Филин

Ірына Марозава

Казакевіч: «НАТО непасрэднай канфрантацыі відавочна не жадае, а Расія не мае сіл на гэта адказваць»

Палітолаг — пра пашырэнне Альянсу, неіснуючы нейтралітэт Беларусі і поле для манеўраў рэжыму.

Фінляндыя 4 красавіка афіцыйна стала 31-м чальцом НАТО. Заяўку Швецыі на ўступленне пакуль што блакуе Турцыя, аднак многія аналітыкі мяркуюць, што гэта ўсё ж пытанне часу.

Такім чынам, Крэмль, які распачаў агрэсію ва Украіне пад маркай недапушчэння пашырэння НАТО, фактычна дамогся адваротнага выніку. Што зменіць прырастанне Паўночнаатлантычнага Альянсу для Расіі і міжнароднай супольнасці? Ці стане Еўропа больш бяспечнай, ці, наадварот, варта чакаць узмацнення напружанасці, у прыватнасці, на межах з Расіяй і Беларуссю?

Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з доктарам палітычных навук, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

— Асноўнае наступства гэтага кроку — тое, што НАТО будзе гарантаваць бяспеку Фінляндыі, — зазначае палітолаг. — І з аднаго боку, гэта ўскладняе магчымую абарону Альянса да Расіі, бо павялічвае мяжу, лінію судатыкнення з магчымым працізнікам.

Але, з іншага боку, супрацоўніцтва з Фінляндыяй і да гэтага было досыць шчыльным. Фінляндыя з’яўляецца эканамічна моцнай краінай, таму можа выдаткаваць дастаткова шмат фінансаў на ўласную абарону. То-бок, па сукупнасці фактараў можна казаць пра ўмацаванне Альянсу, прынамсі, яго ўсходняга флангу.

На думку палітолага, пашырэнне НАТО не прывядзе да росту непасрэднай канфрантацыі ў азначаным рэгіёне: «НАТО гэтага відавочна не жадае, а Расія не мае сіл на гэта адказваць».

— Таксама я не думаю, што ўваходжанне Фінляндыі ў склад НАТО прывядзе да росту выдаткаў апошняга наогул і канкрэтна ў гэтым рэгіёне, — працягвае Андрэй Казакевіч. — Бо і так планавалася гэтыя выдаткі павысціць, і самі Фінляндыя са Швецыяй ад пачатку агрэсіі Расіі, разумення, што ўзрастае рызыка агрэсіўных дзеянняў РФ і ў дачыненні да іх, абвясцілі аб росце сваіх ваенных бюджэтаў.

З пункту гледжання Расіі, працягвае эксперт, сітуацыя выглядае крыху па-іншаму. Наўрад ці Крэмль разглядае ўваходжанне Фінляндыі ў НАТО як непасрэдную вайсковую рызыку для сябе — прынамсі, сама рэакцыя расейскіх уладаў на гэты крок дастаткова стрыманая ў параўнанні з тым, чаго можна было чакаць.

— Але ім усё адно трэба будзе рэагаваць, адказваць праз разгортванне ў гэтым рэгіёне, на поўначы Расейскай Федэрацыі, дадатковых вайсковых сіл, стварэння дадатковых злучэнняў і, магчыма, інфраструктуры. Размовы на гэты конт ужо вядуцца і некаторыя рэчы пачалі рэалізоўвацца ўжо з лета 2022 года.

Адпаведна, сітуацыя ўскладняе не толькі пытанне ваенных рызыкаў для РФ, але можа значыць і павелічэнне ваенных выдаткаў. А гэта, улічваючы цяперашнія абставіны, можа ўяўляць для Расіі пэўную інстытуцыйную праблему і стаць дадатковым цяжарам для яе бюджэта.

Як пашырэнне НАТО адаб’ецца на Беларусі? Ці ёсць у рэжыма, які так часта расказвае сваім грамадзянам пра варожае «лязганне гусеніцамі» на сваіх заходніх межах, іншае выйсце, акрамя як яшчэ бліжэй злучыцца з Расіяй у супрацьстаянні «калектыўнаму Захаду»?

