Карбалевіч: «Суд над Золатавай выглядае нонсэнсам. Але толькі на першы погляд»

Чаму ўлады баяцца Марыны Золатавай больш, чым расейскіх тэлеканалаў.

На тле інфармацыйнай атакі з боку расейскіх медэяў суд над галоўным рэдактарам асноўнага, самага папулярнага інтэрнэт-рэсурсу краіны выглядае нонсэнсам. Але толькі на першы погляд, адзначае на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

«Насамрэч у дзеяньнях уладаў ёсьць свая лёгіка. Калі інтарэсы дзяржавы і інтарэсы кіроўнага рэжыму не супадаюць, то пры прыняцьці рашэньняў заўсёды пераважаюць апошнія. Для Лукашэнкі ўлада важнейшая за дзяржаўныя патрэбы.

Зь дзьвюх пагроз (ад нацыянальных незалежных мэдыяў і ад расейскіх СМІ) рэжым выбірае большую. То бок недзяржаўныя рэсурсы для ўладаў страшнейшыя. Чаму так?

Улады не абмяжоўваюць расейскія тэлеканалы зь некалькіх прычын. Яны баяцца псаваць адносіны з Масквой. Да таго ж лукашэнкаўскі электарат моцна «падсеў» на той кантэнт, на тую мову варожасьці, што дэманструюць РТР, НТВ і іншыя. І ўлады асьцерагаюцца рэакцыі наркамана, калі яго паспрабуюць зьняць з расейскай інфармацыйнай іголкі. Але прычыны ня толькі ў гэтым.

Справа ў тым, што расейскія тэлеканалы выконваюць важную для кіроўнага рэжыму функцыю, якую беларускія дзяржаўныя мэдыі рэалізуюць менш эфэктыўна. Акрамя таго, з шэрагу прычын займацца гэтай справай афіцыйнаму Менску цяпер ня вельмі зручна.

Расейскія мэдыі вельмі агрэсіўна і таму даволі эфэктыўна бэсьцяць эўрапейскія каштоўнасьці, саму ідэю дэмакратыі, цывілізаванае ўладкаваньне грамадзкага жыцьця, славяць аўтарытарызм. Яны даводзяць, што Захад загнівае, ягоныя прынцыпы церпяць крах, палітыкі ЗША і ЭЗ — спрэс дурні і маральныя вырадкі. Таму арыентавацца на эўрапейскі лад ня варта.

Паглядзіце, як расейскія тэлеканалы асьвятляюць украінскія выбары. Галоўная ідэя, якую яны спрабуюць данесьці тэлегледачам, наступная: калі ў краіне адбываецца рэальная палітычная канкурэнцыя, сапраўднае змаганьне за ўладу, там шмат розных кандыдатаў, то гэта выклікае хаос, бязладзьдзе, беспарадак. Адначасова працягваюць пужаць абывацеля Майданам і ягонымі наступствамі.

То бок, паводле расейскіх СМІ, дэмакратыя есьць зло, яна нічога добрага народу не дае. Гэта падступная ідэя, якую Захад адмыслова падкідае ў краіны постсавецкай прасторы, каб іх разбурыць. Правільныя выбары — тыя, якія адбываюцца ў Расеі (Беларусі, Узбэкістане, Казахстане). Гэта якраз тое, што патрэбна Лукашэнку, асабліва напярэдадні дзьвюх выбарчых кампаній. Беларускі і расейскі палітычныя рэжымы — ідэалягічныя браты.

А беларускія недзяржаўныя мэдыі прапаведуюць якраз дэмакратычныя каштоўнасьці, крытыкуюць аўтарытарызм, бароняць правы чалавека. Свабода слова для Лукашэнкі — большая небясьпека, чым імпэрская пагроза. Таму і судзяць Марыну Золатаву, але не чапаюць расейскія тэлеканалы».

Суд над главным редактором TUT.BY: чего ждать

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(37)