Коктейль
Анастасія Зелянкова

“Каждая комсомолка, на которую пал выбор того или другого мальчика-самца, должна пойти ему навстречу”

Перш чым з высокіх трыбун прагучала незабыўнае "В СССР секса нет", над рашэннем палавога пытання бальшавікі працавалі цэлыя дзесяцігоддзі. Як працякала сэксуальнае жыццё беларускіх пралетараў, што пісалі пра ГЭТА савецкія выданні і як свабоднае каханне ператварылася ў "антынародную з'яву", высвятляла карэспандэнт "Салідарнасці".

Сексуальная рэвалюцыя

З прыходам бальшавікоў палавое пытанне, як аказалася, зусім не было забытае ў грукаце рэвалюцыі. Наадварот, лозунг "Даеш свабоду ва ўсіх яе праявах!" распаўсюдзіўся і на сэксуальнае жыццё пралетарыяту.

Вольнае каханне стала асновай адносін паміж тагачаснымі будаўнікамі камунізму.

«Среди нашей молодежи считается почти неоспоримой истиной, что, каждый комсомолец, рабфаковец и проч. может и должен удовлетворять свои половые стремления; половое воздержание квалифицируется как мещанство. В свою очередь каждая комсомолка-рабфаковка, просто учащаяся, на которую при этом пал выбор того или другого мальчика-самца, должна пойти ему навстречу, иначе она — мещанка, недостойная носить имя комсомолки, быть рабфаковкой, пролетарской студенткой» , — адзначае ў артыкуле «Половое воспитание», надрукаваным у часопісе “Асьвета” за 1925 год, прафесар С.Васілейскі.

Сапраўды, тое, пра што піша аўтар, было натуральнай з’явай ва ўзаемаадносінах тагачаснай моладзі. Заляцанні і флірт — усё тое, што мы разумеем пад рамантыкай кахання — лічылася непрымальным, перажыткам мінулага, мяшчанствам.

“Слова “любоў” хочацца цяпер узяць іменна ў двукосьсе, бо стары выраз “любові”, ужо абросшы плешам буржуазнай маралі, зусім ня вяжацца з нашым разуменьнем чыстых плоцьных адносін, вызваленых ад схіленьня і насычанай сантымэнтальнасьці”, — з гонарам адзначае З.Шмідт у працы “Род і здароўе, шлюб і сям’я: раней, цяпер і ў будучыні”.

Дарваўшыся да нечаканай свабоды, новыя гаспадары жыцця фактычна рынуліся ва ўсе цяжкія. “Плоцьная ідэалёгія, сугучная з пралетарскай ідэалёгіяй, сугучная соцыялістычнаму грамадзтву, павінна пранікаць па навуковых рэйках у гушчы працоўнай моладзі”, — адзначаў З.Шмідт, а прадстаўнікі працоўнай моладзі спяшаліся праводзіць гэтую ідэалогію ў жыццё.

Яшчэ адным “заваяваннем” рэвалюцыі стаў істотна спрошчаны падыход да пытанняў шлюбу і сям’і. Бальшавікі не адвяргалі сямейнай мадэлі адносін, аднак працэдура разводаў настолькі спрасцілася, што дастаткова было заявы аднаго з супругаў і праз пару тыдняў ты быў абсалютна свабодны.

“Пралетарская дыктатура раз і назаўсёды пакончыла з адным з агідных інстытутаў капіталістычнага грамадства – прымусовай пажыццёвай манагаміяй, -- заўважае С.Вальфсон у кнізе “Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці”. — Вялікая Пролетарская рэволюцыя парвала іржавыя ланцугі неразрыўнасьці шлюбу, яна вызваліла людзей ад неабходнасьці барахтацца ў шлюбаразводнай гразі, як гэта мае месца ў капіталістычных дзяржавах”.

Плады свабоднага кахання

Вынікі “пранікнення плоцьнай ідэалогіі” ў “гушчы працоўнай моладзі” не прымусілі сябе доўга чакаць: бальніцы проста ламіліся ад актывістак-камсамолак, якія жадалі пазбавіцца ад “плода свободной любви”.

У артыкуле Шмідта прыводзіцца ўрывак з твора Аляксандры Калантай, у якім камсамолка Жэня разважае пра сваё сэксуальнае жыццё: "Полавае жыццё для мяне проста фізічная асалода, а сваіх улюбёных я мяняю ў залежнасці ад настрою. Зараз я цяжарная, але я не ведаю, хто бацька майго дзіцяці, ды гэта для мяне і ўсёроўна".

Кіруючыся прынцыпамі сексуальнай свабоды, большая частка маладых людзей пазбаўлялася нявіннасці яшчэ задоўга да паўналецця. Акрамя непажаданай цяжарнасці, сярод выдаткаў пралетарскага кахання аказаўся і цэлы (зусім не рамантычны) букет венерычных хвароб.

Як адзначае расійскі гісторык Арцемій Пушкароў, з пачатку грамадзянскай вайны ў Чырвонай Арміі пачалася літаральна эпідэмія венерычных захворванняў. «Сифилитиков изолировали в специальные воинские команды, где был свой партактив, регулярно проводивший чистки "вредных и болезненных наростов", которые у красноармейцев с их настоящей болезнью не связывались. После окончания войны венерических больных стало еще больше, ведь "на гражданке" принудительного лечения не было, а многие мужчины и женщины не видели в этих заболеваниях ничего стыдного или опасного», — адзначае гісторык у інтэрв’ю “Радио Свобода”.

Аднак хутка венерычныя захворванні дасягнулі такога піку, што неабходны былі тэрміновыя меры. У гэтай сувязі ўрадам быў прыняты закон, які патрабаваў, каб супругі перад рэгістрацыяй шлюбу ў ЗАГСе давалі “падпіску аб тым, што кожны з іх ведае, у якім стане знаходзіцца здароўе другога”. Неўзабаве пачалося і паступовае ўтрымліванне моладзі ад разгульнага жыцця. Сексуальную энергію раілі “накіроўваць на працоўную дзейнасць”.

“Юноша, всецело захваченный укрепляющим и творческим трудом, в который он вкладывает всего себя, которым он всецело поглощен, такой юноша не станит ни онанировать, ни увлекаться порнографией, ни похотливо льнуть ко всякой женщине”, — адзначаў Блонскі ў публікацыі “Половое воспитание”.

У рэшце рэшт секс увогуле не быў абвешчаны “вычварэнствам” і “антынароднай з’явай”. Бальшавікі засталіся вернымі сваім прынцыпам: калі бурыць — то дашчэнту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)