Общество

Карбалевiч: Вэрсіі Лукашэнкі пра лёс зьніклых палітыкаў супярэчаць адна адной

Зразумела, Лукашэнка адразу адрынае сваю датычнасьць да гэтых зьнікненьняў. І тлумачэньне вельмі цікавае. Ён зьвяртаецца ня столькі да маральных аргумэнтаў, колькі да рацыянальных. Пiша на Радыё Свабода Валер Карбалевiч.

Першы аргумэнт: «Навошта мне гэта было патрэбна? Што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек?». То бок, паводле Лукашэнкі, ніякай небясьпекі Юры Захаранка і Віктар Ганчар для ўлады не ўяўлялі.

Другі аргумэнт. «Я — палітык, а якімі яны былі палітыкамі?» Тут гучыць непрыхаваная крыўда. Усім жа даўно вядома, што ў Беларусі ёсьць толькі адзін палітык. І ўсе, хто яшчэ спрабуюць прэтэндаваць на такі статус, — самазванцы.

Трэці аргумэнт усё ж больш маральны: «Віця Ганчар быў маім добрым прыяцелем і сябрам, мы ў адным парлямэнце былі. Ня толькі ў лазьню хадзілі». Наконт лазьні згадка цікавая. Бо Ганчар зьнік якраз пасьля выхаду з лазьні.

Ня менш знамянальныя вэрсіі Лукашэнкі пра лёс зьніклых палітыкаў. Паказальна, што праваахоўныя органы на ўсе заявы іх сваякоў афіцыйна і стандартна адказваюць: сьледзтва не дало вынікаў, і што зь імі сталася, невядома.

Аднак з заяваў самага Лукашэнкі вынікае, што ў яго больш інфармацыі, чым у пракуратуры, — ён праяўляе пэўную дасьведчанасьць пра іх лёс. «Захаранка зьвязаўся зь бізнэсам ва Ўкраіне — узяў вялізныя грошы і не вярнуў. Самае цікавае, гадоў 7-8 гадоў таму іх сфатаграфавалі ў Нямеччыне. Мы запыт даслалі, дык нічога не далі», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Варта адзначыць, што за 20 гадоў пасьля зьнікненьняў палітыкаў Лукашэнка вылучыў некалькі вэрсіяў таго, што зь імі стала. Праўда, ягоныя меркаваньні чамусьці ўвесь час мяняюцца, яны ўзаемавыключаюць адно аднаго.

Вэрсія першая: іх забілі самі апазыцыянэры. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году Лукашэнка казаў: «Мы ўжо іх цяпер, асабліва лідэраў, так аберагаем, каб нешта ня здарылася перад выбарамі. Яны ж адзін аднаго застрэляць, як гэта ў іх вось з гэтымі „скрадзенымі“, якія зьніклі, зьніклі ўжо. У іх трэба шукаць канцы, дзе гэтыя людзі, і жывыя яны, не жывыя» (СНплюс. Свободные новости плюс. 2006, № 10).

Камандзір 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (зьлева) і кіраўнік унутраных войскаў Юры Сівакоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Сівакоў. Архіўнае фота

Вэрсія другая: яны сталі ахвярай крымінальных разборак. «Грошы апазыцыя брала і ў Захаду, і ў крыміналу. Зараз зьнікаюць апазыцыянэры — то адзін, то другі, і ўсё абвінавачваюць прэзыдэнта ў тым, што ён кудысьці іх хавае. Не, хлопцы: браў у крыміналу грошы, і іх трэба аддаваць, калі ты не рэалізаваў абяцанае... Я баюся, што можа адбыцца непапраўнае з гэтымі апазыцыянэрамі». (Белорусская деловая газета, 1999, 5 ліпеня).

Яшчэ сюжэт з інтэрвію Лукашэнкі на гэтую тэму: «На самай справе ў двух выпадках — гэта забойства на камэрцыйнай глебе, — абяцалі купіць, прадаць, не стрымалі абяцаньне і былі забітыя, як гэта водзіцца ў паўбандыцкім асяродзьдзі. Сьлед забойцаў нядаўна выяўлены ў Нямеччыне». (Завтра, 2009, 10 чэрвеня).

Вэрсія трэцяя: «Юры Захаранка з грашыма апазыцыі хаваецца ва Ўкраіне». (Шеремет П., Калинкина С. Случайный президент. Ярославль, 2003, с. 186).

Вэрсія чацьвёртая: сьлед зьніклых палітыкаў цягнецца ў Нямеччыну. Пра гэта беларускі кіраўнік заяўляў неаднаразова. І кожны раз нямецкая паліцыя праводзіць дбайную праверку і афіцыйна абвяргае. У 2003 годзе амбасада Нямеччыны ў Беларусі нават выказала зьдзіўленьне з нагоды такіх заяваў. (Народная воля, 2003, 28 октября). Тым ня менш, Лукашэнка і цяпер працягвае настойваць на гэтай вэрсіі.

Такім чынам, адразу некалькі вэрсій, якія супярэчаць адна адной. То яны забітыя, то яны хаваюцца ў Нямеччыне (ва Ўкраіне), то іх забойцы выяўленыя ў Нямеччыне.

Лукашэнка заявіў Венядзіктаву, што даў заданьне Сьледчаму камітэту дамагчыся вяртаньня ў Беларусь Юрыя Гараўскага, каб тут яго дапытаць. Аднак Сьледчы камітэт пакуль ніяк не камэнтуе гэтую справу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)