Карбалевіч: У чым гістарычная місія і асабістая трагедыя Лукашэнкi
Андказвае на Радыё Свабода палiтолаг Валер Карбалевіч.
10 ліпеня 1994 году прайшоў другі тур першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, у якіх перамог Аляксандар Лукашэнка. З таго дня кіраўнік Беларусі не мяняўся. Чвэрць стагодзьдзя, амаль эпоха. Прычым яшчэ ня скончаная. Якім гэты пэрыяд застанецца ў гісторыі?
Якую гістарычную місію рэалізуе Лукашэнка?
Любы палітычны лідэр, які знаходзіцца ва ўладзе столькі гадоў, выконвае пэўную гістарычную місію, нават калі сам пра гэта не задумваецца. Лукашэнка ўжо ўвайшоў у гісторыю як кансэрватар, захавальнік сацыяльнага статус-кво. У афіцыйны прапагандысцкі канструкт гэтая ідэалягема ўвайшла пад тэрмінам «стабільнасьць».
Ад самага пачатку кіраваньня Лукашэнкі ў палітычным і экспэртным асяродзьдзі, прычым ня толькі беларускім, не сьціхае спрэчка наконт гістарычнага сэнсу створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі. Ня будзем чапаць прымітыўную ідэалягічную апалягетыку. Але існуюць канцэпты, якія спрабуюць знайсьці ў беларускай сацыяльнай мадэлі і ў дзейнасьці яе архітэктара станоўчы рацыянальны сэнс.
Напрыклад, расейскія дасьледчыкі Сяргей Кара-Мурза, Аляксандар Цыпко, Рой Мядзьведзеў, якія з сымпатыяй ставяцца да палітыкі кіраўніцтва Беларусі, рабілі спробы даказаць гістарычную заканамернасьць і эфэктыўнасьць беларускай мадэлі, прадставіць яе як альтэрнатыву рэформам у Расеі і іншых постсавецкіх дзяржавах.
Іх асноўная думка зводзіцца да таго, што «праект Лукашэнкі» — гэта ледзь не аптымальная мадэль «паступовага, лягчэйшага для народу адыходу ад камунізму», павольнай адаптацыі да рэалій новай эпохі ў процівагу шокавай трансфармацыі, якая адбылася пад уплывам Захаду ў іншых посткамуністычных краінах.
Праект Лукашэнкі — мадэль паступовага, лягчэйшага для народу адыходу ад камунізму?
Безумоўна, «праект Лукашэнкі» — гэта кансэрватыўная рэакцыя беларускага грамадзтва на выклікі мадэрнізацыі і глябалізацыі, бунт супраць насьпелых рэформаў. Можна пагадзіцца, што ў рамках гэтай сацыяльнай мадэлі значная частка насельніцтва адчувала, дый цяпер адчувае, псыхалягічны камфорт.
Аднак лічыць беларускую мадэль адаптацыяй да сучасных гістарычных тэндэнцый, спосабам паступовага адыходу ад камунізму можна было б пры ўмове, калі б краіна хай павольна, але рухалася па шляху рэформаў, эвалюцыянавала ў напрамку рынкавай эканомікі і дэмакратыі пры захаваньні сацыяльных функцый дзяржавы. Можна было б апраўдаць палітычную сыстэму мяккага аўтарытарызму, які забясьпечвае паступовы пераход ад таталітарызму да дэмакратыі.
Такая сыстэма паступова, крок за крокам вызваляла б насельніцтва ад дзяржаўнай апекі ў сацыяльным і эканамічным пляне, павялічвала б магчымасьці ўплыву народу на ўладу, павышала яго палітычную культуру, прывучала людзей да ўдзелу ў кіраваньні, разьвівала грамадзянскую супольнасьць, пашырала паўнамоцтвы парлямэнту, правы апазыцыі, незалежных СМІ і г. д. Толькі ў гэтым выпадку «праект Лукашэнкі» быў бы збольшага гістарычна апраўданы.
Беларуская мадэль — мэханізм застою
Але ў беларускай сацыяльнай мадэлі адбываецца нешта супрацьлеглае. У эканоміцы замест разьдзяржаўленьня, стварэньня рынкавай інфраструктуры, мэханізмаў самарэгуляцыі (фондавай біржы, інстытуту банкруцтва і інш.), прававых гарантый недатыкальнасьці ўласнасьці адбывалася кансэрвацыя дзяржаўнага сэктару, умяшаньне дзяржавы ў гаспадарчыя працэсы, самаўпраўства сілавых органаў.
