Политика
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Казуліна пакінулі за кратамі

У пракуратуры Менску не задаволілі хадайніцтва адвакатаў аб зьмене меры стрыманьня для Аляксандра Казуліна й працягнулі тэрмін расьсьледаваньня ягонай справы. Абарона былога кандыдата ў прэзыдэнты не выключае, што зьвернецца ў суд.

Тэрмін папярэдняй пастановы аб утрыманьні Аляксандра Казуліна пад вартай заканчваецца празь дзень, але ўжо сёньня, 23 траўня, адвакату Ігару Рынкевічу паведамілі ў пракуратуры Менску, што ягонае хадайніцтва аб вызваленьні Аляксандра Казуліна пад падпіску пра нявыезд не задаволенае. Сьледчыя працягнулі расьсьледаваньне справы Казуліна да 1 ліпеня, таму й ня лічаць, што былы кандыдат на прэзыдэнта можа выйсьці на волю.

Між тым, у хадайніцтве аб вызваленьні Казуліна ягоныя адвакаты спасылаліся на тое, што фактычна сьледзтва скончанае, ніякіх сьледчых дзеяньняў з удзелам Казуліна не вядзецца. “Мы не супакоімся. У новай скарзе дадамо новыя аргумэнты”, — заявіў “Свабодзе” адвакат Ігар Рынкевіч.

(Рынкевіч: ) “Па-першае, злачынства, у якім яго падазраюць, ня цяжкае, па-другое, гэта вядомая асоба. За Казуліна на выбарах галасавалі сотні тысяч людзей, некалькі дзясяткаў тысяч падпісаліся цяпер за ягонае вызваленьне. На гэты дзень сабрана болей за дзьвесьце паручыцельстваў вядомых асобаў за тое, каб вызваліць Аляксандра Казуліна пад падпіску пра нявыезд. Усё гэта дае падставы зьмяніць яму меру стрыманьня”.

Паводле Ігара Рынкевіча, рашэньне пракуратуры Менску пакінуць Казуліна пад вартай будзе абскарджанае альбо ў пракуратуры краіны, альбо праз суд.

Тым часам Аляксандар Казулін з адвакатамі працягвае знаёміцца са сваёй крымінальнай справай. Паводле адвакатаў, былы кандыдат на прэзыдэнта знайшоў у справе шэраг хібаў, паводле якіх будуць падрыхтаваныя скаргі.

Аляксандар Казулін абвінавачваецца ў хуліганстве падчас падзеяў 2 сакавіка, калі ён у міліцэйскім пастарунку разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Вінавацяць яго і ў арганізацыі вулічных беспарадкаў на Дзень Волі, 25 сакавіка — тады экс-кандыдат на прэзыдэнта ўзначаліў калёну дэманстрантаў, якая рухалася да турмы на Акрэсьціна, дзе адбывалі арышт больш за пяцьсот апазыцыянэраў. У той дзень Аляксандар Казулін быў зьбіты й арыштаваны. Трымаюць яго ў Жодзінскай турме. Палітык шматкроць заяўляў, што зь ім вырашылі паквітацца за крытыку, выказаную падчас перадвыбарчай кампаніі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)