Карбалевіч: «Прысутнасць расійскіх войск вельмі непрыемная для Лукашэнкі, наменклатуры і сілавых структур, бо ўзнікае пытанне: а хто ж гаспадар у гэтай краіне?»

Што вырашаюць мабілізацыйныя дзеянні ў Беларусі і ці можа НАТА рэальна напасці на Беларусь?

— Зразумела, што гэтыя мабілізацыйныя мерапрыемствы, якія ладзяцца цяпер у Беларусі, калі ваеннаабавязаных выклікаюць у ваенкаматы для перарэгістрацыі ці на зборы — гэта сітуацыя анамальная і з’яўляецца часткай агульнай палітыкай беларускага палітычнага кіраўніцтва, — кажа Валеры Карбалевіч у інтэрв’ю «Радыё Св*бода».

Валеры Карбалевіч

На думку палітолага, гэтыя захады закліканы вырашаць некалькі праблем:

— Першая — гэта стварэнне сітуацыі крэпасці ў аблозе. Гэта класіка для любых недэмакратычных аўтарытарных рэжымаў, калі трэба стварыць сітуацыю, што вакол ворагі: і звонку, і ўнутры. І дзеля гэтага трэба мабілізацыя ўласнага электарату, дзяржапарату, сілавых структур і палітычныя рэпрэсіі супраць апанентаў.

Такім чынам яны лёгка апраўдваюцца: калі сітуацыя амаль вайны, то з апанентамі паступаюць вельмі жорстка.

Другі момант — гэта дэманстрацыя лаяльнасці Расіі: глядзіце, мы вас падтрымліваем, мы тут на варце. Гэта нейкае апраўданне знаходжання тут расійскіх войск. І таму прыдумана гэтая дзіўная гісторыя пра разгортванне адзінай беларуска-расійскай групоўкі. Трэба неяк легітымізаваць прысутнасць расійскіх войск, бо яна вельмі непрыемная для Лукашэнкі, наменклатуры і сілавых структур, бо ўзнікае пытанне: а хто ж гаспадар у гэтай краіне? Ці сапраўды Лукашэнка?

Яшчэ адна задача, якая выконваецца гэтымі мерапрыемствамі на думку Карбалевіча, гэта нейтралізацыя тых пагроз, якія беларускія кіраўнікі бачаць ад палка Каліноўскага і іншых беларускіх вайсковых фармаванняў на тэрыторыі Украіны.

— Як гэта не дзіўна, гэта выклікае сур’ёзныя перасцярогі. Пра гэтае гавораць услых: Лукашэнка ўжо некалькі разоў казаў пра гэтых баевікоў, пра іх кажуць і кіраўнікі сілавых структур. Таму нейтралізацыя магчымых пагроз з боку гэтых фармаванняў — таксама адна з задач ва ўсёй гэтай мілітарысцкай ліхаманкі.

Палітолаг таксама адзначае, што напад з боку НАТА на Беларусь проста немагчымы. І тлумачыць, чаму.

— Напад на тэрыторыю, на якой знаходзяцца расійскія войскі, будзе азначаць прамое ваеннае сутыкненне НАТА з Расіяй. Менавіта гэтага сутыкнення ўсе заходнія краіны і НАТА імкнуцца пазбегнуць, пачынаючы ад пачатку вайны ва Украіне і нават раней.

Навошта краінам НАТА і краінам заходняга свету, якія жывуць ва ўмовах спажывецкага грамадства, якім добра, утульна, з кімсьці ваяваць?

Ваяваць хочуць тыя краіны, у якіх ёсць нейкія праблемы з узроўнем жыцця, ідэалогіяй, якія ёсць сёння ў Расіі.

Другое — ваяваць з ядзернай краінай, гэта элементарнае самазагубства. Ні адзін з кіраўнікоў заходніх краін не падобны на самагубцу.

І трэцяе: навошта ваяваць, калі ў краін Захаду ёсць такая добрая зброя як эканоміка? Тое, што яны зараз робяць, яны проста адключаюць Расію ад глабальнай эканомікі, і гэта прынясе больш значную шкоду для Расіі, чым нейкія баявыя дзеянні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(10)