Была зроблена спроба памяняць сацыяльную структуру грамадзтва. Справа ў тым, што асноўнай рухаючай сілай пратэсту былі людзі, якія працавалі ў недзяржаўным сэктары.
Карбалевіч: Магчыма ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю ці не?
З падзеяў 2020 году ўлады зрабілі выснову: каб яны не паўтарыліся, патрэбная перабудова, таталітарная трансфармацыя ўсёй сыстэмы, беларускай сацыяльнай мадэлі, зьмена прыроды палітычнага рэжыму. Да чаго гэтыя зьмены могуць прывесьці? Пра гэта Валер Карбалевіч піша на Радыё Свабода.
Чаму спатрэбілася трансфармацыя сыстэмы
Зьвяртае на сябе ўвагу, што Аляксандар Лукашэнка, з кім бы ні сустракаўся, на якія б тэмы ні праводзіў нарады, увесь час зьвяртаецца да падзей 2020 году. Ня толькі для апазыцыі, але і для яго тыя падзеі сталі своеасаблівым пунктам адліку беларускай гісторыі. Не 1994 год, калі ён стаў прэзыдэнтам, а менавіта 2020-ы. І гэта вельмі адметна.
Масавыя пратэсты цягам некалькіх месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сталі пэўным землятрусам для беларускай сацыяльнай мадэлі. І тут важныя высновы, якія зрабілі Лукашэнка і ягонае атачэньне з тых падзей.
Афіцыйны канцэпт, які актыўна трансьлюе дзяржаўная прапаганда, палягае ў тым, што тое быў мяцеж, інсьпіраваны Захадам. Маўляў, ніякіх унутраных падстаў для забурэньняў не было, сыстэма здаровая, проста заходнія спэцслужбы мабілізавалі купку «мярзотнікаў», якія і вялі рэй на вуліцах.
Аднак тое, што пачалі рабіць улады пасьля тых падзей, сьведчыць пра іншае: насамрэч яны і самі ня вераць у такую вэрсію. Бо калі справа толькі ў невялікай групе бузацёраў, то варта было б толькі арыштаваць гэтых «мярзотнікаў» і «перагарнуць старонку», вярнуцца ва ўмоўны 2019 год.
Але рэжым не абмежаваўся адзінкавымі рэпрэсіямі. Выснова было зроблена іншая: каб тыя падзеі не паўтарыліся, трэба перабудаваць усю сыстэму, беларускую сацыяльную мадэль, зьмяніць прыроду палітычнага рэжыму. Бо ранейшыя мэханізмы і мэтады не забясьпечваюць утрыманьня ўлады.
Фармаваньне таталітарнай сыстэмы
Найперш зьмены тычыліся перабудовы палітычнай сыстэмы. Яна набывае рысы таталітарнай. Ліквідавана ня толькі апазыцыя як інстытут, ня толькі зьнішчаны структуры грамадзянскай супольнасьці, але забаронена іншадумства як прынцып.
Пабудавана клясычная паліцэйская дзяржава. Галоўным элемэнтам палітычнай сыстэмы сталі сілавыя структуры. Праведзена татальная чыстка дзяржаўнага сэктару, адтуль звальняюць усіх неляяльных. Палітычная сыстэма пачала нагадваць савецкую.
Таму адразу ж пасьля спыненьня пратэстаў Лукашэнка даў загад «выразаць бізнэс». Ён сам прызнаўся, што на нейкім этапе абмяркоўвалася пытаньне пра ліквідацыю Парку высокіх тэхналёгій.
Аднак пакуль усё абмежавалася чысткай бізнэс-структур, усталяваньнем жорсткага прэсінгу адносна іх (напрыклад, кантроль цэнаў), значным скарачэньнем цэлых прадпрымальніцкіх сэктараў (IT, аграсядзібы, ІП, рамесьнікі).
Усталёўваецца татальны кантроль дзяржавы ў сацыяльнай, культурнай сфэры.
Фактычна пастаўлена задача, якая ў савецкія часы фармулявалася так: фармаваньне новага чалавека. Уся сыстэма адукацыі, праца ідэалягічнай вэртыкалі скіраваная на выхаваньне лукашыстаў.
