Кіраўніцтва «Белавія» зьбірае подпісы супрацоўнікаў за адмену эўрапейскіх санкцый
Супрацаўнік «Белавія» падзяліўся з Радыё Свабода інфармацыяй аб тым, што кіраўніцтва кампаніі зьбірае подпісы пад лістом у міжнародныя структуры з патрабаваньнем адмяніць санкцыі да нацыянальнага авіяперавозчыка.
Пры гэтым у самім лісьце адзначаецца, што гэта «выключна добраахвотная ініцыятыва» беларускіх авіятараў. Суразмоўцу Свабоды ўдалося сфатаграфаваць гэты дакумэнт.
Зварот працаўнікоў «Белавія» ў міжнародныя структуры
«Кіраўнікі напісалі праўладны ліст у эўрапейскія структуры — маўляў, здыміце з нас санкцыі, мы хочам лятаць і г.д., — расказаў ён на ўмовах ананімнасьці. — У канцы напісана, што гэта ўсё добраахвотна. Але! Нас ужо абзвоньваюць ледзь не асабіста, і генэральны сказаў, што звальняць на наступны дзень, калі хто ўпіраецца. Адметна, што калі нам адмовілі ў палётах, гэта стала вядома адразу, а гэты ліст чамусьці ўпарта хаваецца».
Свабода зьвярнулася ў кампанію з просьбай пракамэнтаваць інфармацыю, ці сапраўды кіраўніцтва «Белавія» зьбірае подпісы супрацоўнікаў за адмену эўрапейскіх санкцый і ці адбываецца гэты збор подпісаў добраахвотна. На момант публікацыі адказу не атрымалі.
Пасьля інцыдэнту 23 траўня з прымусовай пасадкай у Менску самалёту Ryanair і затрыманьнямі журналіста Рамана Пратасевіча і студэнткі Соф'і Сапегі краіны Эўразьвязу закрылі паветраную прастору для кампаніі «Белавія» і забаранілі сваім суднам лятаць над Беларусьсю.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное