Политика

Ірына Марозава

Казакевіч: «Бачнае жаданне крыху знізіць градус напружанасці»

Палітолаг — пра тое, чым тлумачыцца мяккая рэакцыя Мінабароны РБ на памежны інцыдэнт.

У панядзелак 4 верасня з’явілася інфармацыя, што Польшча аднавіла запіс на выдачу турыстычных віз для беларусаў. З процілеглага боку таксама нечакана «адлягло» — міністр абароны РБ Віктар Хрэнін заявіў, што лічыць парушэнне польскім верталётам беларускай мяжы не правакацыяй, а памылкай пілотаў, маўляў, рэч у нізкай падрыхтоўцы лётчыкаў.

Што адбываецца, і ці працягваюць Мінск і Варшава абменьвацца сігналамі на шляху змяншэння эскалацыі?

— Не думаю, што выдача турыстычных віз, калі яна насамрэч аднавілася, — гэта добрая навіна для афіцыйнага Мінску, — зазначыў палітолаг, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

Андрэй Казакевіч

Паколькі Польшча —папулярны накірунак сярод беларусаў, то адноўленая выдача віз, наадварот, можа стварыць для беларускіх уладаў пэўныя праблемы. Людзі будуць выязджаць з турыстычнымі мэтамі, але ёсць і ўскосная пагроза павелічэння міграцыі ў гэты бок.

Канешне, калі мы кажам пра імпарт, тут ёсць пэўныя амбівалентнасць: з аднаго боку, могуць везці тое, што нельга ўвозіць афіцыйна, але, з другога боку, увоз такіх тавараў павялічыць канкурэнцыю на ўнутраным рынку, а з краіны будзе выцякаць валюта — усё гэта мы бачылі ўжо вельмі даўно ў гандлі і стасунках паміж дзвюма краінамі.

Таму выдача турыстычных віз — гэта ў лепшым выпадку нейтральная для Мінска навіна, у пэўнай ступені нават негатыўная.

На думку палітолага, падобнае рашэнне не варта звязваць з падзеямі апошніх тыдняў, калі ў слоўных інтэрвенцыях з абодвух бакоў, больш з беларускага, адбываецца пэўнае зніжэнне градусу і змяншэнне напружанасці.

— Бо калі гаворка ідзе пра такія працэдуры, як выдача візы, павелічэнне колькасці іх выдачы, — гэта патрабуе доўгай падрыхтоўкі, каб мець магчымасць апрацаваць большую колькасць запытаў. Таму, хутчэй за ўсё, калі такое рашэнне сапраўды прынятае і Польшча будзе выдаваць больш турыстычных візаў, яно рыхтавалася задоўга да сённяшняга дня і не можа быць наўпрост звязанае з падзеямі, якія адбываліся ў апошнія тыдні.

А вось нечакана «лагодная», мяккая рэакцыя Мінабароны РБ, наадварот, акурат гэтымі прычынамі і тлумачыцца, працягвае эксперт:

— Гэта якраз такі ўпісваецца ў агульную логіку таго, як развіваюцца стасункі з польскім бокам. Бачнае жаданне крыху знізіць градус напружанасці, і мяккая рэакцыя, досыць стрыманая заява Хрэніна выглядае лагічнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(16)