Филин

Юлія Кот

Казакевіч: Візіт Пуціна ў Мінск гіпатэтычна можа быць падставай для ВСУ скарыстацца сітуацыяй

Палітолаг Андрэй Казакевіч — пра тое, дзеля чаго расійскі правіцель насамрэч прыляцеў у Беларусь.

Уладзімір Пуцін знаходзіцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Мінску. Крамлёўскі правіцель прыляцеў позна ўвечары 23 мая і адразу ж сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

У пятніцу 24 мая перамовы працягваюцца — на павестцы, як папярэдне было агучана, пытанні бяспекі, пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і «ўсяго комплексу беларуска-расійскіх адносінаў».

Сярод іншага плануюць абмеркаваць узаемадзеянне з КНР і «арабскімі сябрамі», а таксама другі этап вучэнняў па выкарыстанні нестратэгічнай ядзернай зброі.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што сёння ў Беларусі прызямліўся і самалёт Віктара Януковіча. Асобна, але таксама сёння для перамоў з беларускім міністрам абароны Віктарам Хрэніным прыбыў  свежапрызначаны кіраўнік Мінабароны РФ Андрэй Белавусаў.

Ці гэтыя падзеі ў комплексе мусяць напружваць, ці гэта частка інфармацыйнай спецаперацыі па запалохванні, — а мо, проста збег абставінаў?

— Мне не падаецца, што тут трэба шукаць вялікую канспіралогію, — зазначае у каментары Филину палітолаг, дырэктар інстытута даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч

— Думаю, каб трэба было правесці перамовы пра ўдзел Беларусі ў вайне ці нейкія гібрыдныя аперацыі, для гэтага не абавязкова было збірацца ў Беларусі.

Нават наадварот, гэта не самая добрая ідэя, — ёсць пытанні бяспекі, у рэшце рэшт, тэрыторыя прастрэльваецца. Плюс пытанні інфармацыйнай абароны, кібербяспекі: уцечкі і г.д.

Для расіян, мяркую, значна лепш было б правесці такую сустрэчу ў глыбіні сваёй тэрыторыі, дзе яны цалкам кантралююць і фізічную бяспеку, і ўсё астатняе.

Таму не думаю, што трэба шукаць лёсавызначальных рашэнняў у такіх перамовах, як гэтымі днямі ў Мінску. Насамрэч, для падобных сустрэч і так хапае, што абмяркоўваць.

Беларусь усё ж выступае заўважным суб’ектам, які пастаўляе зброю Расіі, прынамсі тое, што можа вырабляць; да таго ж аказвае іншыя паслугі, напрыклад, па рамонце тэхнікі, супрацоўнічае ў іншых фарматах з расійскім ВПК.

читайте также
читайте также Оружейный барон

Дый сама па сабе ў якасці базы Беларусь з’яўляецца важнай для Расіі, тут мноства пытанняў для абмеркавання, у тым ліку розныя сумесныя праекты чыста вытворчыя, інфраструктурныя.

Час ад часу Пуцін мусіць выязджаць у Беларусь для такіх перамоваў — каб проста паказаць, і наколькі Лукашэнка важны для яго саюзнік, і што ён не баіцца прыязджаць да яго, нягледзячы на блізкасць украінскай мяжы.

То бок, такія сімвалічныя рэчы, якія мусяць граць на падвышэнне статусу Аляксандра Лукашэнкі.

Таму не выключаю, што гаворка ідзе не пра асабліва важныя і сур’ёзныя перамовы ў пытаннях бяспекі, а пра абмеркаванне па звычайнаму спісу праблем і пытанняў. А раз на колькі год можна гэта правесці і ў Беларусі.

— Паколькі перамовы адбываюцца на тле вучэнняў з адпрацоўкай выкарыстання тактычнай ядзернай зброі, некаторыя эксперты мяркуюць, што мэта візіту Пуціна — «бразганне зброяй» ля межаў заходніх краін. Ці пагодзіцеся вы з такой ацэнкай?

— Сумняюся, што візіт канкрэтна Пуціна ў Мінск кагосьці можа напужаць у ЕС ці НАТА. Хутчэй, гэта кропка ўразлівасці для расійскіх уладаў, бо гіпатэтычна можа быць падставай для ВСУ неяк скарыстацца сітуацыяй (згадаем куленепрабівальны трап, па якім спускаўся расійскі правіцель  на зямлю «сяброўскай краіны» — Ф).

Ну, прыехаў Пуцін у Мінск — у чым тут, уласна, ціск на Захад? Еўрапейскія эксперты таксама задаюцца гэтым пытаннем.

Можа быць, мэта — прыцягнуць увагу і зноў нагадаць усім, што Беларусь з’яўляецца расійскім плацдармам, а Пуцін «прыехаў з інспекцыяй» на тэрыторыі, якія знаходзяцца ў зоне ягонага ўплыву. Але не больш за гэта.

Не думаю, што сам па сабе візіт можа неяк паўплываць на ўрады заходніх краін ці ўрады краін-сябраў НАТА. Зараз усе звяртаюць увагу на дзеянні больш, чым на словы і нейкія сімвалічныя жэсты.

Калі б пачалося разгортванне нейкіх вайсковых груповак на тэрыторыі Беларусі — так, на гэта звярнулі б увагу (узгадаем, прынамсі, сітуацыю з «Вагнерам», гэта напружыла ўрады Польшчы і Літвы).

Думаю, што на сустрэчы будуць абавязкова падымацца пытанні бяспекі, але агулам гэта можа быць дзяжурны візіт, і камунікацыя адбываецца ў тым полі, каб абмеркаваць бягучыя справы.

Пуцін сказаў, што нядаўна сустракаўся з арабамі, плюс у Кітай таксама ездзіў — можа быць, з’явіліся схемы па абыходзе санкцый, новыя вытворчасці, інвестыцыйныя праекты, якія трэба абмеркаваць з беларускімі ўладамі.