Политика

Карбалевіч: «Лукашэнка вельмі баяўся падацца слабым – цяпер усё памянялася»

Чаму ён не баіцца страціць статус самастойнага палітыка?

— Падчас выступу з пасланьнем Аляксандар Лукашэнка чарговым разам прапанаваў Захаду дамаўляцца, — пiша палiтолаг Валер Карбалевіч. — Натуральна, гэта ня выклікала ніякай зваротнай рэакцыі. І таму, што ўмовы, вылучаныя ЭЗ і ЗША для пачатку сур’ёзных перамоваў, вядомыя (спыніць рэпрэсіі, пачаць унутраны дыялёг пра выхад з крызісу). І таму, што Лукашэнка зрабіў сваю прапанову ў выглядзе шантажу, пагрозаў, — маўляў, давайце дамаўляцца, а то будзе горш для вас.

Але ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які цяпер абцяжарвае магчымасьць нейкага дыялёгу паміж афіцыйным Менскам, з аднаго боку, і Брусэлем і Вашынгтонам — з другога. Справа ў тым, што апошнімі месяцамі ў сьвеце Лукашэнку перасталі ўспрымаць як самастойнага палітыка. 2021 год стаў у гэтым сэнсе пераломным.

Пазыцыю заходніх краін добра адлюстраваў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, які днямі заявіў: «Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца незалежным палітыкам. Дэмакратычнага мандату ад грамадзян Беларусі ён ня мае, а ягоная ўлада залежыць ад падтрымкі Масквы. Гэта жахлівая сытуацыя. Каб захаваць сваё прэзыдэнцтва, ён можа быць гатовы падпарадкавацца любому загаду з Расеі».

Раней старшы супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША казаў: «Ключавое пытаньне — якія рычагі кантролю яшчэ трымае Лукашэнка і колькі гэтага кантролю ён перадаў Расеі».

Узрастаньне залежнасьці ад Расеі

Прычыны такога ўспрыманьня Лукашэнкі замежнымі суб’ектамі відавочныя. Гэта ўсё большае ўзрастаньне залежнасьці Беларусі ад Расеі.

Падпісаньне 28 саюзных праграм зьнізіла самастойнасьць Беларусі ў правядзеньні эканамічнай палітыкі ў вачах замежных суб’ектаў.

Моцна павялічылася вайсковая прысутнасьць Расеі ў Беларусі. Шмат гадоў Лукашэнка супраціўляўся зьяўленьню тут расейскай вайсковай базы. Цяпер у Беларусі зьявіліся два вучэбна-баявыя цэнтры, якія вельмі нагадваюць базы. Маштабныя вайсковыя вучэньні, заплянаваныя на люты, вялізная колькасьць расейскіх войскаў, якія прыбылі сюды, выклікалі шматлікія меркаваньні, што Масква зьбіраецца выкарыстаць беларускую тэрыторыю дзеля разьвязваньня вайны з Украінай.

Сам Лукашэнка толькі павялічвае такія падазрэньні, выкарыстоўвае ваяўнічую рыторыку ва ўнісон з расейскімі мэдыя, пужае суседзяў вайной.

Моцна памянялася пазыцыя Беларусі адносна Ўкраіны. Менск падтрымаў Маскву ў расейска-ўкраінскім канфлікце, абвясьціў Украіну варожай дзяржавай, ад якой нібыта існуе ваенная пагроза. Важным чыньнікам у гэтым сэнсе стала прызнаньне Крыму расейскім.

Праз гэты крок Беларусь апынулася ў адным шэрагу з Абхазіяй, Паўднёвай Асэтыяй, перайшла ў статус марыянэткі РФ у вачах нават лідэраў постсавецкіх дзяржаваў. Лукашэнка рызыкуе канчаткова страціць рэпутацыю незалежнага ад Масквы палітыка ў вачах краін Азіі, Блізкага Ўсходу.

