Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта купляе «майбах» за 160 тысяч даляраў
Адзiн у прэзідэнцкім гаражы ўжо ёсць.
Mercedes-Benz S560 4 MATIC Long («майбах»)
Аўтатранспартная дзяржаўная ўстанова «Белтрансспэцаўта», якая ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, абвясьціла тэндэр на набыцьцё транспартных сродкаў.
Сярод іншага прэзыдэнцкая структура папаўняе легкавы і пасажырскі аўтапарк. У заяўцы фігуруюць Mercedes-Benz S560 4 MATIC Long («майбах»), тры Mercedes-Benz Е400, пазадарожнік Toyota Land Cruiser 200, рэанімабіль і грузапасажырскі аўтамабіль.
З умоўна айчынных машын пазначаны самы дарагі варыянт беларуска-кітайскай «Джылі» — красовэр Geely Atlas. Дылеры выстаўляюць мадэль у прамежку 17-25 тысяч даляраў, залежна ад камплектацыі. Кіраўніцтва справамі гатова нават пераплаціць за тэрміновасьць — да красавіка ў гаражы мусіць стаяць экзэмпляр за 55 тысяч рублёў (блізу 28 тысяч даляраў).
За новы пазадарожнік Toyota Land Cruiser 200 зь дзяржаўнага бюджэту гатовыя выдаткаваць амаль 100 тысяч даляраў — 183 тысячы рублёў.
Кошт трох Mercedes-Benz Е400 не павінны выйсьці за 600 тысяч рублёў — іншымі словамі, не даражэй за 100 тысяч даляраў за кожны.
«Майбах» «для патрэбаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта»
Самы дарагі ў пераліку — элітны Mercedes-Mybach S560 4 MATIC Long («майбах»). За элітны асобнік з канвэеру дзяржава гатова заплаціць 150-160 тысяч даляраў. Грузапасажырскі аўтамабіль, марка якога не ўказаная, таксама ня з танных — 109 тысяч рублёў ці больш за 50 тысяч даляраў.
За сучасны рэанімабіль Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта не пашкадуе 426 тысяч рублёў ці больш за 200 тысяч даляраў у эквіваленце.
Па ўказаным для патэнцыйных прадаўцоў тэлефоне Свабодзе сказалі, што пералічаныя аўтамабілі набываюцца «для патрэбаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта», але для якіх канкрэтна — паведаміць адмовіліся. Але з улікам пазначаных коштаў вялікая верагоднасьць таго, што за руль «Мэрсэдэсаў» шараговыя клеркі ня сядуць.
Разам усе пазыцыі ў тэндэры цягнуць амаль на 1 мільён даляраў.
Ня першы «майбах» для Лукашэнкі
У 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што на дзень нараджэньня адзін «расейскі чалавек» падараваў яму «майбах».
У 2013 годзе, адказваючы на пытаньне Свабоды падчас прэс-канфэрэнцыі, Лукашэнка заявіў, што «гэта прэзыдэнцкі аўтамабіль, які дзяржаве дастаўся бясплатна».
«Дык яго [майбах] ужо болей не выпускаюць. Яго зьнялі з вытворчасьці. Мне падарылі гэтую машыну на дзень народзінаў. І я аддаў яе дзяржаве. Мне трэба было б купіць аўтамабіль, калі б не было гэтага „майбаха“. І патраціць грошы. Хочаш ня хочаш, але бюджэт бы траціў. А я яе аддаў у гараж асаблівага прызначэньня, як ён у нас называецца, службе бясьпекі, каб прэзыдэнт перасоўваўся. Заўтра прэзыдэнта Лукашэнку застрэляць, павесяць, здымуць з пасады — вы на ёй будзеце езьдзіць», — заявіў Лукашэнка.
Расейскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў, якога раней зьвязвалі з гэтым падарункам Лукашэнку, сказаў у інтэрвію TUT.BY, што ніколі Лукашэнку аўтамабіляў не дарыў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное