Кіраўнік БРСМ патлумачыў свае словы пра «дэгенератаў і прыдуркаватых»
У інстаграм-канале БРСМ 8 кастрычніка адбыўся стрым з удзелам кіраўніка арганізацыі Дзмітрыем Варанюком і прэс-сакратаром Мінабароны Уладзімірам Макаравым, піша Наша Ніва.
Падчас стрыма студэнты задавалі пытанні наконт службы ў войску Макараву, і некаторыя з іх былі вельмі нязручныя.
Уладзімір Макараў і Дзмітрый Варанюк. Фота: БРСМ
У канцы эфіру кіраўнік БРСМ выказаўся досыць рэзка: «Што тычыцца варты і інтарэсаў, БРСМ заўсёды стаяў і будзе стаяць на варце інтарэсаў моладзі. Мы ніколі не будзем стаяць на варце інтарэсаў дэгенератаў. І я тут у жывым эфіры магу гэта казаць. На жаль, мы ніколі не будзем падтрымліваць прыдуркаватых або рабят, якія спрабуюць нашкодзіць нашай краіне. Гэтага мы не дазволім», — сказаў Дзмітрый Варанюк.
Гэтая цытата стала віруснай, яе расцягнулі па сацыяльных сетках.
Але што меў на ўвазе кіраўнік БРСМ і каму адрасаваў сваю фразу?
На гэтае пытанне ён адказаў «Нашай Ніве».
«Мы запусцілі стрым, перад тым запісалі ўсе пытанні і паабяцалі пазней тэкстава адказаць на тыя, якія праз рэгламент не паспеем задаць вусна — нават на самыя крытычныя.
Што адбываецца далей? Пачынаецца стрым. Прыходзяць нейкія людзі, недзе нават без аватарак — фэйкі, і пачынаюць пісаць у духу «БРСМ — лайно», «Вы ўсе — прыдуркі», і гэтак далей, гэта я яшчэ цытую найбольш цэнзурнае!, — сказаў нам Варанюк. — Яны пішуць нам абразы нават безадносна тэмы сустрэчы, нічога не пытаюцца пра войска, проста абражаюць і ўсё.
Мяне гэта абурыла! Я не хачу трываць, калі нашых рабят спрабуюць прынізіць і абразіць. Я палічыў, што з гэтымі людзьмі трэба гаварыць на мове, зразумелай ім жа, таму і выказаўся так брутальна».
Читайте еще
Избранное