Бо для неэўрапейскіх краін пытаньне легітымнасьці статусу Лукашэнкі як кіраўніка Беларусі, дэмакратычнасьць выбараў не мае вялікага значэньня. Для іх важна тое, што ён рэальна кантралюе дзяржаву. А вось несамастойнасьць, вялікая залежнасьць ад Расеі мае значэньне. Бо калі кіраўнік дзяржавы моцна залежны ад суседа, то дамаўляцца зь ім пра нешта варта зь вялікай асьцярожнасьцю.

Важна адзначыць, што за ўвесь ранейшы час свайго кіраваньня ён стварыў вобраз самалюбнага, амбітнага палітыка, чалавека з норавам. Лукашэнка прэтэндаваў на важную ролю ў міжнароднай палітыцы, увесь час умешваўся ў нейкія падзеі за межамі Беларусі. Ён вельмі баяўся падацца слабым. Шмат разоў уступаў у жорсткі канфлікт з Крамлём.

А вось цяпер усё памянялася. Замежныя суб’екты ўспрымаюць беларускі рэжым як расейскага сатэліта, цалкам залежнага ад Масквы.

Іншая справа, наколькі такое ўяўленьне адпавядае рэчаіснасьці. Пакуль дакладнага адказу на гэтае пытаньне няма. Трэба пачакаць нейкай канфліктнай сытуацыі, каб зразумець ступень залежнасьці Менску ад Масквы. Магчыма, такім тэстам стане пытаньне пра вывад расейскіх войскаў зь Беларусі пасьля заканчэньня вучэньняў.

Дзеля палітычнага выжываньня рэпутацыяй можна ахвяраваць

Ня менш важнае пытаньне — чаму Лукашэнка пагаджаецца на такое ўяўленьне пра сябе як пра марыянэтку Расеі і нават сваімі дзеяньнямі толькі пацьвярджае яго?

Так, ён пэрыядычна гаворыць пра непарушнасьць сувэрэнітэту, абвяшчае сябе яго абаронцам, спрачаецца зь Зянонам Пазьняком наконт акупацыі, нават заяўляе пра важнасьць беларускай мовы і інш. Але гэта можа неяк узьдзейнічаць толькі на ягоных прыхільнікаў.

Аднак замежная аўдыторыя на гэта слаба рэагуе. Бо развагі пра важнасьць беларускай мовы на тле прыбыцьця ў краіну расейскіх войскаў у вялікай колькасьці на нейкія пазаплянавыя, тэрмінова прыдуманыя, сакрэтныя вучэньні маюць мала сэнсу.

Падаецца, адказ на пытаньне, чаму Лукашэнка на мяжы прыніжэньня пагаджаецца дэманстраваць ляяльнасьць Маскве, палягае ў наступным. Мусіць, цяпер для яго ёсьць важнейшыя рэчы, чым рэпутацыя.

А што можа быць важнейшае? Палітычнае выжываньне.

Можна меркаваць, што становішча яго больш хісткае, чым гэта выглядае звонку. Або, ва ўсялякім разе, сам Лукашэнка яго так адчувае. Таму расейская падпорка становіцца ключавым элемэнтам самазахаваньня існага рэжыму.

Можна меркаваць, што становішча яго больш хісткае, чым гэта выглядае звонку. Або, ва ўсялякім разе, сам Лукашэнка яго так адчувае. Таму расейская падпорка становіцца ключавым элемэнтам самазахаваньня існага рэжыму.

А каб гэтая падпорка існавала, трэба дэманстраваць ня проста ляяльнасьць, а патрэбнасьць, неабходнасьць для Пуціна такога саюзьніка. І чым большы градус напружанасьці ў стасунках з Захадам, тым больш Крамлю патрэбен менавіта Лукашэнка. Таму Лукашэнка імкнецца бегчы паперадзе паравоза, увесь час троліць суседзяў, стварае міграцыйны крызіс, пастаянна ладзіць мілітарысцкія гульні.

У той жа час гэта помста Захаду, зь якім Менск уступіў у зацяты канфлікт. Чым рэальна можна адказаць на санкцыі? Толькі пагрозай гарачай вайны.

Дзеля ўсяго гэтага рэпутацыяй можна ахвяраваць. І ён гатовы страціць вобраз моцнага і самастойнага палітыка, абы ўтрымацца ва ўладзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(39)