Анастасія Зелянкова
Кэдэбісты будуць чытаць Туронка і Віцьбіча

Каля пяці гадзін цягнуўся ператрус на прыватнай кватэры, дзе захоўваецца маёмасць МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". У выніку супрацоўнікі праваахоўных канфіскавалі каля тысячы асобнікаў кніг, якія прызначаліся для суполак беларускай дыяспары.

Як расказала «Салідарнасці» намеснік старшыні МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", учора а 16-й гадзіне на прыватную кватэру, дзе захоўваецца маёмасць аб'яднання, завіталі ўчастковы міліцыянер і чалавек у цывільным. Свой візіт яны патлумачылі скаргамі суседзяў, якія нібыта не задавалены, што ў дадзеную кватэру пастаянна ходзяць незнаёмыя людзі. У хуткім часе да правяраючых далучыліся яшчэ два чалавекі ў цывільным.

— Ніхто з іх, акрамя участковага, не паказаў свае дакументы, — адзначае Ніна Шыдлоўская. — Яны нават адмовіліся называць свае прозвішчы. Затое бесперапынна лазілі па сталах, праглядалі літаральна ўсе паперы.

У адным з пакояў супрацоўнікі правахоўных органаў знайшлі камп'ютары і кнігі.

— Усім вядома, што ў будынку нашага ранейшага офісу зараз ідзе рамонт, зняць іншае памяшканне мы не можам, таму і вымушаны захоўваць свае рэчы па кватэрах ды гаражах, — распавядае Ніна Шыдлоўская. — Спачатку правяраючыя хацелі канфіскаваць вінчэсцеры, але перадумалі. Затое, убачыўшы кнігі, на якіх у выходных дадзеных было пазначана слова «Вільня», ледзь не ў ладкі запляскалі. Выклікалі АБЭП.

У выніку было канфіскавана 1067 асобнікаў кніг, сярод якіх "Людзі СБМ" Юрыя Туронка, "Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі" Юркі Віцьбіча, "За вольную і суверэнную Беларусь" Зміцера Касмовіча.

Зараз грамадскае аб'яднанне занепакоена, якім чынам ім вярнуць канфіскаваныя кнігі.

— Адзінае радуе, што, магчыма, хтосьці з тых, хто прыходзіў да нас возьмуць сабе па адным асобніку ды прачытаюць, — адзначае Ніна Шыдлоўская.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)