным. У рэальнасці ні на што паўплываць Альшэўскі не мог. Калі экс-рэктара пасадзілі, той напісаў заяву на махляра.

Цяпер на кіраўніка «палаты» завялі крымінальную справу за махлярства, здзейсненае ў буйным памеры. Ён застанецца пад вартай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)