Карбалевiч: «Мы назіраем цікавы фэнамэн»

Палiтолаг – пра дыпляматычны казус.

– Лукашэнка прыняў даверчыя лісты шасьці замежных амбасадараў. Краін Эўразьвязу і ЗША сярод іх няма, – пiша Валер Карбалевiч. – Мы назіраем цікавы дыпляматычны фэнамэн. Заходнія краіны маюць амбасадараў у Беларусі, аднак не прызнаюць легітымнасьць ўлады, якая кіруе дзяржавай.

Сытуацыя даволі рэдкая. Яна здараецца тады, калі ў нейкай краіне адбываюцца драматычныя падзеі, якія вельмі нэгатыўна ўспрымаюцца міжнароднай грамадзкасьцю.

Напрыклад, падобная сытуацыя існавала ў Расеі пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 году. Шэраг заходніх краін не прызнала законнасьці гэтай падзеі, аднак амбасады захавала і праз іх кантактавала з новай савецкай уладаю.

Так цяпер і ў Беларусі. Прыязджаюць новыя амбасадары краін ЭЗ, аднак ўручаюць копіі даверчых лістоў толькі кіраўніку МЗС Уладзімеру Макею. А Лукашэнку ўручаць адмаўляюцца, бо не прызнаюць яго прэзыдэнтам.

На практыцы гэта азначае, што, паводле дыпляматычных правілаў, гэтыя амбасадары ў пэўным сэнсне абмежаваныя ў правах, яны не могуць паўнавартасна выконваць свае абавязкі. Такі дыпляматычны казус.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:75)