Казакевіч: «Спачатку Расія пачынае актывізаваць кантакты з нейкай краінай, а далей паравозікам прыладжваецца Беларусь»
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» – пра тое, чаму афіцыйны Мінск жадае інтэнсіўна сябраваць з Нью-Дэлі і ці перашкодзіць гэтаму таксічнасць рэжыму Лукашэнкі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў планах беларускіх уладаў вывесці стасункі з Індыяй на якасна новы ўзровень. У віншавальнай тэлеграме з днём незалежнасці Індыі, дадзенай 15 жніўня, правіцель адзначыў, што афіцыйны Мінск «нязменна імкнецца да паглыблення дыялогу з Нью-Дэлі», і прапанаваў прэзідэнту Драўпадзі Мурму абмеркаваць двухбаковае супрацоўніцтва на асабістай сустрэчы.
Варта згадаць, што яшчэ на пачатку года, прызначаючы новага беларускага пасла ў Індыю, Лукашэнка скардзіўся, што ўзаемныя стасункі «дэградавалі». А асабістых перамоў з індыйскімі ўладамі правіцель не меў ажно з 2017 года, калі сустракаўся з прэм’ер-міністрам Нарэндрам Модзі. Зрэшты, пасля сёлетняга прыёму Беларусі ў ШАС, магчыма, сітуацыя зменіцца?
Чаму Мінску так важна «паглыбіць супрацоўніцтва» з Нью-Дэлі, ці толькі ў беларускім каліі справа?
— Жаданне зразумелае і ўпісваецца ў агульную стратэгію беларускіх уладаў пашыраць сувязі з краінамі так званага Глабальнага Поўдня, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
— І такая задача ставілася не толькі ў перыяд крызісу ў беларускай знешняй палітыцы, які пачаўся пасля 2020 года, але і да гэтага. На жаль для афіцыйнага Мінска, нейкіх устойлівых сувязяў не атрымлівалася.
Цяперашняя актывізацыя звязаная, на маю думку, яшчэ і з Расіяй. Як вельмі часта гэта здараецца ў беларускай знешняй палітыцы: спачатку Расія пачынае актывізаваць кантакты з нейкай краінай, а далей паравозікам прыладжваецца Беларусь, падбіраючы тое, што Расія не можа забраць, альбо знаходзячы нейкія агульныя цікавыя тэмы.
Адносіны паміж Расіяй і Індыяй апошнія два гады, пасля пачатку вайны, перажываюць бум — перадусім за кошт таго, што РФ прадае туды энерганосьбіты, але ёсць і супрацоўніцтва па іншых лініях.
Зусім нядаўна прэм’ер Модзі наведаў Маскву, што яшчэ раз прадэманстравала: Індыя гатовая супрацоўнічаць з Расіяй і паглыбляць супрацоўніцтва (хоць і не без праблем, перш за ўсё з-за пазіцыі ЗША і Еўразвязу).
Але ў сувязі з тым, што прынамсі пакуль што такога кшталту супрацоўніцтва тычыцца сыравіны альбо галінаў, не звязаных са зброяй, тэхнікай, іншымі таварамі, якія могуць быць чуллівымі для заходніх краін у кантэксце абыходу санкцый, то сур’ёзных абмежаванняў для супрацы Расіі з Індыяй таксама не было.
Цяпер у гэтыя схемы спрабуе ўбудавацца і беларуская знешняя палітыка.
— Але рызыкаваць дзеля бізнесу з Расіяй — адно, а з Беларуссю — зусім не тое ж самае. Ці знойдуць настойлівыя прапановы Лукашэнкі разуменне на тым баку, альбо індыйскія ўлады не захочуць мець справу з таксічным рэжымам і трапляць пад санкцыі?
— Натуральна, таксічнасць беларускага рэжыму, ягоныя кепскія стасункі з Захадам накладаюць значныя абмежаванні на патэнцыйнае супрацоўніцтва. Але пры гэтым, як паказвае досвед супрацы Расіі і Індыі, у асобных сферах гэта магчыма, асабліва калі гэта пытанне сыравіны і набыцця пэўных індыйскіх тавараў, якія не маюць стратэгічнага характару, звязанага з абаронай.
Вядома, беларускія ўлады будуць імкнуцца прадаваць у Індыю сваю прадукцыю — раней асабліва шмат увагі надавалася прадукцыі машынабудавання (Беларусь пастаўляла трактары, грузавікі, кампаненты для аўтапраму — С), але з тым, каб замацавацца на індыйскім рынку, відавочна будуць праблемы.
Бо гэты рынак вельмі канкурэнтны, шмат чаго Індыя ўжо і сама вырабляе і, па вялікім рахунку, наадварот, яна зацікаўленая ў тым, каб пастаўляць свае тавары за мяжу, а не набываць беларускія.
Таму ці атрымаецца нешта ў беларускіх уладаў у плане інтэнсіфікацыі гандлю, каб больш экспартаваць тавараў айчыннай прамысловасці — вялікае пытанне. Але цікавасць у іх да Індыі можа быць і з гледзішча імпарту, у сувязі з тым, што значная частка тавараў з-за санкцый недасяжная для пакупкі ў заходніх краінах — магчыма, нейкія субстытуты можна будзе знайсці ў Індыі.
— То бок, палітычны чыннік на гэтыя стасункі асабліва не паўплывае.
— Паўплывае, але не паставіць крыж. Індыя мае стасункі з многімі аўтарытарнымі краінамі, дзяржавамі Бліжняга Усходу, краінамі Афрыкі, дзе не заўсёды добрая сітуацыя з правамі чалавека.
Таму я думаю, што гэты пункт не будзе важны. Асабліва на фоне таго, што супрацоўніцтва паміж Расіяй і Індыяй вельмі актыўнае, а таксічнасць Пуціна, нашмат вышэйшая, уплывае, але не спыняе гэтыя сувязі.
Беларускія ўлады проста выкарыстоўваюць у гэтых пытаннях напрацоўкі «рускіх таварышаў» — натуральна, калі ўжо ёсць нейкія напрацаваныя схемы, ім гэта лягчэй рабіць.
Але вось санкцыі, трэба зазначыць, ужо ўплываюць, і будуць уплываць на гэтае супрацоўніцтва. Індыйскія кампаніі не хочуць патрапляць пад блакуючыя меры з боку Злучаных Штатаў ці Еўразвязу — гэта значыць, што з многімі сферамі могуць быць праблемы (і хутчэй за ўсё, ужо ёсць).
А ў асобных сектарах актыўнае супрацоўніцтва будзе наогул не магчымым з-за таго, што індыйскі бок будзе баяцца санкцый з боку Захаду.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное