Карбалевіч: Лютая жорсткасць на Маршы звязана з візытам Лукашэнкі ў СІЗА КДБ

Палітолаг патлумачыў, чаму ўлады дзейнічалі асабліва брутальна падчас нядзельнай акцыі.

«Сёньня дзеяньні супрацоўнікаў МУС зьяўляюцца асабліва брутальнымі, — піша Валер Карбалевіч. — Акрамя актыўнага ўжываньня вадамётаў, сьветлашумавых гранат, амапаўцы жорстка зьбіваюць людзей дубінкамі, не шкадуюць нават ляжачых. Зноў зьявіліся параненыя. Узровень жорсткасьці, дэманструемай сілавікамі, нагадвае  першыя трое сутак пасьля выбараў.

Гэта зусім не выпадкова. І тут ёсьць наўпроставая сувязь з учорашнім візытам Лукашэнкі ў СІЗА КДБ. Справа ў тым, што гэты візыт быў ацэнены незалежнымі мэдыямі і экспэртамі як праява слабасьці, як параза. Маўляў, пад ціскам масавых пратэстаў быў вымушаны пайсьці на саступкі народу.

Тут справа не толькі ў тым, што Лукашэнка панічна баіцца выглядзець слабым. Гэта разбурае ягоны вобраз крутога мужыка. Насамрэч візыт ў турму стаў дрэнным сыгналам для ягоных прыхільнікаў, намэнклятуры. Маўляў, «бацька» садзьмуўся.

Каб нэйтралізаваць такое ўражаньне, кампэнсаваць учорашнюю саступку, сёньня Лукашэнка спрабуе дэманстраваць сілу адзіным зразумелым яму спосабам: лютай жорсткасьцю».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(92)