Филин

Юлія Кот

Карбалевіч: «Прэзідэнцкая кампанія — гэта галоўны чыннік. Менавіта пад яе выбіраўся чалавек, які ўзначаліць Адміністрацыю»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч — пра невідавочныя, але важныя чыннікі кадравых перастановак у беларускай уладзе.

Прыканцы чэрвеня Аляксандр Лукашэнка зладзіў вялікія кадравыя перастаноўкі: вызначыўся з кіраўніком сваёй адміністрацыі, змяніў міністра замежных спраў і пасла Беларусі ў РФ, а таксама прыцягнуў з запаснікаў «старую гвардыю».

Так, кіраўніком знешнепалітычнага ведамства стаў Максім Рыжанкоў, якому правіцель даручыў «прывесці МЗС у прытомнасць і страсянуць». Верагодна, Сяргей Алейнік, якога адправілі сенатарам у Савет Рэспублікі, не задаволіў чаканні Лукашэнкі?

Экс-пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой узначаліў адміністрацыю Лукашэнкі, але захаваў паўнамоцтвы — або адказнасць? — за «рэалізацыю ўсіх дамоў па РФ». Прычым яму дазволена «падказваць, а дзесьці і падштурхоўваць» новага пасла, кантраляваць тыя ці іншыя працэсы. Экс-міністру прамысловасці Аляксандру Рагожніку застаецца, падобна, на ўсю моц прасоўваць беларускі экспарт і супрацоўнічаць з расійскімі рэгіёнамі.

На «расстрэльную» пасаду міністра сельскай гаспадаркі (а пры Лукашэнку іх змянілася ўжо 17, і многіх здымалі праз скандалы) быў прызначаны Анатоль Ліневіч, які раней працаваў намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама.

Адной з нечаканасцяў стала вяртанне Наталлі Пяткевіч — экс-прэс-сакратарка правіцеля ўжо працавала намесніцай у ягонай адміністрацыі, але пазней у беларускай палітыцы заўважаная не была і нават не жыла ў краіне.

Як патлумачыць цяперашні кадравы пасьянс і што значаць фігуры ў ім, Филин спытаў у палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Валера Карбалевіча.

Валер Карбалевіч

— Прызначэнне Дзмітрыя Крутога кіраўніком адміністрацыі, якая даволі доўга заставалася без галавы, некаторыя палічылі ледзьве не прызначэннем магчымага пераемніка. На ваш погляд, што яно значыць насамрэч? Наогул, гэта рашэнне больш Мінска ці Масквы?

— Гэта рашэнне Мінска — кадравая палітыка ў Беларусі, гэта прэрагатыва Лукашэнкі. Па вялікім рахунку, Масква не ўмешваецца ў гэтыя рэчы.

Вакантнай гэта пасада была насамрэч са студзеня: як толькі Сергяенка пачаў удзельнічаць у выбарчай кампаніі, стала зразумела, што ён больш не працуе ў адміністрацыі, нават на нарадах не прысутнічаў.

Чаму месца пуставала амаль паўгода? Бо гэтая пасада вельмі адказная ў тым плане, што кіраўнік Адміністрацыі — чалавек, адказны за прэзідэнцкую кампанію 2025 года, падчас якой Лукашэнка плануе зноў балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Яму вельмі дорага абышлася прэзідэнцкая кампанія-2020, якую праваліў Сергяенка.

Пасля перажытай драмы,  стрэсу ён не хоча паўтарыць памылак — таму доўга шукаў, выбіраў і нарэшце, выбраў Дзмітрыя Крутога. Які, акрамя таго, што мае досвед працы і віцэ-прэм’ерам, і намеснікам кіраўніка Адміністрацыі — то бок, мае менеджарскія здольнасці, — яшчэ і прыехаў з Масквы, значыць, мае кантакты і сувязі ў крамлёўскіх чыноўнікаў. І гэта таксама важна — бо ён зможа, як лічыць Лукашэнка, забяспечыць расійскую падтрымку гэтай прэзідэнцкай кампаніі.

Такім чынам, прэзідэнцкая кампанія — гэта галоўны чыннік, галоўная падзея. Менавіта пад яе выбіраўся чалавек, цяжкавагавік у беларускай палітыцы, які ўзначаліць Адміністрацыю. На гэтым я ставіў бы кропку і не ішоў далей у развагах наконт пераемніка. Таму што пытанне пра пераемніка патрэбна тады, калі Лукашэнка збіраўся б сыходзіць. А ён нікуды сыходзіць не збіраецца, таму пытанне пераемніка на дадзены момант проста неактуальнае.

— За Крутым застаўся кантроль на расійскім кірунку і магчымасць падштурхоўваць цяперашняга пасла  — гэта таксама пра тое, каб забяспечыць расійскую падтрымку на будучых выбарах?

— Акрамя таго, пакуль новы амбасадар не ўвойдзе ў курс справы, дапамагаць яму — тут таксама логіка больш-менш зразумелая.

— Як вы ацэньваеце ракіроўку Алейнік-Рыжанкоў і патрабаванне «страсянуць МЗС»?

— Зараз кажуць, што Алейнік быў слабы міністр і так далей. Але я б сказаў так: якая замежная палітыка, такі і міністр. Знешняя палітыка апошніх гадоў — слабая, у асноўным скіраваная на расійскія рэгіёны: гэтыя бясконцыя візіты расійскіх губернатараў, сустрэчы  з імі — вось гэта цяпер асноўны кірунак.

Адносіны з Захадам замарожаныя, і размарозіць іх не атрымалася. Забяспечыць эфектыўнасць знешнепалітычных візітаў Лукашэнкі таксама не атрымліваецца — пасля гэтых візітаў эканамічныя адносіны з тымі краінамі, у якія ездзіў Лукашэнка, не вельмі моцна паляпшаюцца. Ну, а хто вінаваты? МЗС, натуральна.

Праблема ж не столькі ў МЗС, а ў той сітуацыі, у якой сёння жыве дзяржава Беларусь. У  тым палітычным рэжыме, якія стварыў краіне рэпутацыю ізгоя, у самой прыродзе гэтага рэжыму пасля 2020 года. Не думаю, што Рыжанкоў неяк моцна памяняе гэты вектар.

— Тое, што з калоды давялося даставаць Наталлю Пяткевіч, пра якую амаль 10 год не было чуваць у палітыцы, можа сведчыць, што ў рэжыму вельмі кароткая лаўка запасных, ці ёсць іншыя чыннікі?

— Так, лаўка запасных кароткая. Апроч таго, Лукашэнка час ад часу вяртае на пасады тых, хто праштрафіўся і каго ён са скандалам адправіў у адстаўку — і Заяц, і Русы ў свой час былі адпраўленыя ў адстаўку, потым іх зноў прызначалі. Вось цяпер бачым чарговы прыклад.

Магчыма, Лукашэнка лічыць, што людзі, якія трапляюць у апалу, будуць больш адданыя, будуць больш старанна і эфектыўна працаваць — мяркую, прыблізна такая логіка можа дзейнічаць.