Касмапалітызм, газета «Праўда» і крыўда Мележа
Як карэспандэнт газеты «Правда» ў Беларусі Генадзь Бураўкін аднойчы атрымаў даручэнне ад галоўнага рэдактара Міхаіла Зімяніна выехаць на вайсковыя вучэнні, якія праходзілі на тэрыторыі Віцебскай вобласці. А ў Бураўкіна, як на бяду, скончыўся тэрмін дзеяння «правдистского» пасведчання...

Як вядома, практычна гатовая да выдання ўнікальная ў сваім родзе кніга Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анекдот». На кнігу на краўдфандзінгавай пляцоўцы «Talaka» абвешчана падпіска. Гэта, па сутнасці, першае выданне ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраны часам дакладныя, часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця вядомых літаратараў, а таксама дзеячаў культуры і палітыкі, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Яўген Глебаў, Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Мулявін, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч і многія іншыя — усяго ў кнізе больш за сто асобаў і больш за пяцьсот гістарычных анекдотаў.
«Новы Час» друкуе выбраныя аўтарам старонкі з будучай кнігі.
Перастрахаваліся
Раман «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля нейкі час не маглі надрукаваць, бо супраць выступаў сакратар ЦК КПБ Васіль Шаура, вядомы ў літаратарскім коле па мянушцы «Вялікі маўчальнік». Ён тады мо месяц хварэў на грып, а ў выдавецтве баяліся друкаваць раман без яго згоды. Ужо потым, калі Шауру паведамілі, што Брыль значна перапрацаваў раман, той здзівіўся:
— Навошта? У гэтым не было неабходнасці.
Паводле боскага закону
У 1940-я гады сям’я будучага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч жыла ў Заходняй Украіне. Маленькая Святлана памірала ад рахіту, але яе маці не магла выратаваць дачку, бо не магла нічога купіць на рынку. І тады бацька, які пасля Другой сусветнай вайны заставаўся ў шэрагах савецкай арміі, пайшоў у манастыр, што месціўся паблізу, і, падняўшыся па плячах сяброў за яго сцяну, укленчыў перад ігуменняй:
— Так, я савецкі афіцэр, але дзіця ні ў чым не вінаватае. Калі вы служыце Богу, то не можаце дапусціць смерці дзіцяці.
З таго часу з манастыра сталі штодня даваць паўлітра казінага малака, што і выратавала маленькую Святлану.
Працяг чытайце тут.
Читайте еще
Избранное