Кавалкін: «Зараз вельмі спрыяльны час для таго, каб працаваць з чыноўнікамі і дабівацца ад іх усялякіх бытавых рамонтаў»

Кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін пра «выбары» — унутры краіны і на знешняй арэне.

Уладзімір Кавалкін

— Пішуць, што ў беларускім офісе кампаніі EPAM Systems стаяць чэргі, каб паставіць подпіс за Лукашэнку. І гэта цалкам магчыма, — кажа Уладзімір Кавалкін на Еўрарадыё. — Людзям сказалі: альбо ідзіце ў гэту чаргу, альбо звольнім, ці, можа, яшчэ і 15 сутак дадзім.

Вельмі лёгка такім чынам зрабіць чаргу не толькі з супрацоўнікаў EPAM — на любым прадпрыемстве і арганізацыі. Пагражай — і людзі будуць баяцца.

Аналізуючы мінулыя выбары, эксперт дае параду беларусам.

— Да выбарчай кампаніі звычайна стараюцца падняць заробкі, прытрымаць інфляцыю, не дапусціць дэвальвацыю і закрыць нейкія сацыяльныя праблемы.

На Petitions.by я бачу, як чыноўнікі ўзяліся рамантаваць дарогі, масты, школы. Нават на петыцыі і звароты, якія падаваліся год таму, зараз прыходзяць дадатковыя адказы, што мы нешта выправілі, нешта паставілі ў план на 2025 год, то бок паабяцалі.

Зараз вельмі спрыяльны час для таго, каб працаваць з чыноўнікамі і дабівацца ад іх усялякіх бытавых рамонтаў. Калі вы хочаце зрабіць нешта для свайго дома, двара, вуліцы, зараз вельмі зручна гэта рабіць.

Складайце петыцыі, пішыце звароты, хадзіце да чыноўнікаў і патрабуйце. Перад «выбарамі» яны выдаткуюць рэзервы з грошай, каб задаволіць насельніцтва.

У той час як пасля «выбараў», як звычайна, грошы скончацца. Таму, паўтару, калі ў вас ёсць нейкая праблема, кшталту з тратуарам нешта, з дрэвамі, паркоўкай, у школе нешта трэба адрамантаваць, звяртайцеся зараз. Потым зноў давядзецца чакаць пяць гадоў да наступных выбараў, — папярэджвае Кавалкін.

Наогул саму спешку з выбарчай кампаніяй ён тлумачыць вялікім жаданнем Лукашэнкі зноў стаць суб'ектам у знешняй палітыцы. Але, на думку эксперта, для гэтага ў яго ёсць толькі адзіны варыянт.

— Бачна, што Лукашэнка хоча ўскочыць у мірныя перамовы, якія маюць адбыцца. Ён лічыць гэта шанцам для сябе, каб падвысіць сваю суб'ектнасць.

Таму, думаю, і гэта спешка з «выбарамі», каб аказацца менавіта «перавыбраным», маўляў, я зноў легітымны, размаўляйце са мной.

Але Беларусь зараз увогуле не ў павестцы Захаду. Яна нецікавая ніякім гульцам. То бок што б там Лукашэнка ні рабіў, гэта не будзе цікава, бо на гэта нават не глядзяць.

Ці то ён паказаў Калеснікаву, ці выпусціў яшчэ 30 палітвязняў —канешне, яны зробяць заявы, напішуць аналітычныя запіскі, нават нешта скажуць, але больш нічога не будзе.

Насамрэч Лукашэнка са сваімі сілавікамі з палітычнага пункту гледжання загналі сябе ў патавую сітуацыю. У іх няма на сённяшні дзень ніякага іншага спосабу неяк паўздзейнічаць на сітуацыю, апроч перамоваў з апазіцыяй, якая была вымушана з'ехаць.

Толькі яна мае нейкі доступ да тых, хто прымае рашэнні на Захадзе. А тое, што там кажа ці робіць Лукашэнка, агулам нецікава для міравой эліты.

Таму адзіная магчымасць для рэжыму ўскочыць у перамовы — толькі праз камунікацыю з апазіцыяй, якую ён душыць. Але думка, што апазіцыйныя колы могуць стаць тым мостам, праз які можна пачаць размаўляць з Захадам, да іх не даходзіць, — падкрэсліў Кавалкін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(20)