Асноўнай задачай школ, каледжаў, унівэрсытэтаў абвешчана не атрыманьне якасных ведаў, а фармаваньне палітычнай ляяльнасьці моладзі. Плюс мілітарызацыя сьвядомасьці.
Галоўнай фігурай у школах сталі «ваенрукі». Пад кіраўніцтвам МУС ствараюцца патрыятычныя клюбы. Інфармацыйную прастору імкнуцца стэрылізаваць, ачысьціць ад «экстрэмісцкіх» мэдыя. Вакуўм беларускай ідэнтычнасьці запаўняецца ідэалёгіяй «рускага сьвету».
Адбыўся геапалітычны разварот ад Захаду, Эўропы ў бок Глябальнага Поўдня. Гэта ня проста зьмена вэктара. Гаворка ідзе пра мэнтальны, каштоўнасны паварот, адмову ад эўрапейскага сьветапогляду, эўрапейскай спадчыны, д’ябалізацыю каштоўнасьцяў, на якіх грунтуецца заходні сьвет.
Лукашэнка імкнецца ўзяць у якасьці ўзору, напрыклад, кітайскую палітычную сыстэму, дзе няма выбараў.
Аднак узьнікае фундамэнтальнае пытаньне, якое на працягу апошніх трох гадоў шмат разоў задавалі палітыкі і экспэрты: ці магчыма ператварыць Беларусь у Паўночную Карэю?
Адказ на яго не такі просты, бо за час, які прайшоў пасьля 2020 году, адбылося шмат працэсаў, якія дасюль лічыліся немагчымымі. Рэжым штораз прабівае новае дно, і ўжо мала што можа шакаваць.
Натуральныя абмежавальнікі
Тым ня менш у працэсе перабудовы сацыяльнай, грамадзка-палітычнай сыстэмы, якую задумаў Лукашэнка, існуюць пэўныя абмежавальнікі.
Вось, напрыклад, чаму Лукашэнка не давёў да рэалізацыі загад «выразаць бізнэс»? Чаму не вярнуў савецкі Дзяржплян, не забараніў увогуле прыватны сэктар? Бо добра разумее, што ў такім выпадку эканоміка пачне падаць.
Гаворка не пра рост, а пра тое, каб хаця б утрымаць статус-кво. У тым жа Кітаі легітымнасьць недэмакратычнай улады кампартыі ўтрымліваецца менавіта дзякуючы эфэктыўнай эканоміцы, бурнаму разьвіцьцю, якое забясьпечваецца бізнэсам.
Не выпадкова Лукашэнка ўвесь час цьвердзіць, што эканоміка — гэта галоўнае, калі б зь ёю было ўсё добра, то і галава б не балела.
Недэмакратычная палітычная сыстэма вядзе да таго, што ўзьнікае праблема зваротнай сувязі паміж уладай і грамадзтвам, рэжым не разумее, што адбываецца ў грамадзкім асяродзьдзі. Адсутнасьць даверу насельніцтва да дзяржаўных інстытутаў дзяржава мусіць кампэнсаваць жорсткімі рэпрэсіямі.
Курс на максымальную палітычную адданасьць кадраў абарочваецца іх невысокім прафэсіяналізмам. Як пісаў расейскі палітоляг Абас Галямаў, «нельга набраць ляяльных і патрабаваць ад іх потым як ад разумных».
Клясычная таталітарная сыстэма прадугледжвае пастаянную палітычную і ідэалягічную мабілізацыю грамадзтва. Гэта калі на сходах працоўных калектываў аднадушна прымаюць рэзалюцыі ў падтрымку ўлады і заклікаюць нішчыць яе апанэнтаў «як шалёных сабак». Так было ў 1937 годзе ў СССР.
Аднак у сёньняшняй Беларусі камунікацыя паміж чыноўнікамі і насельніцтвам адбываецца прыкладна па такой схеме: людзей заганяюць на сход, аўдыторыя моўчкі выслухоўвае выступы ўладных прадстаўнікоў, адбывае нумар і ціха разыходзіцца.
