Таму гэта выключна класавая барацьба. Каб не павялічвалася колькасць незалежных індывідуальных асоб, якія ведаюць, як ім жыць без гэтай улады. Каб было менш самастойных людзей.
Кавалкін – пра змену заканадаўства для ІП: «Гэта выключна класавая барацьба»
Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін – пра падпісанне правіцелем закона, які кардынальна мяняе правілы гульні для індывідуальных прадпрымальнікаў.
— Ніякай эканамічнай выгады ўлады не пераследуюць, прымаючы закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, — адзначыў Уладзімір Кавалкін на Еўрарадыё. — Для Лукашэнкі іпэшнікі — гэта «буржуйчыкі», якіх трэба задушыць.
Каб засталіся выключна тыя, хто ходзіць на завод, паказвае свае тэлефоны ідыёлагу, ходзіць на «пяціхвілінкі гневу» і спажывае дзяржпрапаганду.
Розніца паміж юрасобай і ІП часцей за ўсё ў бюракратыі, якую ты павінен выконваць. ІП — гэта найбольш просты спосаб весці нейкі бізнес. Таксама гэта ўсякага кшталту стартапы.
Калі спытаць, для чаго грамадству патрэбны іпэшнікі, то, першае, каб уладкаваць спрытных, кемлівых людзей, якія не любяць працаваць у вялікіх калектывах, але якія могуць сабе зарабіць.
Другое — даць магчымасць кожнаму грамадзяніну паспрабаваць зрабіць стартап і вырасці ў нешта вялікае.
Юрасоба менш мабільная, бо ты абавязаны весці бухгалтэрыю, мець зусім іншы дакументазварот, ад пяці працаўнікоў. Гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Калі чалавек пачынае стартап, бывае, што ў яго няма вялікіх сродкаў на тую ж зарплату людзям, няма вялікага пачатковага капіталу.
І гэта адразае вялікую колькасць людзей, якія хацелі б паспрабаваць сябе ў бізнесе, але не маюць шмат грошай. Атрымліваецца, што ў цябе няма прыступак, табе адразу трэба лезці ўгору.
У Беларусі працаваць будзе вельмі цяжка, бо з аднаго боку – рэпрэсіі, з другога — цяжкасці з бюракратыяй, з трэцяга — рынак цяпер на спадзе. Таму чаго марнаваць час, трэба кудысьці ехаць.
Канешне, нейкая колькасць з іпэшнікаў пяройдзе ў арганізацыі, але нязначная. Частка закрыецца, а большая частка нават і не ўтворыць гэтыя ІП, і не пачне зарабляць грошы і плаціць падаткі. Для краіны гэта кепска, зразумела, — кажа Кавалкін.
Аналізуючы стратэгію і палітыку беларускай улады, эканаміст робіць вынік, што рэжым увогуле хацеў бы знішчыць незалежных бізнесоўцаў:
— Прадпрымальнікі ідуць першымі, а далей ідзе бізнес. Ён пры Лукашэнку павінен застацца ў двух іпастасях: дзяржаўны і «прыкарытны», які крышуюць сілавікі. Ніякага некантраляванага бізнесу ў краіне быць не можа.
Яны ўжо замяняюць грамадзянскіх адміністратараў, чыноўнікаў на розных пасадах, дырэктароў прадпрыемстваў. Такі зараз час — «чорных палкоўнікаў».
Калі Лукашэнка змагаецца з іпэшнікамі, ён змагаецца з тымі, хто мае мазгі і ўмее зарабляць, хто ведае, чаго ён хоча ад жыцця.
Але гэта класавы вораг дыктатара. Той, хто не ўсхваляе, не дзякуе за дабрабыт, бескаштоўную адукацыю і медыцыну, працоўныя месцы. Чалавек прадпрымальніцкага складу — класавы вораг для Лукашэнкі, — падкрэсліў Кавалкін.
Читайте еще
Избранное