Политика

Карбалевіч: Сур’ёзныя рознагалосьсі?

Палітычны аналітык Радыё Свабода задаецца пытыннем, дзеля чаго Лукашэнка лётаў да Пуціна на Валаам. Інфармацыі пра перамовы – мінімум.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы на востраве Валаам, 26 ліпеня 2024 году

— Трохдзённыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна на востраве Валаам на поўначы Расеі прайшлі амаль у поўным інфармацыйным вакуўме. Дзеля чаго спатрэбілася гэта раптоўная сустрэча пасярод сэзону летніх адпачынкаў? — піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода. — Папярэдні раз яны сустракаліся ў траўні. Тады прэзыдэнт Расеі наведаў Менск з афіцыйным візытам. Пазьней была двухмесячная паўза. Але за гэты час шмат што адбылося.

25 ліпеня Лукашэнка нечакана прыляцеў да Пуціна на Валаам — выспу пасярод Ладаскага возера ў Карэліі. Яны наведалі манастыр і потым амаль на цэлыя содні зьніклі зь публічнай прасторы. Як паведаміла БЕЛТА, Лукашэнка і Пуцін «працягнулі зносіны ў закрытым фармаце». У сярэдзіне дня 26 ліпеня зьявілася кароткае відэа і фота іх прагулкі. Дзень 28 ліпеня мінуў у поўным інфармацыйным вакуўме.

У гісторыі двухбаковых зносінаў Лукашэнкі і Пуціна і раней здараліся працяглыя спатканьні па трое сутак. Моцна заняты важнымі дзяржаўнымі справамі, расейскі кіраўнік не шкадуе часу на перамовы зь беларускім візаві. Але не было аж настолькі закрытай сустрэчы. Нават на пратакольныя здымкі ў пачатку перамоваў журналістаў не дапусьцілі.

Такая трохі незвычайная інфармацыйная закрытасьць можа сьведчыць пра напружаны характар перамоваў. І на тое ёсьць прычыны.

Можа, упершыню з пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў беларуска-расейскіх дачыненьнях назапасіўся цэлы шэраг канфліктных вузлоў, якія патрабуюць вырашэньня. І расейскі прэзыдэнт выклікаў Лукашэнку «на дыван», — то бок, на Валаам. Каб, прынамсі, выслухаць тлумачэньне.

13 ліпеня Лукашэнка наведаў вайсковую частку ў Лунінецкім раёне і нечакана адзначыўся каскадам міралюбівай рыторыкі на адрас Украіны, якой не было чуваць з пачатку расейскай агрэсіі: «Цяпер у нас ускладненьняў ніякіх няма з украінцамі. І я спадзяюся, што і ня будзе. Мы аніякія ня ворагі для ўкраінцаў». І абвясьціў пра адвод беларускіх вайскоўцаў ад украінскай мяжы.

Гэта не магло спадабацца кіраўніцтву Расеі. У адказ расейскія Z-блогеры назвалі Лукашэнку «здраднікам». А на тэрыторыю Беларусі раптам пачалі залятаць расейскія «Шахеды». Многія экспэрты палічылі гэта папярэджаньнем з Масквы.

Увядзеньне Беларусьсю «бязьвізу» для грамадзян 35 краінаў Эўропы таксама магло выклікаць незадаволенасьць Расеі, бо беларуска-расейская мяжа па вялікім рахунку адкрытая: усе, хто прыехаў у Беларусь, у прынцыпе могуць лёгка трапіць у Расею. А падчас вайны звычайна межы закрываюць, а не адкрываюць: на тое ёсьць зусім зразумелыя аб’ектыўныя прычыны.

Нарэшце, яшчэ адзін вузел, які ўмоўна можна назваць кітайскім. Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ў Астане на палях саміту ШАС Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае мірны плян Кітаю ў справе завяршэньня вайны ва Ўкраіне. Гэты тэзіс паўтарыў міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў падчас візыту ў КНР. А, як вядома, Уладзімер Пуцін ня згодны з тым плянам урэгуляваньня ваеннага канфлікту, што прапануе Пэкін.

І нарэшце — пра намер абмеркаваць з Пуціным тэму вайны ва Ўкраіне і магчымага замірэньня Лукашэнка казаў падчас наведваньня вайсковай часткі ў Лунінецкім раёне 13 ліпеня. Сёньня гэта самае актуальнае пытаньне. Пра мірныя перамовы цяпер кажуць усе і на Захадзе, і на Ўсходзе. Ідзе дыскусія пра ўмовы замірэньня.

І Лукашэнка хацеў бы неяк удзельнічаць у гэтым працэсе, каб выйсьці з вайны з палітычным прыбыткам, атрымаць «дывідэнды міру». Але, як вядома, «хацець ня шкодна».

Яшчэ адна тэма: умовы вызваленьня нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, асуджанага беларускім судом да сьмяротнага пакараньня. Пытаньне: чаго патрабаваць ад Нямеччыны?

Працяглая гісторыя сустрэчаў Лукашэнкі з Пуціным дае падставы бачыць пэўныя заканамернасьці. Адна зь іх палягае ў тым, што, калі няма ніякіх паведамленьняў для СМІ, маўчаць прэсавыя службы кіраўнікоў, дык гэта сьведчыць, хутчэй за ўсё, пра сур’ёзныя рознагалосьсі падчас перамоваў.