Карбалевіч: «У гэтым — увесь Лукашэнка, з усімі ягонымі амбіцыямі, схаванымі комплексамі недаацэненасьці»

Звышзадачай Лукашэнкі падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі было вярнуць Менск, а таксама сябе самога як кіраўніка Беларусі ў цэнтар урэгуляваньня ўкраінскага крызісу, піша Валер Карбалевіч у сваім блогу на Радыё Свабода.

Пачынаючы сустрэчу з украінскімі журналістамі, Аляксандар Лукашэнка адзначыў: «Мы ўпершыню, на жаль, сустракаемся ў фармаце прамой размовы з прадстаўнікамі такіх буйных сродкаў масавай інфармацыі Ўкраіны». Тут беларускага кіраўніка крыху падводзіць памяць. Падобная сустрэча была 23 лістапада 2006 году. Тады цэлы дэсант украінскіх журналістаў вазілі па краіне, і потым перад імі выступіў Лукашэнка. Гэтая сустрэча памятная тым, што тады кіраўнік Беларусі прапанаваў Украіне саюз супраць Расеі. Маўляў, па тэрыторыі нашых краін адбываецца транзыт расейскіх энэргарэсурсаў у Эўропу, нам трэба было б дамовіцца пра тарыфы і выступіць з агульнай пазыцыяй на перамовах з РФ.

Варта адзначыць, што такіх вострых пытаньняў, якія задавалі прадстаўнікі ўкраінскіх СМІ, расейскія і беларускія журналісты Лукашэнку не задаюць. Закранулі шмат розных тэм, усе аспэкты беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва.

Але, падаецца, галоўным пытаньнем, звышзадачай Лукашэнкі падчас гэтай сустрэчы было імкненьне вярнуць Беларусь, Менск, самога кіраўніка Беларусі ў цэнтар урэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Бо апошнім часам беларуская сталіца паціху выпадае з гэтай ролі. Вось плянуецца, што чарговы саміт у «нармандзкім фармаце» мае прайсьці ў Парыжы.

Пра гэтую ідэю вяртаньня міратворчай ролі Менску ён гаварыў у некалькіх ракурсах. І, як гэта часта зь ім бывае, у выглядзе адмаўленьня: «Мы ня будзем да вас напрошвацца ў міратворцы, пасярэднікі. Гэта ўвогуле выключана». І ў той жа час у ягоных словах заўважная пэўная крыўда: «Калі гэта трэба будзе, мы гатовыя адыграць пэўную ролю. Але пакуль і такія прапановы былымі кіраўнікамі Ўкраіны адпрэчваліся». Няма адказу ад Масквы і Кіева на прапановы ўвесьці на Данбас беларускія міратворчыя сілы.

Насамрэч, Лукашэнка хацеў бы адыгрываць ня нейкую сьціплую «пэўную ролю» ва ўрэгуляваньні крызісу вакол Украіны, а якраз галоўную, цэнтральную. Дзеля падвышэньня сваёй значнасьці ён чарговым разам расказвае гісторыю пра свой плян, які даўно мог прывесьці да міру на ўкраінскай зямлі, але той ня быў прыняты: «Захаду я прапанаваў сваё бачаньне ва ўрэгуляваньні гэтага канфлікту, — адзначыў беларускі лідэр. — І папярэдзіў Туска: „Калі вы ня прымеце гэтую пазыцыю, я буду ведаць, што як мінімум у Эўропе ёсьць людзі, зацікаўленыя ў канфлікце ва Ўкраіне“. Ён памаўчаў і сказаў: „Спадар прэзыдэнт, мабыць, так“. Пасьля таго як мы давялі ім наша бачаньне, ніякіх зрухаў не наступіла».

У гэтым аповедзе — увесь Лукашэнка, з усімі ягонымі амбіцыямі, міталёгіяй, схаванымі комплексамі недаацэненасьці.

Па-першае, Лукашэнка тут выступае як галоўны пэрсанаж канфлікту ўсясьветнага маштабу. Ён у самым цэнтры, да яго па дапамогу зьвяртаюцца ўсясьветныя лідэры.

Па-другое, кіраўнік Беларусі, як звычайна, мае манаполію на ісьціну. Колькі было спробаў, прапановаў, ідэй наконт урэгуляваньня канфлікту вакол Украіны. І ўсё ўпустую. Адзіны плян, які мог уратаваць украінскі народ, прапанаваў ён. Але ж у нашым злым сьвеце ня цэняць мудрых палітыкаў.

Па-трэцяе, з гэтай гісторыі вынікае, што менавіта Захад, Эўропа ня хочуць міру ва Ўкраіне. І, паводле вэрсіі Лукашэнкі, старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск гэта прызнаў.

Складаецца ўражаньне, што ўся гэтая гісторыя пра геніяльны плян Лукашэнкі падобная да міту. Бо ніхто пра гэтыя прапановы нічога ня чуў, ніякіх іншых сьлядоў гэтага пляну нідзе ня бачна. І калі гэта ўжо такі выбітны праект, то чаму сам Лукашэнка, МЗС, дзяржаўныя мэдыі ніяк яго не прэзэнтуюць, не рэклямуюць? Ён жа добра кладзецца на вобраз Беларусі як дзяржавы-міратворца, донара бясьпекі. Але ўсе чамусьці маўчаць. Таму ўзьнікае лягічнае пытаньне: а ці быў хлопчык? Дарэчы, цікава было б даведацца вэрсію гэтай размовы ад спадара Дональда Туска.

Яшчэ адна важная па сэнсе рэпліка Лукашэнкі: «Забудзьце аб усякіх формулах. Сядзьце ва Ўкраіне і паклічце тых, хто хоча міру, у тым ліку беларусаў. Мы, тры славянскія народы, павінны вырашыць гэты канфлікт, таму што гэта наш дом».

Тут тое самае, але ў іншай абгортцы. Як можа канкураваць нейкая формула (маецца на ўвазе «формула Штайнмаера») з плянам Лукашэнкі? Хіба ж не зразумела, хто насамрэч хоча міру?

Таму трэба адрынуць пасярэднікаў з Захаду, а ўсё вырашыць у межах «славянскага трохкутніка». Паколькі Расея і Ўкраіна — бакі канфлікту, то адзіным мадэратарам, пасярэднікам, міратворцам можа быць толькі Беларусь. Як ні круці, а без Лукашэнкі ніяк.

Гэтая ідэя працуе на карысьць Расеі. Бо без падтрымкі з боку Захаду Ўкраіна ня можа на роўных супрацьстаяць Расеі. Ва Ўкраіне гэта разумеюць усе. Таму вылучэньне згаданай прапановы наўрад ці дадасьць папулярнасьці Лукашэнку ва Ўкраіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)