Карбалевіч: Рэакцыя Газпрому аказалася ня тая, якой чакалі ў Менску

Увядзеньне часовай адміністрацыі ў «Белгазпрамбанку» азначае, што афіцыйны Менск бярэ ў закладнікі цэлы банк дзеля вядзеньня торгу з Газпромам, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску

Інфармацыя пра магчымую зьмену кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» рашэньнем беларускіх уладаў зьявілася яшчэ 11 чэрвеня, калі туды прыйшлі зь ператрусам супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Гэта быў сыгнал уласьнікам, то бок Газпрому, тэст. Хацелі паглядзець на іх рэакцыю. Рэакцыя аказалася ня тая, якой чакалі ў Менску.

І тады 14 чэрвеня Нацбанк пастанавіў увесьці ў «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю, памяняць кіраўніцтва. Што груба парушае беларускія законы і міжнароднае права.

Бо паводле заканадаўства на такое рашэньне Нацбанк можа пайсьці толькі пры ўмове, што банк апынуўся ў стане банкруцтва, ягоны фінансавы стан нясе пагрозу ўкладчыкам і трэба прадухіліць банкаўскі крызіс. А тут зусім ня той выпадак. «Белгазпрамбанк» у добрым стане, мае стабільны прыбытак, акцыянэры задаволеныя. А крымінальная справа ня можа быць падставай для зьмены кіраўніцтва.

Інакш кажучы, расейскага ўласьніка (Газпром) пазбавілі права кіраваць сваім банкам. Гэта значыць, улады ажыцьцявілі часовы захоп чужой уласнасьці, часовую нацыяналізацыю.

«Не надо объяснять, какую роль для Кремля играет Газпром. Последствия будут»

І гэты крок беларускіх уладаў ніяк не выцякаў з спэцапэрацыі па нэўтралізацыі суперніка Лукашэнкі на выбарах Віктара Бабарыкі. Бо яе сэнс палягае ў чорным піяры, дыскрэдытацыі апанэнта. Крымінальная справа — толькі інструмэнт для дасягненьня згаданай мэты. І дзеля гэтага не было неабходнасьці ў такім радыкальным кроку.

Тады навошта Лукашэнка пайшоў на беспрэцэдэнтную акцыю, на канфлікт з Газпромам, на рызыку распудзіць усіх замежных інвэстараў?

На мой погляд, гэтае рашэньне варта разглядаць як ход у зацяжным канфлікце з Газпромам. Цяпер паміж Менскам і расейскай манаполіяй існуюць аж два канфліктныя вузлы. Па-першае, беларускі бок патрабуе перагледзець цэны на газ для Беларусі на 2020 год. У зьвязку з тым, што ўсясьветныя газавыя цэны ўпалі, Менск патрабуе перагледзець падпісаны кантракт, паводле якога Беларусь плаціць 127 даляраў за 1 тыс куб. м. Газпром жа адмаўляецца ісьці насустрач саюзьніку.

Па-другое, расейскі бок патрабуе ад Менску вярнуць доўг у памеры 166 мільёнаў даляраў. Беларускі бок, у сваю чаргу, адмаўляе наяўнасьць гэтага доўгу.

І цяпер Лукашэнка выкарыстоўвае свой фірмовы прыём пры падобных канфліктах. Ён бярэ закладнікаў. Падчас працяглага канфлікту афіцыйнага Менску з Захадам у такой ролі выступалі палітвязьні. У 2013 годзе падчас канфлікту з расейскай кампаніяй «Уралкалій» у закладнікі быў узяты гендырэктар гэтай кампаніі Ўладзіслаў Баўмгертнэр. Яго арыштавалі ў Менску, калі ён прыехаў на перамовы.

Цяпер у ролі закладніка апынуўся цэлы банк. Маўляў, спадар Мілер (старшыня праўленьня Газпрома), давайце пагаворым і пра цэны на газ, і пра доўг.

Зь беларускага боку гульня рызыкоўная. Але раней такая мэтода давала патрэбны вынік. Невядома, як яно атрымаецца гэтым разам. Найбольш цікавае цяпер пытаньне — ці рызыкне Лукашэнка ехаць у Маскву на парад 24 чэрвеня?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(129)