Политика

Карбалевіч: «Сачыце за адмаўленьнямі Лукашэнкі. Шмат што зразумееце»

«Апэрацыя прыкрыцьця». Палітолаг разважае на Радыё Свабода пра заяву Лукашэнкі наконт Канстытуцыі.

Аляксандар Лукашэнка, наведваючы менскі шпіталь нумар 6, выказаўся наконт канстытуцыйнай рэформы. «Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду», — сказаў ён.

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Сяргеем Лаўровым. Менск, 26 лістапада

Ня першы раз Лукашэнка выказвае падобную думку — што новая Канстытуцыя патрэбная для новага прэзыдэнта. Напрыклад, 1 сакавіка 2019 году, падчас «Вялікай размовы», ён казаў, што зьмены ў Асноўным законе павінны адбыцца пасьля бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбараў.

Яшчэ Лукашэнка тлумачыў, што новую Канстытуцыю ён рыхтуе для свайго пераемніка, паўнамоцтвы якога будуць абмежаваныя. Бо, маўляў, нельга абы-каму давяраць такую вялізную ўладу.

Цяпер Лукашэнка ўсё гэта паўтарыў. Прычым у момант, калі ў краіне адбываецца рэвалюцыя. Аднак тыя пляны, якія зьявіліся 1-2 гады таму, ён мяняць не зьбіраецца.

На што варта зьвярнуць увагу? Пра канстытуцыйную рэформу шмат разважаюць высокія чыноўнікі, дзяржаўныя мэдыя, шмат разоў падымаў гэтую тэму і міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Аднак за гэтыя месяцы ніякага афіцыйнага праекту новага варыянту Канстытуцыі ў публічнай прасторы не зьявілася. Усё адбываецца ў глыбокай таямніцы.

Няма і ніякага графіку канстытуцыйнай рэформы. Незразумела, хто будзе зацьвярджаць новую Канстытуцыю, калі, ці будзе рэфэрэндум па гэтым пытаньні, зь якой даты яна ўступіць у дзеяньне, калі адбудуцца новыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Адказаў на гэтыя пытаньні няма.

Дарэчы, адсутнасьць дакладнага альгарытму транзыту — гэта адзін з праблемных момантаў у беларуска-расейскіх адносінах. Бо, гледзячы па ўсім, Лукашэнка абяцаў Пуціну ў Сочы, што дзеля заспакаеньня беларускага грамадзтва неадкладна прапануе беларусам такі графік. Цяпер Лукашэнка ад гэтага ўхіляецца.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у дзяржаўных установах, аблвыканкамах зьявіўся нейкі варыянт праекту Асноўнага закону. Але зьмены ў органах дзяржаўнага кіраваньня там мінімальныя, паўнамоцтвы прэзыдэнта застаюцца амаль нязьменнымі. З выступу Лукашэнкі ў шпіталі вынікае, што ён супраць нават такой нявіннай прапановы, як пераход да прапарцыйнай сыстэмы выбараў. Маўляў, яна будзе расколваць грамадзтва. Таму становіцца больш зразумелай ягоная рэпліка на нарадзе 16 лістапада, што «Канстытуцыю ламаць ня трэба».

Атрымліваецца, што ўся гэтая гульня ў канстытуцыйную рэформу вядзецца дзеля адцягваньня ўвагі ад галоўнага пытаньня, якое спараджае палітычны крызіс у краіне — пытаньня пра легітымнасьць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта такая апэрацыя прыкрыцьця, дымавая заслона.

І яшчэ адна важная рэпліка ад Лукашэнкі: «Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду. Таму супакойцеся, спакойна гэта пераносьце. І я ніколі не дапушчу таго, каб, прымаючы новую Канстытуцыю, хтосьці сфальшывіў ці потым выбары па новай Канстытуцыі хтосьці сфабрыкаваў».

Гэта асаблівасьць палітычнага стылю Лукашэнкі — выказваць цьверджаньне ў форме адмаўленьня. Калі б ён яшчэ не казаў пра недапушчальнасьць фабрыкацыі выбараў, то, можа, яшчэ хтосьці і даў бы веры, што Канстытуцыю ён пад сябе ня робіць. А так — сачыце за адмаўленьнямі Лукашэнкі. Шмат што зразумееце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(76)