У палітычным жыцьці краіна рухаецца не да дэмакратыі, а ў зусім процілеглы бок. Замест падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і партый, стварэньня дэмакратычных мэханізмаў адбываюцца рэпрэсіі супраць апазыцыі і трэцяга сэктару, ліквідацыя прадстаўнічых органаў улады і самога інстытуту выбараў, аднаўленьне савецкіх мэтадаў кантролю над грамадзтвам з дапамогай працоўных калектываў, абдзяржаўленых прафсаюзаў, БРСМ. Палітычная сыстэма зь неабмежаванай і незьмяняльнай уладай аднаго чалавека нагадвае эпоху раньняга фэадалізму.
Сыстэма зваротнай сувязі паміж грамадзянамі і ўладай заблякаваная. Замест фармаваньня культуры палітычнага плюралізму, кампрамісу, выхаваньня прававой сьвядомасьці шырыцца ксэнафобія, нянавісьць да людзей зь іншай палітычнай пазыцыяй, прававы нігілізм. Інакш кажучы, улада пасьлядоўна разбурае мэханізмы адаптацыі, прыстасаваньня насельніцтва да новых гістарычных рэаліяў.
Магчыма, «праект Лукашэнкі» ў сваёй пачатковай стадыі і меў нейкую гістарычную мэтазгоднасьць як варыянт «паступовага, лягчэйшага адыходу ад камунізму». Але ўсё разбурыла імкненьне беларускага лідэра да поўнай і аднаасобнай улады. Лёгіка адыходу ад камунізму і лёгіка абсалютнага панаваньня ўсё больш супярэчылі адна адной. Беларусь атрымала камэнданцкую гадзіну даўжынёй у чвэрць стагодзьдзя.
Няма разьвіцьця
Недасканаласьць створанай Аляксандрам Лукашэнкам беларускай сацыяльнай мадэлі палягае ў тым, што яна не разьвіваецца. Ужо 10 гадоў краіна вырашае задачу выйсьці на сярэдні заробак 500 даляраў. Адносную сацыяльную стабільнасьць Беларусь захоўвае дзякуючы расейскім субсыдыям. Краіна трапіла ў наркатычную залежнасьць ад расейскай фінансавай дапамогі.
У момант прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады Беларусь практычна ня мела зьнешняга доўгу. Цяпер ён з кожным годам павялічваецца.
Але ў ХХI стагодзьдзі, нават каб застацца на ранейшым узроўні, трэба хутка рухацца, таму што суседзі не стаяць на месцы. Створаная сацыяльная мадэль, як і ўсякая манапалістычная структура, пазбаўленая ўнутраных крыніц і мэханізмаў самаразьвіцьця, самарэгуляваньня, самакарэкцыі, саманастройкі.
Існая беларуская эканамічная сыстэма здольная вырашаць простыя задачы індустрыяльнага пэрыяду: загрузіць наяўныя вытворчыя магутнасьці, арганізаваць пасяўную і ўборачную кампаніі, забясьпечыць насельніцтва харчаваньнем і інш. Пры ўскладненьні праблемаў такая мадэль пачынае даваць збоі. Паглядзіце, як з трэскам правалілася праграма мадэрнізацыі прамысловасьці.
Беларуская сацыяльная мадэль кансэрвуе ня толькі старую эканамічную, палітычную сыстэму, але і сацыяльную структуру грамадзтва (вялікая доля занятых у прамысловасьці, сельскай гаспадарцы). Шпаркімі тэмпамі расьце працоўная эміграцыя.
Іншыя сфэры таксама ў заняпадзе. Напрыклад, разбурана сыстэма адукацыі.
Перад пагрозай расейскай экспансіі, уключэньня Беларусі ў прастору «русского мира» высьветлілася, што за 25 гадоў так і не сфармавалася этнакультурная беларуская ідэнтычнасьць. У выніку большасьць беларусаў успрымаюць украінскі крызіс з пазыцыі Масквы. І, значыць, у выпадку рэалізацыі Расеяй у адносінах да Беларусі крымскага сцэнару краіна застанецца безабароннай.
Інакш кажучы, стабільнасьць — гэта прыгожая назва застою. А як вядома, што не разьвіваецца, тое гніе.
Ён ня можа сысьці
У палітычным лёсе кіраўнікоў надзвычай важны заключны акорд, фінал, час і спосаб сыходу з гісторыі. Для іх, як і для вялікіх спартоўцаў, важна сысьці своечасова. Адчуваць гістарычны час, вычарпанасьць уласнай місіі ў лёсе свайго народу — вялікая палітычная мудрасьць.
Трагедыя Лукашэнкі ў тым, што ён прапусьціў шанец сысьці своечасова і застацца ў сьвядомасьці значнай часткі грамадзтва ў вобразе станоўчага героя. А цяпер ён сысьці ня можа. Парадокс у тым, што, адымаючы выбар у народу, ён пазбаўляе выбару і самога сябе.
Але было б паўбяды, калі б гэта была асабістая трагедыя Лукашэнкі. На жаль, гэта трагедыя ўсёй краіны.
Читайте еще
Избранное