Политика

Таццяна Гусева

Карбалевіч: прамова Лукашэнкі па-беларуску – адказ на прапанову аб аб’яднанні з Расіяй

Палітолаг патлумачыў, чаму кіраўнік дзяржавы не размаўляе па-беларуску, і якія сігналы ён паслаў грамадству і Расіі, выступіўшы на беларускай мове.

Упершыню за апошнія 5 год Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да народу па-беларуску. Гэта адбылося на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» 9 студзеня.

Як заўважыў пісьменнік Сяргей Навумчык у Фэйсбуку, так доўга (2 хвіліны) Лукашэнка не прамаўляў па-беларуску з моманту выступу на Дзень Незалежнасці 27 ліпеня 1994-га.

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч нагадвае: апошні раз Лукашэнка выступаў на беларускай мове падчас Дня незалежнасці ў 2014 годзе, калі пачалася расійская аперацыя ва Ўкраіне.

– Тады гэта расцанілі як спробу абароны ад рускага свету, як спробу ўмацавання беларускай незалежнасці, – узгадвае суразмоўца «Салідарнасці». – Цяпер зноў падобная сітуацыя. Расія патрабуе будаўніцтва саюзнай дзяржавы, больш шчыльнай інтэграцыі, увязваючы гэта з эканамічнай дапамогай. І Лукашэнка зноў загаварыў па-беларуску.

На сённяшняй нарадзе, дзе абмяркоўвалася сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 2019 годзе, кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг непрыемных жэстаў у адрас Расіі, даў зразумець, што калі хоча Расія страціць саюзніка на заходнім кірунку – ну, няхай. Таксама Лукашэнка патрабаваў кампенсаваць страты, якія Беларусь панясе ад падатковага манеўру. Думаю, што гэта невыпадкова. Гэта такі самы крок, як і ў 2014 годзе, – спроба даць сігнал беларускаму грамадству, што незалежнасць непарушная, і сігнал Расіі таксама – што Беларусь будзе гэтую незалежнасць бараніць.

Разам з тым Валер Карбалевіч мяркуе, што выступ Лукашэнкі на нарадзе даволі супярэчлівы.

– З аднаго боку ён кажа, што ніякага аб’яднання няма. З іншага – узгадвае тую дамову аб Саюзнай дзяржаве, якая прадугледжвае стварэнне канстытуцыйнага акта, сумесныя органы кіравання. Ён як бы і не супраць гэтай Саюзнай дзяржавы і дамовы, але кажа, што менавіта Расія адмовілася ў свой час яе будаваць. Па сутнасці інтэграцыя па мадэлі саюзнай дзяржавы азначае страту значнай часткі дзяржаўнага суверэнітэту.

На думку Карбалевіча, прамову Лукашэнкі па-беларуску на ўчарашняй цырымоніі можна расцэньваць як адказ на прапанову Расіі аб аб’яднанні ў Саюзную дзяржаву

Ці варта пасля яе чакаць нейкіх зменаў у моўнай палітыцы?

– Калі ўсё абмяжуецца адзіным выступам, не думаю, што нешта будзе мяняцца. Калі ж гэтыя выступы будуць часцей і будуць нейкія канкрэтныя намёкі, што трэба ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць, можна чакаць нейкіх перамен. А пакуль мы бачым толькі частку выступу па-беларуску, таму я б пачакаў, перш, чым рабіць нейкія далёкасяжныя высновы.

Палітолаг таксама патлумачыў, чаму Лукашэнка так рэдка выступае па-беларуску.

– Па-першае, ён не валодае беларускай мовай. Ён толькі можа чытаць, а прамаўляць па-беларуску не можа. Па-другое, большасць насельніцтва Беларусі размаўляе на рускай мове, таму ён гаворыць на адной мове з электаратам.

Акрамя гэтага, ёсць яшчэ шэраг прычын.  Лукашэнка не хоча дражніць Расію. Пераход на беларускую мову стане прызнаннем палітычнай і гістарычнай рацыі ягоных палітычных апанентаў – БНФ, у перамозе з якімі ён атрымаў ўладу. Курс на пад’ём беларускага нацыяналізму азначае мабілізацыю грамадства, а Лукашэнка вельмі баіцца мабілізацыі, наадварот, яго задавальняе сітуацыя апалітычнасці, апатычнасці, дэмабілізацыя грамадства. З гэтых прычынаў ён не хоча чапаць гэтую тэму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(33)