Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Дадае агульнай нервовасці ва ўладных колах»

Палітолаг — пра аддаленую, але не неверагодную перспектыву прыцягнення беларускага рэжыму да адказнасці за саўдзел у ваенных злачынствах.

Напрыканцы красавіка Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю аб дэпартацыі і гвалтоўным вывазе Расеяй дзяцей і іншых грамадзянскіх асобаў з Украіны. Гэтыя дзеянні названыя злачынствам генацыду, а датычным да іх прызналі і Аляксандра Лукашэнку.

Днямі АБСЕ кваліфікавала прымусовы вываз украінскіх дзяцей, у тым ліку на часова акупаваныя расейцамі ўкраінскія тэрыторыі, а таксама ў Беларусь, як ваеннае злачынства — пра гэта гаворыцца ў заключэнні экспертаў Маскоўскага механізму. Мяркуецца, што РФ вывезла з Украіны як мінімум 20 тысяч дзяцей, але рэальная колькасць можа быць нашмат большай.

Між тым, самі беларускія ўлады не ўтойваюць, што на тэрыторыі краіны знаходзяцца ўкраінскія дзеці, але падаюць гэта як руку дапамогі — «гуманітарную місію» па выратаванні. Так, у заяве верхняй палаты парламента РБ сцвярджаецца, што ўкраінскія дзеці «рэгулярна праходзяць рэабілітацыю ў аздараўленчых летніках Беларусі, дзякуючы чаму могуць прачуць шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства». У прыватнасці, такія паездкі арганізуе фонд праўладнага спартсмена Аляксея Талая.

А новаўтвораная партыя «Белая Русь» адкрыта абмяркоўвае з «Рассупрацоўніцтвам» прыём у Беларусі дзяцей з акупаваных (паводле версіі прапагандыстаў, «вызваленых» — Ф.) тэрыторый Украіны.

Няўжо беларускія ўлады за спінай Расеі пачуваюцца так упэўнена і зусім не баяцца, што рана ці позна са саўдзел у ваенным злачынстве давядзецца адказваць? Ці нервуюць падобныя рэзлюцыі ўплывовых міжнародных арганізацый Лукашэнку і яго атачэнне, і наколькі аддаленая перспектыва таго, што Міжнародны крымінальны суд выдасць ордэр на арышт саўдзельнікаў прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей, Филин абмеркаваў з палітолагам, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

— Разважаць аб тым, ці нервуюць такія навіны беларускія ўлады — канешне, больш спекуляваць, чым ведаць, — заўважае Андрэй Казакевіч, — але мне падаецца, што гэта іх насамрэч нервуе. Бо стварае адчуванне: калі раптам пойдзе не так, як хацелася б, сітуацыя на франтах, пагоршацца справы ў Расеі — усе гэта можа мець сур’ёзныя наступствы.

Рэзалюцыі прынятыя міжнароднымі структурамі, не нейкімі дробнымі арганізацыямі, а прызнанымі, якія маюць пэўную ўладу, і, як паказаў канфлікт ва Украіне, могуць займаць пазіцыю не толькі наглядальніка. Таму, натуральна, гэта дадае агульнай нервовасці ва ўладных колах, але як ужо гэтая нервовасць паўплывае на паводзіны канкрэтных адказных людзей, пытанне адкрытае.

Хаця ў выпадку дзяцей, дый па іншых гуманітарных кірунках, пагроза міжнароднага крымінальнага пераследу можа стаць пэўным абмежаваннем для беларускіх уладаў і прымусіць іх шукаць шляхі выйсця з гэтай сітуацыі. Бо рэзалюцыі ПАСЕ, АБСЕ — не проста словы, гэта тыя рашэнні, якія могуць мець сур’ёзныя юрыдычныя наступствы.

Суд ААН у Гаазе

Гаворачы аб перспектывах прыцягнення да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і іншых асоб, удзел якіх у гвалтоўнай дэпартацыі дзяцей з Украіны будзе даказана, эксперт зазначае, што гэта ў любым выпадку працэс няхуткі.

— Практыка паказвае, што такая верагоднасць невялікая, — гаворыць Андрэй Казакевіч, — тым больш, што нават за больш сур’ёзныя злачынствы супраць чалавечнасці (маю на ўвазе, звязаныя з забойствамі тысяч і дзясяткаў тысяч людзей) не ўсе вінаватыя прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Шансы ёсць, выдача ордэру на арышт нават правадыра рэжыму — такое можа здарыцца, аднак працэдура будзе доўгай і для яе мусяць скласціся пэўыя палітычныя ўмовы. Звычайна гэта адбываецца ў выніку палітычных зменаў у той ці іншай краіне, калі той, хто знаходзіўся доўгі час ва ўладзе, губляе яе, і ўжо новая ўлада гатовая, каб пазбавіцца ад такога цяжару,  выдаць МКС старых кіраўнікоў.

Таму прынятыя сёлета рэзалюцыі, рэзюмуе Андрэй Казакевіч, у будучым «могуць стаць падставай для прыцягнення беларускіх уладаў для адказнасці, але перабольшваць іхняе значэнне і ўскладаць занадта вялікія спадзевы, асабліва на хуткі працэс, таксама не варта».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)