Кавалеўскі: Адсутнасць амбасадараў становіцца праблемай для нашай незалежнасці і суверэнітэту

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі — пра тое, чаму важна вяртанне ў Мінск паслоў еўрапейскіх дзяржаў.

Валер Кавалеўскі

— Адсутнасць амбасадараў сапраўды падрывае легітымнасць Лукашэнкі пасля 2020 года. Гэта відавочны факт. Разам з тым Лукашэнка прыцярпеўся, і гэта не становіцца для яго на сённяшні дзень нейкай праблемай, — выказаў думку на Еўрарадыё Валер Кавалеўскі. — Але гэта становіцца праблемай для нашай незалежнасці і суверэнітэту.

Амбасадар — чалавек, якога прызначае кіраўнік сваёй дзяржавы. То бок ён надзелены даверам самога кіраўніка. У яго асаблівы палітычны і дыпламатычны статус.

Успрыманне амбасадарскага статусу значна больш сур’ёзнае. Бо часовым павераным можа быць любы дыпламат у амбасадзе, любога рангу.

У тым ліку, кажа экс-дыпламат, з прысутнасцю амбасадара па-іншаму можа камплектавацца ўвесь штат амбасады.

— Амбасадар са свайго ўзроўню можа лабіраваць перад сваім МЗС і перад МЗС Беларусі задачу пашырэння консульскага штату. Гэтыя дадатковыя адзінкі ў амбасадах узгадняюцца.

І ў гэтым сэнсе прыезд амбасадараў дазваляе пашыраць і консульскія функцыі, дазваляе пашыраць магчымасці для таго, каб адпрацоўваць заяўкі беларусаў, — адзначыў Кавалеўскі.

Ён прыводзіць і яшчэ адзін важны аргумент на карысць прысутнасці паслоў.

— Амбасадары высокага ўзроўню — гэта і сведкі таго, што адбываецца.

Заўсёды злачынствы прасцей рабіць, калі няма сведкаў. Калі будуць амбасадары высокага ўзроўню і магчымасць грукацца ў розныя дзверы, то і магчымасці для злачынстваў будуць значна ніжэйшыя.

Увогуле, трэба сказаць, што Беларусь замежнымі дыпламатамі ўспрымаецца як вельмі цяжкае месяца для працы. Менавіта праз інструменты ціску, абмежаванне магчымасцяў для працы, нагляд, спробу стварыць нейкія кампраметуючыя сітуацыі.

Не магу сказаць, што на сённяшні дзень Беларусь для заходніх дыпламатаў з’яўляецца такім месцам, куды хацелася б прыехаць папрацаваць, таму што гэта вельмі цікава і камфортна.

Але вось такія акцыі, як выхады да судоў ці выезды ў Курапаты, — гэта не адзіная форма, якой карыстаюцца замежныя дыпламаты для працы ў іншых краінах і, у прыватнасці, у Беларусі.

Ёсць і іншыя формы: сустрэчы з грамадзянскай супольнасцю, роднымі, сем’ямі палітычных зняволеных ці з былымі палітычнымі зняволенымі.

Таксама гэта і сустрэчы з афіцыйнымі асобамі для таго, каб даводзіць сваю інфармацыю, рабіць дэмаршы, рабіць пратэсты, задаваць пытанні, удакладняць і збіраць інфармацыю пра тое, што робіцца ў Беларусі, і гэтую інфармацыю трансляваць у свае сталіцы дзеля таго, каб уплываць на палітыку па нашай краіне.

У гэтым сэнсе дыпламатычная прысутнасць зноў жа ідзе на карысць незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны, — падкрэсліў Кавалеўскі.