Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, ”Наша нiва”

Кіем цэны акалочваюць

Учора мой стандартны пакет купленых пасля працы харчоў пацягнуў тысяч на 15 болей, чым да новага года.

Прыйшоў дадому, шчоўкнуў тэлевізар (памятаеце анекдот: «Хачу жыць у той Беларусі, што па ТБ паказваюць»): нашы дзеячы даводзяць, што ніякіх эканамічных прычын для істотнага росту цэнаў няма. Можа, для іх гэта і не істотна…

Калі ж сур’ёзна, то, па-першае, такія прычыны ёсць. Хаця б таму, што імпартны складнік (і часам ладны) прысутнічае ці не ў кожным айчынным тавары.

А звыш таго эканоміка — гэта яшчэ і псіхалогія. Фінансы — дык суцэльная псіхалогія. Таму Лукашэнка літаральна моліць народ, каб не пёр у банкі забіраць грошы з дэпазітаў.

Публіка ўспрыняла шокавую дэвальвацыю як «кідалава», прычым не апошняе. Таму камерсанты закладаюць зараз у цэннік не толькі +20%, але і свае чаканні новых сюрпрызаў, імаверныя рызыкі. Ну а хто-кольвек — не без гэтага — проста вырашыў палавіць рыбку ў мутнай вадзе.

Карацей, пры падрыхтоўцы аперацыі «Дэвальвацыя» ўлады пралічылі ўсё, акрамя псіхалагічнай рэакцыі на «кідалава». Падзеі пайшлі па горшым сцэнары. Спачатку — хваля ажыятажнага попыту, штурм абменнікаў, цяпер вось — інфляцыйны выбух.

Ад новага года цэны на шэраг прадуктаў падскочылі на 40-65% (гэта не аўтарскі суб’ектыў, а звесткі Мінэканомікі). Значна падаражэлі крупы, алей, рыба, мандарыны, чай, кава…

Чыноўнікі звыкла спрабуюць акалочваць тыя завоблачныя цэны кіем праверак ды пакаранняў. Пагражаюць пазбавіць ліцэнзій.

Невядомая гандлярка са сталічнага рынку "Ракаўскі" ўвайшла ў аналы: трапіла ў справаздачу дзяржаўнага агенцтва. Правяральшчыкі выявілі, што кабета завысіла цану бельгійскіх груш аж на 30%.

Пра цэнавы выбух заклапочана гаварылі 15 студзеня Сідорскі з Лукашэнкам. Іронія лёсу ў тым, што ў звязку з разрэкламаванай лібералізацыяй ўрад ад сёлета не мусіць займацца рэгуляваннем цэн, акрамя тых, што тычацца «сацыяльна значных тавараў». У снежні выйшаў указ пра мараторый на праверкі.

Але народ стаіць на вушах, шалее ад цэннікаў. Таму ўрад мусіць зноў шчоўкаць пугай. Праверкі сарамліва называюць «пунктавымі», але ўсё адно яны яўна дысануюць з указам № 689. І ўлада хоча, каб бізнэс ёй верыў?

Канечне, тут нічога не дакажаш: тым, хто трапіць пад раздачу, не пашанцуе. Цётка-гандлярка сто разоў пракляне бельгійскія грушы…

Але па вялікім рахунку атрымаецца — пугай па вадзе.

Напачатку прэзідэнцтва афіцыйны лідэр ужо спрабаваў адкруціць цэны. Інфляцыя не слухалася, але ратаваў датацыйны рэсурс, расійскі грант. Цяпер вось, не маючы рэсурсаў, вертыкаль зноў спрабуе акалочваць цэны адміністрацыйна-карным кіем. Гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу.

Аксіёма: у рынкавай эканоміцы ўладам належыць уплываць на цэны праз тонкі інструментарый — крэдытна-грашовую палітыку, развіццё канкурэнцыі. Але ж хто гэтаму вучыў? Ды і механізмы адпаведныя за адну ноч не ствараюцца.

На 2009 год урад заклаў у план інфляцыю 9-11%. Незалежныя эканамісты прагназуюць утрая большую.

Джын выпушчаны са жбана. Разам з тым, усталяваць рынкавую эканоміку за пару тыдняў не пад сілу нават геніям рэфарматарства. А наверсе ж не ўсе такія :).

Кіроўная вярхоўка расплочваццца за гады блізарукай балотнай «стабільнасці», калі банальнае эканамічнае рэтраградства выдавалася за вялікую дзяржаўную мудрасць.

Рэформы было б найменей балюча зладзіць на піку энергетычнай дурніцы, калі Расія была яшчэ «шчодрай душой». А так вось даводзіцца цяпер цапом-лапом, пад дыктоўку «жульля з МВФ» (дарэчы, класічны прыклад з серыі «Не плюй у калодзеж»:).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)