Улады Беларусі запланавалі на 2025 год эканамічны рост: паводле падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам указу аб прагнозных паказчыках развіцця краіны, ВУП прыбавіць 4,1%, экспарт тавараў і паслуг прырасце на 5,4%, а інфляцыя не перавысіць 5%.
Наколькі гэта рэалістычныя чаканні, ацаніў кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.
— Калі казаць пра тое, што ўлады кантралююць цэны і не даюць іх падвышаць — інфляцыя можа мець які заўгодна паказчык, — адзначыў эканаміст у эфіры Еўрарадыё. — Аднак, хутчэй за ўсё, гэта будзе далей і далей скатвацца ў сітуацыю позняга Савецкага Саюза, як кажуць, на мінімалках.
То бок, усё імпартнае будзе каштаваць столькі, колькі яно каштуе на сусветных рынках — і для беларуса гэта будзе каштаваць дорага. А ўсё ўнутранае будзе каштаваць танна, але яно ўсё будзе зусім непрывабным, эканом-варыянт: не памёр, нешта адзеў — ну і добра, дзень пражыў.
Такі прагноз выглядае страшылкамі на фоне цяперашняга нібыта высокага дабрабыту беларусаў: заробкі падвышаюцца, крэдыты раздаюцца і бяруцца, можна ўзяць у крэдыт кватэру, паехаць у адпачынак і г.д. Альбо гэта і ёсць вяршыня дабрабыту, ад якой пачнецца спад?
— З пункту гледжання звычайнага беларуса, які, напрыклад, працуе на нейкім дзяржпрадпрыемстве, дзе сталі плаціць больш, гэта можа выглядаць дакладна так, — згаджаецца Уладзімір Кавалкін. — Але што да адпачынку — куды паехаць?
У Еўропу асабліва магчымасцяў няма, у Турцыю можна, але трэба зарабляць вялікія грошы, бо да курорту яшчэ трэба даляцець, вакол Украіны, дазволіць гэта сабе могуць далёка не ўсе. Таму ў Турцыю і Дубай, канешне, лятаюць беларусы, але гэта не звычайныя завадчане, хіба «звычайныя завадчане пад прыкрыццём», зваршчыкі і ўсякае такое.
Звычайны беларус куды паедзе — ну, у беларускі санаторый, ну, у Расію. Раней мог паехаць у Польшчу, у Літву, дзесьці трохі адпачыць, змяніць карцінку, нават у Егіпет мог злятаць, бо палёты былі наўпрост і гэта танна каштавала.
Адпаведна, мы маем такую сітуацыю: мы сталі зарабляць больш, але каб адпачыць, трэба яшчэ больш. Гэта тое, пра што я і кажу, позні «савок»: хочаш купіць джынсы — аддай усю зарплату, хочаш у Егіпет або Турцыю зганяць — аддай дзве зарплаты.
Таму, працягвае эканаміст, фармальна грошы ў беларусаў ёсць, але ў некаторых сферах, кшталту таго ж турызму, адбылася такая інфляцыя, «не ўлічаная ніякім Белстатам», што на вялікія планы сродкаў усё адно не хопіць. А на што хопіць?
— Можна есці болей, можна апранацца лепей. Але з вопраткай цяжэй: брэнды сышлі, будзем набываць нешта такое паўбрэндавае, не самы горшы «Абібас», і беларускае. І вось пад’ясі, апранешся — а куды гэтыя грошы далей? Нешта кітайскае можна набыць, хоць і не той якасці, якой хочацца. І калі яшчэ засталіся грошы — беларусы звычайна купляюць кватэры, гэта такі наш «залаты стандарт».
Каментуючы кватэрны «хапун», Уладзімір Кавалкін называе гэта «не самай разумнай інвестыцыяй» і вельмі кепскай ідэяй, калі гаворка ідзе не пра жаданне палепшыць уласныя жыллёвыя ўмовы, а пра планы зарабіць:
— Каб здаваць кватэру — павінны нейкія людзі прыехаць, напрыклад, у Мінск, працаваць за нармальныя грошы, каб аплаціць гэтую вашую арэнду. А калі не прыедуць? Альбо прыедуць не ў Мінск, а ў Варшаву, як гэта зараз адбываецца, або ў Грузію, у Еўропу, у Штаты?
Так што набыў ты гэтую кватэру на піку, узяў нейкі крэдыт, разлічыў, калі «адаб’еш» пакупку, і сядзіш сабе вясёлы. А потым — хоба! — і нічога, няма тых людзей, якія гатовыя яе здымаць за $300, і за 200, напэўна, няма. Бо рынак жытла перагрэты, і хоць эканоміка не на нулі, але такіх як ты, шмат, і прапанова значна вышэйшая за попыт.
Сёння ўсё на піках, і цэны на кватэры, і заробкі, аднак гэтая сітуацыя няўстойлівая. І калі глядзець у доўгатэрміновую перспектыву, зарабіць на арэндзе тым, хто набывае зараз кватэры менавіта з гэтай мэтай, будзе складана: насельніцтва старэе, людзей, якія працуюць, усё меней, шмат хто з’язджае — і што з гэтай кватэрай рабіць?
Гэта як у дзіцячым садку: дзеі бегаюць пад музыку вакол крэслаў: шэсць дзяцей, пяць крэслаў, і калі музыка скончыцца, нехта не атрымае стул. Мы зараз у той сітуацыі, пакуль грае музыка. Але мы ведаем, што крэслаў на ўсіх не хопіць.