Андрэй Казакевіч нагадвае, што свой нейтральны статус Беларусь страціла не летась, калі з адрэдагаванай Канстытуцыі знік адпаведны радок, а значна раней:

— Беларусь не была нейтральнай з другой паловы 1990-х, калі былі заключаныя  новыя ваенныя пагадненні з Расіяй. У прынцыпе, напэўна, нейтральны статус можна было ставіць пад пытанне яшчэ з пачатку 90-х, пасля таго, як Беларусь далучылася да АДКБ і пачала заключаць розныя дамовы, што патрабуюць у тым ліку сумеснай абароны тэрыторыі іншых краін у выпадку агрэсіі супраць іх.

Трэба таксама адзначыць, што ў Канстытуцыі (яе версіі 1994 года, якая фармальна дзейнічала да 2022-га) было пазначана, што Беларусь імкнецца да нейтральнага статусу, а не з’яўляецца нейтральнай краінай.

Таму я б сказаў, што ўжо з 1990-х Беларусь варта лічыць саюзніцай Расіі, і ні ў якай ступені не нейтральнай дзяржавай.

Рыторыка ж «нейтральнасці», якой доўгі час карысталіся беларускія ўлады — гэта больш пра наратывы, пра вобраз, які яны спрабавалі прадаваць у пэўных сітуацыях і для свайго насельніцтва, і для знешняй аўдыторыі. Але рэальнасці гэта не адпавядала.

Зараз сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, зазначае эксперт, — аднак гэта не значыць, што ў беларускіх уладаў няма іншага выйсця, як толькі канчаткова «прывязвацца» да Расіі.

— Варыянты ёсць. І нават калі мы кажам пра нейкія саюзніцкія сувязі з Расіяй, тут застаецца прастора для манеўра — неабавязкова падтрымліваць агрэсіўныя захады Масквы, не абавязкова ісці на эскалацыю стасункаў з суседнімі краінамі, якія з’яўляюцца членамі НАТО, як гэта адбывалася ў апошнія два гады па ініцыятыве ў тым ліку беларускіх уладаў.

— Хіба згода на размяшчэнне ў сябе расейскай тактычнай ядзернай зброі не ёсць крокам да гэтай эскалацыі?

— Так, але акрамя гэтага былі і іншыя крокі.

Прыгадаем пастаянную ваяўнічую рыторыку ўладаў і пагрозы ў дачыненні да суседзяў, якія мы чуем з 2021 года. Міграцыйны крызіс — не ваенны непасрэдна, але ж усе разумеюць, што гэта выклік бяспецы суседніх краін. І ніхто не можа выключаць, улічваючы напружанне паміж памежнымі службамі, што не здарацца пэўныя эксцэсы і не дойдзе да ўжывання зброі.

Гэта ўсё элементы эскалацыі з беларускага боку. І яшчэ адзін важны фактар, які трэба ўзгадаць — Беларусь прадставіла сваю тэрыторыю для расійскіх войскаў, для нападу на Украіну. І натуральна, што краіны НАТО пачалі гэту сітуацыю пераварочваць на сябе — што тое самае можа здарыцца супраць любой іншай краіны-суседкі Беларусі.

Такім чынам, варыянты ў беларускіх уладаў усё яшчэ ёсць, але, як падаецца, выбар быў зроблены на карысць эскалацыі — і атрымання за кошт яе падтрымкі з боку Расіі, вырашэння сваіх унутраных палітычных і эканамічных праблем.

Пакуль усё рухаецца ў гэтым накірунку, але ён не з’яўляецца чымьсці перадвызначаным. «Адкаціць» гэта назад сёння ўжо не так проста, але магчыма.

Хоць, канешне, усіх дэталяў існуючых паміж беарускімі і расійскімім ўладамі дамоўленасцяў мы не ведаем — што там прапісана наконт вайсковага супрацоўніцтва, супрацьстаяння з Захадам, а таксама ступеняў інтэграцыі дзвюх дзяржаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(8)