Кожны другі беларус не мае візы ў краіны Еўрасаюза і лічыць, што гэта не патрэбна, і амаль палова згодныя, што беларусаў у Еўропе ніхто не чакае. Такія не надта аптымістычныя лічбы апытання Chatham House «Беларускае ўспрыманне Захаду і сувязі з ім».
Пра тое, якія трэнды ў даследаванні прыцягваюць увагу, наколькі можна давяраць лічбам у цяперашніх беларускіх умовах і ці ёсць рызыка ўзмацнення расейскага ўплыву, Филин пагутарыў з палітолагам, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.
— Любым лічбам можна давяраць толькі тады, калі іх можна пэўным чынам праверыць і памераць. На жаль, у Беларусі такое немагчыма, — зазначае палітолаг. — Напрыклад, калі сацыялагічныя даследаванні паводле падобнай методыкі ладзяць некалькі кампаній, то, параўноўваючы іх звесткі, можна было б лепш разумець, што адбываецца ў грамадстве.
Таксама гэта спрацавала б, каб быў нейкі механізм пераправеркі. Скажам, у электаральных тэхналогіях, калі фальсіфікацый на выбарах няма, праводзяць сацыялагічнае апытанне — і можна параўнаць, як рэальна людзі думаюць.
Аднак калі такіх механізмаў няма, любыя лічбы нельга ўспрымаць літаральна. Хоць напэўна яны могуць быць карыснымі, каб зразумець асноўны трэнд, агульную грамадскую структуру, не факусуючыся на канкрэтных выніках.
Акрамя гэтага, дадае палітолаг, у Беларусі дастаткова высокі ўзровень фактару страху. Можна меркаваць, што беларусы дэмакратычных поглядаў, якія чытаюць незалежныя медыя, больш насцярожаныя ў камунікацыі з сацыёлагамі, менш пагаджаюцца на тое, каб адкрываць анкеты і выказваць наўпрост свае палітычныя думкі. У той час, як прыхільнікам улады нішто не замінае дэманстраваць свае палітычныя перакананні, і санкцый за выказванне думак да іх не прымяняюць. Што, вядома, таксама ўплывае на вынікі апытанняў.
І ўсё ж нават з улікам гэтых акалічнасцяў, мяркуе Андрэй Казакевіч, нічога прынцыпова новага апытанне не выявіла:
— Не бачу тут ніякай нагоды для песімізму. Гэта не першае даследаванне, якое так ці інакш закранала стаўленне беларусаў да ЕС, да еўрапейскай перспектывы — і асноўныя трэнды тыя самыя, што былі раней.
— Празаходнія настроі беларусаў знізіліся, а Расія ўспрымаецца больш адкрытай, чым Еўропа. Гэта трывожны знак, ці аб’ектыўная рэальнасць?
— Мне падаецца, што агулам структура не змянілася. Прыхільнікаў заходняга вектару ў Беларусі цягам многіх гадоў было ад чвэрці да траціны, мы маглі казаць пра дыяпазон у 25-30-33%. Прычым звычайна пытанне задаецца вельмі проста, наконт уступлення Беларусі ў ЕС — але ж зразумела, што арыентацыя на Еўропу можа ўключаць іншыя варыянты.
А з другога боку, ад 40% тых, хто арыентуецца на Расію, падтрымлівае больш шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва — гэтая колькасць таксама не новая, яна можа быць нават большай, гледзячы як было пастаўлена пытанне і якая методыка выкарыстоўвалася.
Шмат у чым гэтыя адказы грунтуюцца на рэаліях. Што такое ўступленне ў ЕС для Беларусі ўсе апошнія тры дзесяцігоддзі? Нейкая тэорыя. А супрацоўніцтва з Расіяй — пэўная рэальнасць, да якой людзі прыстасаваліся.
Многія дзяржаўныя прадпрыемствы працуюць на расійскі рынак, іх работнікі і кіраўніцтва гэта ведаюць, таксама на Расію арыентавана нямала бізнэсаў.
Таму ў гэтым плане нічога новага даследаванне не паказала.
— То бок, захоўваецца адносная стабільнасць.
— Так, нават дзіўна і вельмі паказальна, што вайна гэтыя расклады асабліва не змяніла.
— Калі ўлічыць, што «жалезная заслона» — не фігура маўлення, а амаль што рэчаіснасць, і ўсё менш беларусаў могуць патрапіць у Еўропу з любых прычын — палітычных, эканамічных, на вучобу, лячэнне, працу — ці можа з-за гэтага расклад схіліцца ў бок Расіі?
— Не думаю. Можа быць, беларусы будуць часцей ездзіць у Расію — але не факт, што такія вандроўкі палепшаць уяўленне беларусаў пра гэту краіну, бо там могуць сутыкнуцца з зусім іншай рэальнасцю. Прыкладам, мы ведаем, што ў краінах Балтыі існуе вялікая колькасць людзей, якія прарасійскі настроеныя, але ні разу ў РФ не былі.
Таму тут хутчэй пытанне інфармацыйнага поля, чым таго, ці ты сам ездзіш у Расію. Узровень жыцця там вельмі розны, у залежнасці ад таго, у які рэгіён ты прыязджаеш, стаўленне да беларусаў таксама рознае, можа быць добры асяродак, але часам людзі могуць адчуваць, што ёсць пэўная грэблівасць да іх інтарэсаў.
І ў рэшце рэшт, эканамічны патэнцыял Расіі выкарыстоўваецца беларусамі апошнія дзесяцігоддзі, і малаверагодна, што ён мае істотны патэнцыял для росту. Каб тыя, хто скептычна ставіўся да Расіі на працягу доўгага часу, раптам пачалі лічыць, што гэта класная краіна, і выбіраць, скажам, яе адукацыю, ці яе прадукцыю, — мусіць нешта змяніцца ўнутры самой Расіі.
Прытым варта згадаць, што гэтыя настроі досыць кансерватыўныя, звязаныя хутчэй са структурнымі момантамі ўнутры беларускага грамадства, са спажываннем інфармацыі, сямейнымі стасункамі, бізнес-сувязямі і г.д.
На мой погляд, калі за апошнія чатыры гады гэты трэнд не пераламіўся, каб 70-80% беларусаў любілі і арыентаваліся на Расію — то патэнцыял расійскага ўплыву моцна абмежаваны.
Усе дзяржаўныя медыя зараджаныя расійскімі наратывамі, расійскія медыя таксама актыўна працуюць з беларускай аўдыторыяй, каб забяспечыць сімпатыі да РФ.
Фактычна, беларускую эканоміку заліваюць расійскімі грашыма, прадастаўляюць агромністую колькасць замоў для ВПК і ўсяго, што блізка да вайны, ад лёгкай прамысловасці да харчовай.
Мы назіраем сёлета эканамічны рост за кошт гэтых фактараў. І калі нават на гэтым фоне рэйтынгі Расіі не зашкальваюць — значыць, не так ужо шмат магчымасцяў падвысіць сімпатыі беларусаў да яе.