Карбалевіч: «Напужаны былі і праціўнікі Лукашэнкі, і яго прыхільнікі — страх распаўсюдзіўся на ўсё грамадства»

Палітолаг — пра пачуццё, якое стала вынікам вайны.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

За паўгода вайны ва Ўкраіне можна зрабіць вынік, што галоўнай рэакцыяй беларускага грамадства стаў страх, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

— Страх вайны і страх таго, што Беларусь будзе ў яе непасрэдна ўцягнутая, ці то беларускія вайскоўцы будуць ваяваць, ці то вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі, — адзначыў палітолаг у эфіры Св*бода Premium. — Я думаю, што гэты страх распаўсюдзіўся на ўсё грамадства незалежна ад палітычных поглядаў.

Напужаны былі і праціўнікі Лукашэнкі, і яго прыхільнікі. І тыя сацыялагічныя апытанні, якія былі праведзены за гэты час, паказваюць, што для беларусаў гэта чужая вайна. Яны яе не хочуць, яны не хацелі б, каб яна датычылася Беларусі. Мне здаецца, гэта галоўная рыса рэакцыі беларускага грамадства.

Карбалевіч таксама адзначыў, што менавіта вайна стала апошняй кропкай для дэмакратычнага руху беларусаў у вызначэнні геапалітычнага пытання.

— У 2020 годзе пратэст аб’яднаў людзей з рознай геапалітычнай арыентацыяй, і лідары пратэсту спрабавалі ўтрымацца ў такім коле, спрабавалі вынесці геапалітыку за дужкі і ўвогуле не вылучаць гэтае пытанне на першы план, каб не расколваць пратэст.

Але чым далей, тым больш канфлікт паміж Расіяй і Захадам узмацняўся. Захад ясна і паслядоўна падтрымліваў пратэст, апазіцыю, Расія таксама паслядоўна і рашуча падтрымала рэжым Лукашэнкі.

І супрацьстаянне Расіі з Захадам, якое ўзмацнялася з кожным месяцам, непазбежна павінна было прывесці да таго, што геапалітыка выступіць на першы план. І геапалітычны раскол паміж апазіцыяй і ўладай быў проста непазбежны.

А вайна як бы давяршыла і паставіла вялізны клічнік у гэтым пытанні. Я думаю, што проста ў беларускай апазіцыі не было іншага выбару, не было магчымасці застацца пасярэдзіне і казаць, што мы нейтральныя, — падкрэсліў палітолаг.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(20)