Политика

Карбалевіч: «У цэнтры Эўропы зьявіўся ачаг дэстабілізацыі, які што далей, то болей пагражае міжнароднай бясьпецы»

Палітолаг на Радыё Свабода аналізуе, ці здольная міжнародная супольнасьць на вырашэньне праблемы.

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы, 20 ліпеня 2021 году

Неўрэгуляванасьць унутрыбеларускай праблемы выліваецца за межы Беларусі, спараджае праблему рэгіянальнай і ўвогуле міжнароднай бясьпекі.

Некалькі разрозьненых фактаў толькі апошніх двух з паловай месяцаў.

Пасадка самалёта кампаніі Ryanair у Менску і затрыманьне Рамана Пратасевіча.

Лукашэнка пагражаў перакрыць транзыт празь Беларусь тавараў тых краін, якія праводзяць недружалюбную палітыку адносна афіцыйнага Менску.

Штучны міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы, які абвастраецца. Лукашэнка паабяцаў, што хутка на тэрыторыі Літвы зьявяцца мігранты са зброяй. Літоўскія ўлады прынялі рашэньне вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь.

Лукашэнка заявіў пра магчымасьць разьмяшчэньня расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

Скандал са спартоўкай Крысьцінай Ціманоўскай, якую за крытыку кіраўніцтва зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы паспрабавалі выслаць з Алімпіяды ў Токіё ў Менск безь яе згоды.

Кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова знайшлі павешаным у Кіеве.

Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні ў верасьні ўжо сёньня выклікаюць напружанасьць у рэгіёне.

Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя факты? Што ў іх агульнага?

На мой погляд, яны сьведчаць пра тое, што беларускі палітычны крызіс ператвараецца ў крызіс рэгіянальны. Неўрэгуляванасьць унутрыбеларускай праблемы і нават яе абвастрэньне выліваецца за межы Беларусі, спараджае праблему рэгіянальнай і ўвогуле міжнароднай бясьпекі.

Гэта даўно ўжо ня толькі гуманітарнае пытаньне адной краіны. Беларусь, якая з 2014 па 2020 год прэзэнтавала сябе донарам рэгіянальнай і эўрапейскай бясьпекі, на вачах ператвараецца ў фактар росту міжнароднай напружанасьці.

Гуманітарны крызіс у Беларусі выштурхнуў за мяжу дзясяткі тысяч беларусаў, якія пераяжджаюць у суседнія краіны і ствараюць там пэўныя праблемы.

Варта адзначыць, што беларускі кейс абвастрае канфлікт паміж Расеяй і Захадам. Афіцыйны Менск бяжыць тут паперадзе паравоза і фактычна ўцягвае Маскву ў нейкія новыя канфлікты з ЭЗ і ЗША.

Беларусь становіцца чыньнікам канфліктагеннасьці расейска-заходніх адносін. Справа даходзіць да таго, што прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў вымушаны дэзавуяваць заявы Лукашэнкі.

Мяркую, міжнародная супольнасьць недаацаніла пагрозу перарастаньня беларускага палітычнага крызісу ў міжнародную праблему. ЭЗ рэагаваў са спазьненьнем, нерашуча, спадзеючыся на вяртаньне звыклага статус-кво.

А ў выніку ў цэнтры Эўропы зьявіўся ачаг дэстабілізацыі, які што далей, то болей пагражае міжнароднай бясьпецы. І з гэтым трэба нешта рабіць. Ці здольная міжнародная супольнасьць на вырашэньне праблемы? Адказ пакуль невідавочны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(49)