Кавалкін: «Хочаш, каб мы паехалі туды і адправілі ім сто трактароў? Калі ласка!»

Эканаміст — пра турызм дыпламатаў рэжыму.

— Лукашэнка ставіў МЗС і навукоўцам адразу такія задачы, якія, яны разумелі, выканаць не змогуць. Але і адмовіцца таксама яны не могуць, — кажа кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін на Еўрарадыё. — Таму ім даводзіцца разводзіць бурную дзейнасць, каб паказаць, што мы нешта робім. Бо ім трэба нешта паказваць. Вось яны і ездзяць па краінах, робяць фотачкі, як сапраўдныя турысты, а вынікаў, зразумела, няма.

Кавалкін называе шэраг прычын, з якіх Беларусі не атрымліваецца наладзіць выгадныя эканамічныя стасункі на «дальняй дузе».

— Аб’ектыўна, трэба шукаць новыя рынкі, нельга абмяжоўвацца Расіяй і Кітаем. Але куды яны едуць? Туды, дзе няма інстытута абароны тваіх правоў.

Яны едуць пераважна ў аўтарытарныя краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Азіі. А там, як кажуць пацаны на раёне, хто плаціць па даўгах — той лох.

У гэтых краінах з задавальненнем возьмуць вашыя трактары і не заплацяць. Але ж і мы таксама бралі ў Венесуэле нафту і не заплацілі. Яны ўсе так робяць.

Чыноўнікі разумеюць правілы той гульні, але публічна гэта не агучваюць, тым больш яны не будуць пярэчыць Лукашэнку.

Хочаш, каб мы паехалі туды і адправілі ім сто трактароў? Калі ласка! Хоць мы і разумеем, што гэтыя трактары мы, лічы, падарылі. Трэба рабіць выгляд на публіку, каб было заўважана, што мы нешта робім.

Тыя, хто рангам ніжэй, проста эмітуюць бурную дзейнасць. А тыя, хто павышай, як Галоўчанка, быццам бы прыбудоўваюцца да рыторыкі Лукашэнкі.

Той кажа, я вам усе задачы паставіў, а вы зрабіць не можаце. І Галоўчанка паўтарае, маўляў, я сваім па вертыкалі таксама паставіў задачы, а яны выканаць не могуць, — кажа Кавалкін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)