Сучасны свет значна больш складаны, чым яго часам малюе беларуская прапаганда. Наступствы падтрымкі вайны могуць быць нечаканымі і могуць адбывацца нават у тых сферах, дзе заходнія краіны, падавалася б, не маюць непасрэднага ўплыву.
Казакевіч: «Калі нават Пуцін для некаторых удзельнікаў БРІКС стаў у пэўнай ступені таксічным, то што ўжо казаць пра Беларусь»
Чаму заяўка на ўдзел у міждзяржаўным аб’яднанні незаходніх краін можа стаць для Лукашэнкі не выгодай, а праблемай.
Яшчэ ў маі 2023 года Беларусь падала афіцыйныя звароты на далучэнне да БРІКС (у арганізацыю ўваходзяць Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэства замежных спраў Беларусі. Магчыма, што крытэрыі ўваходжання ці іншага ўзаемадзеяння з арганізацыяй будуць абмяркоўвацца на жнівеньскім саміце ў ПАР.
Як падкрэслілі ў ведамстве, гэта «стала абсалютна лагічным крокам у кантэксце рэалізацыі беларускіх падыходаў па пашырэнні ўзаемадзеяння ў шматбаковых фарматах з традыцыйнымі партнёрамі і сяброўскімі дзяржавамі».
У краінах-удзельніцах БРІКС прыжываюць звыш 40% насельніцтва планеты, а самі яны забяспечваюць больш як 30% сусветнага ВУП, і таму ўплыў і значэнне арганізацыі будуць няўхільна ўзрастаць, адзначылі ў МЗС. Акрамя Беларусі, свае заяўкі на далучэнне да БРІКС накіравалі яшчэ больш як 20 краін.
Што дасць Беларусі членства ў арганізацыі, ці дазволіць гэта афіцыйнаму Мінску ўмацаваць свае палітычныя і эканамічныя пазіцыі, і чаму пра беларускую заяўку зноў загаварылі акурат напярэдадні саміту ў ПАР, куды не зможа паехаць галоўны саюзнік Лукашэнкі?
— Мэта відавочная, яна шмат разоў агучвалася беларускімі ўладамі: развіваць стасункі з незаходнімі краінамі — зазначае ў экспрэс-каментарыі «Салідарнасці» палітолаг, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Як пазначана ў заяве міністэрства, «з традыцыйнымі партнёрамі і сяброўскімі дзяржавамі».
А ў сувязі з тым, што ў стасунках з краінамі Захада існуе глыбокі крызіс і нават канфлікт, то стаўка і ў Расіі, і ў Беларусі робіцца на развіццё адносінаў з іншымі краінамі — на пляцоўках БРІКС, ШОС і іншых рэгіянальных аб’яднанняў.
Беларускія ўлады разглядаюць БРІКС як магчымасць выйсці на новы ўзровень кантактаў з іх лідарамі і прадстаўнікамі. Фактычна, БРІКС — альтэрнатыва G20 ці G7, аб’яднанне моцных краін, але без удзелу Захаду.
Але з тым, каб інтэгравацца прынамсі ў БРІКС, у Беларусі могуць быць праблемы, дадае палітолаг. Бо на сёння ў аб’яднанне ўваходзяць вялікія краіны, якія маюць сур’ёзную эканамічную і палітычную вагу: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, ПАР. І далучэнне больш дробных краін нясе шэраг пытанняў: ці будуць яны мець такі жа самы голас, ці не будзе гэта размываць парадак дня.
Бо і сёння ўжо досыць складана дасягнуць кансенсусу па пытаннях, дзе ва ўдзельнікаў адрозныя інтарэсы, а пашырэнне арганізацыі зробіць працэс яшчэ больш складаным.
— Таму заяўка пададзеная, але перспектыва незразумелая, яе цяжка прагназаваць, — гаворыць Андрэй Казакевіч. — У адрозненне, напрыклад, ад сяброўства ў ШОС, дзе працэдурныя пытанні больш-менш вырашаныя.
Чаму пра беларускую заяўку загаварылі менавіта цяпер? На думку эксперта, асноўная прычына і інфармацыйная нагода — сам саміт БРІКС, які, безумоўна, прыцягне ўвагу і будзе дыскутавацца як у беларускіх, так і ў міжнародных медыях.
Хоць пра дасягненні на знешнепалітычным полі казаць рана — пакуль гэта толькі дэманстрацыя сваёй актыўнасці, спроба прарваць знешнепалітычную блакаду. Але ці будзе заяўка наогул задаволеная, і ў якім фармаце магчымы ўдзел Беларусі ў БРІКС, – пытанне адкрытае.
— Пасля доўгіх перамоваў стала вядома, што Уладзімір Пуцін усё ж не едзе на саміт у ПАР, дзе яму пагражае арышт згодна з Рымскім статутам і выдадзеным Міжнародным крымінальным судом ордэрам. На вашу думку, для Лукашэнкі гэта хутчэй праблема ці шанс пацвердзіць нейкую сваю суб’ектнасць?
— Думаю, што ўсё ж праблема. Бо гэта дэманструе, наколькі сур’ёзнымі могуць быць наступствы вайны і падтрымкі вайны ва Украіне. Атрымліваецца, што нават у такой «антызаходняй» арганізацыі, якой прадстаўляюць БРІКС у расейскай і беларускай прапагандзе, ёсць краіны, якія вымушаныя падпарадкоўвацца Міжнароднаму крымінальнаму суду.
І нават тут могуць быць задзейнічаны механізмы, якія перашкаджаюць паўнавартаснаму ўдзелу Расіі, чый палітычны і эканамічны патэнцыял непараўнальна большы, чым у Беларусі.
Натуральна, што на Лукашэнку гэта пакуль не распаўсюджваецца — хаця мы ведаем, што ёсць ініцыятыва выдачы ордэра і на ягоны арышт, і выключаць такой магчымасці нельга.
І калі нават Пуцін для некаторых удзельнікаў БРІКС стаў у пэўнай ступені таксічным, то што ўжо казаць пра Беларусь, да яе і да Лукашэнкі можа ўзнікнуць яшчэ больш пытанняў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное