Карбалевіч: Якія магчымыя наступствы Акту аб дэмакратыі ў Беларусі

Палітолаг Валер Карбалевіч: «Мяркую, што новых танкераў амэрыканскай нафты для Беларусі больш ня будзе».

– Пакідаючы сваю пасаду, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон аб фэдэральным бюджэце ЗША, які ўключае ў сябе «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі», – піша Карбалевіч. – Такая рэакцыя кіраўніцтва Злучаных Штатаў на беларускія падзеі.

На што варта зьвярнуць увагу ў зьвязку з гэтым? Найперш, санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі прынятыя ў выглядзе закону. Што абавязвае адміністрацыю прэзыдэнта рабіць адпаведныя захады.

Прычым у дакумэнце пазначаныя тэрміны прыняцьця тых ці іншых рашэньняў. Так, не пазьней як праз чатыры месяцы дзяржсакратар ЗША і кіраўнік нацыянальнай выведкі павінны прадставіць даклад пра пагрозу сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.

Таксама ў трохмесячны тэрмін павінен быць прадстаўлены дакумэнт аб фінансавым становішчы Аляксандра Лукашэнкі і ягонага найбліжэйшага атачэньня.

Сёньня ў ЗША канфлікт паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі даволі востры. Аднак у беларускім пытаньні ніякага рознагалосься няма, існуе кансэнсус паміж дзьвюма асноўнымі амэрыканскімі партыямі.

Відавочна, што канкрэтныя рашэньні ў справе рэалізацыі Акту будзе прымаць ужо новая адміністрацыя Джо Байдэна. Думаю, што ў зьвязку з гэтым варта чакаць іншых акцэнтаў у беларускім кірунку. Дэмакраты, у параўнаньні з камандай Дональда Трампа, звычайна больш зьвяртаюць увагі на тэму дэмакратыі і правоў чалавека. Што вельмі актуальна для цяперашняга стану Беларусі.

Акрамя таго, Джо Байдэн наведваў Украіну і таму асабіста нядрэнна ведае сытуацыю ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, шчыльна займаўся гэтым рэгіёнам.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што прыняты дакумэнт разглядае беларускае пытаньне ў значнай ступені ў кантэксьце расейска-амэрыканскіх дачыненьняў. У Акце заяўляецца, што ЗША не прызнаюць уключэньня Беларусі ў саюзную дзяржаву з Расеяй. У дакладзе нацыянальнай выведкі павінна быць дадзена ацэнка таго, як урад Расеі выкарыстоўвае бягучы палітычны крызіс у Беларусі.

Калі ня здарыцца нечага экстраардынарнага, то неўзабаве ў Менску зьявіцца амэрыканскі амбасадар. Пакуль незразумела, як будзе вырашацца далікатнае пытаньне пра ўручэньне даверчых грамат кіраўніку дзяржавы. Бо Акт аб дэмакратыі не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна выбраным лідэрам Беларусі».

Што тычыцца канкрэтных захадаў у справе рэалізацыі згаданага дакумэнту, то першае, што можа зрабіць адміністрацыя Джо Байдэна, гэта адмяніць мараторый на прымяненьне тых санкцый, якія дзейнічаюць адносна Беларусі паводле Акту аб дэмакратыі ад 2004 году. Нагадаю, што тыя санкцыі былі прыпыненыя (але не адмененыя) у 2015 годзе. У прыватнасьці, яны тычацца гандлю нафтапрадуктамі.

Мяркую, што новых танкераў амэрыканскай нафты для Беларусі больш ня будзе. Ва ўсялякім разе, пры існаваньні цяперашняга беларускага палітычнага рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)