Сам Лукашэнка падчас нарады з рэктарамі ВНУ сёлета ў лютым так ацэньваў ідэалягічную працу з моладзьдзю: «Махровы бюракратызм! Усё для адчэпкі: і моладзевыя арганізацыі, і прафсаюзы, і студэнцкія рады, і іншае!.. Спыніць гэты фармалізм. Нікому нічога „дзеля птушачкі“ ня трэба».
Але па-іншаму не выходзіць. Улады гэта разумеюць, адчуваюць настроі грамадзтва, таму дзейнічаюць паводле прынцыпу: ня трэба нас любіць, абы баяліся.
Але на адным страху мабілізацыю ня зладзіш, тут патрэбна сапраўднае адзінства ўлады і народу. То бок настроі грамадзтва — натуральны абмежавальнік фармаваньня таталітарнай сыстэмы. І яшчэ.
Клясычны таталітарызм патрабуе наяўнасьці ідэалёгіі. А яе няма.
Нядаўна на адной з нарадаў на гэта наракаў Лукашэнка. А без ідэалёгіі як фармаваць «новага чалавека»? На якой ідэйнай глебе? На тым, што Лукашэнка павінен валадарыць вечна, бо вакол ворагі? Ці на аповедах пра генацыд беларускага народу падчас вайны?
Ёсьць таксама нейкія межы, якія акрэсьліваюцца культурай, мэнталітэтам, калектыўным бесьсьвядомым. Паводле праваабаронцаў, пачынаючы з 2020 году ў выніку рэпрэсій у Беларусі загінулі каля двух дзясяткаў чалавек. Для параўнаньня: у М’янме вайсковая хунта падчас здушэньня пратэстаў пасьля дзяржаўнага перавароту 2021 г. забіла звыш 21 тысячы чалавек.
У Іране падчас пратэстаў 2022–2023 гадоў былі забітыя каля 470 дэманстрантаў, а сьмяротных прысудаў, паводле дадзеных праваабаронцаў, было вынесена каля 100. Паводле ацэнкі Генпракуратуры Казахстану, за час пратэстаў у краіне ў студзені 2020 году загінулі ня менш як 225 чалавек.
У Беларусі так масава апанэнтаў не расстрэльваюць, сьмяротную кару «за палітыку» пакуль не прысуджаюць. Магчыма, таму, што ў гэтым няма патрэбы: дзеля ўтрыманьня ўлады дастаткова і таго ўзроўню рэпрэсій, які ёсьць. Але, верагодна, ёсьць і пэўныя культурныя перашкоды.
Расстрэльваць людзей (ці, напрыклад, калечыць, катаваць, адразаць вушы) толькі за тое, што яны ня любяць Лукашэнку, неяк не ўспрымаецца беларускай сьвядомасьцю. І з гэтым даводзіцца лічыцца.
І з замежнай палітыкай ня ўсё так проста. Усход і Поўдзень замест закрытай Эўропы ўспрымаюцца грамадзтвам з пэўнай доляй скептыцызму. Гаворка нават не пра эканамічныя і лягістычныя чыньнікі. Усё ж мэнтальна беларусы бліжэйшыя да Эўропы.
Нарэшце, яшчэ адна праблема, якая можа стаць праз пэўны час галоўнай. Рэжым асабістай улады, пэрсаналісцкі рэжым ператварыць у таталітарны цяжка з той прычыны, што час яго існаваньня абмяжоўваецца часам фізычнага жыцьця ўладара. Гэта натуральны абмежавальнік.
Бо няма мэханізму транзыту ўлады. Асабліва цяпер, калі фізычны стан Лукашэнкі выклікае пытаньні.
Як вядома, сапраўдны таталітарызм павінен сягаць у вечнасьць, за далёкі часавы гарызонт (камунізм, «тысячагадовы райх»). А тут невядома, колькі гадоў яшчэ пакіруе Лукашэнка, чым скончыцца вайна ва Ўкраіне, ад выніку якой шмат што залежыць.
І ніхто ня ведае, што будзе пасьля. Вось гэтае адчуваньне часовасьці, магчымасьці хуткіх перамен наперадзе таксама выяўляецца моцным абмежавальнікам фармаваньня сталага і стабільнага таталітарызму.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное