Скандалы

Кіраўнік суполкі «Гэта Мінск, дзетка!»: «Мяне спрабавалі вербаваць»

Блогер і кіраўнік суполкі УКантакце «Гэта Мінск, дзетка» (82 тысячы падпісчыкаў) Яўген Малахоўскі расказаў Нашай Ніве пра дзіўны паход у органы, падчас якога яго спрабавалі вербаваць.

Суполка Гэта Мінск, дзетка! размяшчае навіны і прыколы пра сталіцу, але не абыходзіць палітычных тэм і часам дае вельмі жорсткія ацэнкі рэаліям.

Яўген Малахоўскі, фота з сацсетак

Малахоўскі кажа, што 13 студзеня яму патэлефанавалі і без позвы выклікалі ў ГУБАЗіК з аргументацыяй, што гэта ў яго ж інтарэсах «у сувязі з сур'ёзнасцю справы».

«Я прыехаў, тэлефон пакінуў у машыне, каб не здаваць яго на ўваходзе сілавікам. Гэта іх здзівіла, дарэчы, — расказвае Малахоўскі. — У кабінеце мяне чакалі чацвёра чалавек. Тры з міліцыі, як я зразумеў, а яшчэ адзін, па-мойму, супрацоўнік іншага ведамства, які паводзіў сябе як гаспадар, а падчас размовы прапаноўваў мне супрацоўнічаць і пачаць з таго, каб назваць імёны іншых адміністратараў суполкі і расказаць, якіх поглядаў яны прытрымліваюцца, якія мэты ставяць».

Са словаў Малахоўскага, тут ён зразумеў, што адбываецца, і перастаў адказваць на пытанні, пасля чаго яго пачалі запалохваць.

«Адзін з іх сказаў мне, што насамрэч мяне выклікалі, каб «адмазаць», бо «вышэй ужо пачаўся рух». І, маўляў, ёсць верагоднасць завядзення справы за распальванне варажнечы за некаторыя допісы ў пабліку, таму трэба паспрабаваць «дамовіцца».

Я адмовіўся ад усялякай супрацы, у выніку гэта скончылася дачай тлумачэнняў і падпіскай паперы, што я папярэджаны аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях і распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Той «галоўны» супрацоўнік, у якім я бачу спецслужбіста, казаў мне, што яны нібыта «адкрыты для супрацоўніцтва», і я магу заўсёды звязацца і быць у бяспецы», — сказаў Малахоўскі.

Сам блогер звязвае гэтую сустрэчу з набліжэннем прэзідэнцкай кампаніі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(21)