Политика

Карбалевіч: Расея не адмяняе датацыі аднамомантна, а скарачае іх паступова

Валер Карбалевіч піша на Свабодзе пра сухі астатак перамоваў у Сочы.

Напярэдадні перамоваў у Сочы Лукашэнка ацаніў іх як «нейкі момант ісьціны». Але такая пастаноўка пытаньня была як раз актуальная для Беларусі. Бо ў афіцыйнага Менску проста не было іншага выйсьця, як дамаўляцца па нафце і газу, таму што без расейскіх энэргарэсурсаў сёньня Беларусь доўга трываць не можа. А сур’ёзнай альтэрнатывы расейскім энэргарэсурсам хутка знайсьці немагчыма. Пуціну ж, наадварот, сьпяшацца не было куды, ён мог пачакаць, калі кліент сасьпее.

Гледзячы па таму, як доўга чакалі чальцоў расейскага ўраду, каб пачаць зьмястоўныя перамовы, а таксама прааналізаваць склад дэлегацыяў з абодвух бакоў, то можна прыйсьці да высновы, што на парадку дня ў асноўным былі пытаньні нафты і газу. Тэму «паглыбленьня інтэграцыі», здаецца, адхілілі ў бок. Магчыма, часова. Варта зьвярнуць увагу, што на перамовах не было прэм’ераў. А менавіта прэм’еры Румас і Мядзьведзеў былі галоўнымі куратарамі тых дарожных карт інтэграцыі. Цяпер гэты файл завіс.

Калі вяртацца да тэмы энэргарэсурсаў, то тут можна было б сказаць, што перамовы былі выніковымі. У тым сэнсе, што зьявілася нейкая яснасьць.

Але ці можна на падставе гэтых выніках сказаць, што наступіў момант ісьціны? Калі б Расея жорстка стаяла на пазыцыі пераходу да рынкавых цэнаў на нафту і газ, не саступіла ні на ёту, то можна было б рабіць выснову, што схема — эканамічная дапамога ў абмен на палітычную ляяльнасьць — закончылася і пачынаецца новая гісторыя ўзаемаадносін, жыцьцё без расейскіх датацый.

А калі б Лукашэнку ўдалося ўламаць Пуціна пайсьці на новыя зьніжкі па нафце і газу, то тады варта было б гаварыць, што шантаж альтэрнатыўнай нафтай і Пампэо атрымаўся, і што меў рацыю расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі, які ў інтэрвію Свабодзе сьцьвярджаў, нібыта Масква вымушаная будзе капітуляваць перад чарговым напорам Лукашэнкі.

Аднак атрымалася ні тое, ні другое. Вынік нейкі прамежкавы. Па нафце Расея не пайшла на саступкі. Таму, відаць, давядзецца беларускаму боку купляць нафту ў расейскіх кампаній з прэміяй. І страты, панесеныя Беларусьсю ад недапаставак нафты з пачатку году, былі дарэмныя. Тут Лукашэнка пралічыўся.

А вось што тычыцца газу, то тут Расея саступіла. У інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы» Лукашэнка казаў, што Пуцін настойвае на цане ў 152 даляры за 1 тысячу кубамэтраў. Перад новым годам кантракт быў заключаны толькі на два месяцы.

Гэта сьведчыць пра тое, што цана 127 даляраў «Газпром» не задавальняла. І пытаньне стаяла так: альбо згода на «паглыбленьне інтэграцыі», альбо цана ў 152 даляра. Тым больш, што па газу (у адрозьненьні ад нафты) пра ніякую альтэрнатыву пытаньне нават не ставілася. Але тут Крэмль саступіў, пагадзіўся прадаваць газ на ўмовах 2019 году, то бок, па 127 даляраў. Гэта невялікі посьпех афіцыйнага Менску.

Як вядома сапраўдны кампраміс — гэта калі абодва бакі засталіся незадаволенымі. Тут як раз наш выпадак. І гэта азначае, што Расея не адмяняе датацыі аднамомантна, а скарачае іх паступова. Так што пераход да кашы з вадой, якую Пуцін прапанаваў Лукашэнку ў Сочы напачатку перамоваў, расьцягваецца на нейкі пэрыяд. У беларусаў ёсьць час адаптавацца да новай стравы.

Класковский: «Лукашенко продолжили выкручивать руки»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(9)