Общество
Алег Грузьдзіловіч, «Радыё Свабода»

«Катаваньні ў беларускіх турмах не вынішчаюцца наўмысна»

Лідэр «Плятформы», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка выступіў з трыбуны Камітэту ААН па правах чалавека з альтэрнатыўнай справаздачай аб праблемах катаваньняў у беларускіх турмах. Праваабаронцы падзяляюць крытычныя меркаваньні Бандарэнкі адносна турыэмных умоваў.

Андрэй Бандарэнка падрыхтаваў для выступу ў Жэнэве альтэрнатыўны даклад, які прагучаў напярэдадні справаздачы афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Пра гэткі парадак распавяла «Свабодзе» Іна Кулей з камітэту «Салідарнасьць», які браў удзел у падрыхтоўцы альтэрнатыўнай справаздачы разам з Прававой ініцыятывай, Беларускім Хэльсынскім камітэтам, Цэнтрам прававой трансфармацыі ды інфармацыйна-асьветніцкай установай «Плятформа», якую ўзначальвае Андрэй Бандарэнка.

Справаздача Андрэя Бандарэнкі ўключае ў сябе факты катаваньня палітвязьняў, а таксама асуджаных розных калёніяў, невыкананьня Беларусьсю міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства ў галіне правоў чалавека. Асобны разьдзел справаздачы прысьвечаны праблеме сьмяротнай кары ў Беларусі.

Яшчэ ў 1987 годзе БССР у складзе СССР, але як асобны сябра ААН ратыфікавала Канвэнцыю ААН супроць катаваньняў. Але з катаваньнямі ў беларускіх турмах праваабаронцы змагаюцца дагэтуль. Ці мяняецца што ў лепшы бок, а калі мяняецца, то чаму гэтак марудна?

«Вядома, сёе-тое робіцца, але асноўная праблема палягае ў міліцэйскім самавольстве, — кажа Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. — Асабліва сёлета мы сталі сьведкамі таго, што самавольства ня толькі міліцыі, а шырэй — сілавікоў у розных пагонах стала інструмэнтам палітычнага ціску. Улада ня можа змагацца з парушальнікамі закону, якія ўжываюць катаваньні, бо тыя ж катаваньні і замаўляюцца ўладай. У выніку ўтварылася такое зачараванае кола».

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа, што ў справаздачы адлюстраваная і такая беларуская асаблівасьць праблемы катаваньняў, як яе схаванасьць. Пра катаваньні становіцца вядома часьцей ад «палітычных» вязьняў, але пакутуюць ад іх і астатнія зьняволеныя: «У нас гэта надзвычай шырокая праблема, асабліва што да месцаў пазбаўленьня волі ды іншых месцаў прымусовага ўтрыманьня грамадзянаў. Туды ж ня маюць доступу праваабаронцы, грамадзкага кантролю над гэтымі месцамі няма ўвогуле. Там адбываецца самае рознае. І ў справаздачы гэта адлюстравана».

Улетку ў Беларусі стала вядома пра зьбіцьцё і катаваньні вязьняў Глыбоцкай турмы. Пра гэта не пабаяўся распавесьці на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі былы вязень турмы Юры Лінга. Празь некалькі дзён пасьля канфэрэнцыі Юрыя Лінгу затрымала міліцыя, супроць яго завялі адміністрацыйную справу.

Праваабаронца Андрэй Палуда працаваў над той часткай справаздачы Андрэя Бандарэнкі, якая тычыцца захаваньня сьмяротнай кары ў Беларусі. Беларусь і тут шмат у чым парушае Канвэнцыю супроць катаваньняў, кажа ён: «Такі від пакараньня, як сьмяротнае, цягне за сабой пакуты ня толькі людзей, асуджаных на сьмерць, але і іх сваякоў. Бо ім цела не выдаюць, ніхто ня ведае дакладную дату, калі прысуд прыводзяць у выкананьне, ня кажуць пра месца пакараньня. Між тым сьмяротныя кары ў нас працягваюцца. Летась было два сьмяротныя пакараньні, сёлета таксама ўжо выкананыя два сьмяротныя прысуды».

Між тым яшчэ ў 1999 годзе камітэт ААН адзначаў, што праблема сьмяротнай кары ў Беларусі зьвязаная з пакутамі сваякоў, нагадаў праваабаронца Андрэй Палуда.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)