Политика

Карбалевіч: «Лукашэнка цяпер гатовы пачаць рэпрэсіі і супраць кіроўнай эліты»

Палітолаг — пра тое, чаму не варта чакаць змяншэння рэпрэсіўнасці рэжыму і ад чаго будуць залежаць усе далейшыя працэсы ў Беларусі.

Валерый Карбалевіч на Радыё Свабода падвёў вынікі 2023 года і даў прагноз на будучы. На яго думку, рэпрэсіі ў краіне будуць толькі павялічвацца.

— Машына тэрору ўжо пачала ахопліваць прадстаўнікоў наменклатуры, якія з’яўляюцца абсалютна лаяльнымі Лукашэнку. Гэта адбываецца пад выглядам барацьбы з карупцыяй, — адзначае палітолаг.

Валер Карбалевіч

Аналітык нагадвае пра нядаўняе затрыманне былога міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло, а таксама затрыманне дырэктара БЕЛАЗа Сяргея Нікіфаровіча (інфармацыя пакуль афіцыйна не пацверджаная)і затрыманні сярод высокіх чыноўнікаў у Жодзіна.

— Раней Лукашэнка не дазваляў сабе такога, бо яго палітычны лёс шмат у чым залежыў ад падтрымкі наменклатуры, — адзначае Валер Карбалевіч. — Цяпер ён умацаваўся і гатовы пачаць рэпрэсіі супраць кіроўных кадраў, кіроўнай эліты, што мне падаецца вельмі лагічным, бо машына тэрору працуе на аўтамаце, і яна пачынае ахопліваць новыя слаі насельніцтва.

Палітолаг разважае над тым, які рэжым зараз пануе ў Беларусі.

— Я б сказаў, што ідзе эвалюцыя, пераход з аўтарытарызму ў таталітарызм, і гэта набывае ўсё новыя формы. Фактычна іншадумства ў Беларусі як такое забаронена. Людзей, якія прэтэндуюць на іншадумства, жорстка рэпрэсуюць. І гэта выразнае прыкмета таго, што краіна скатваецца ў таталітарны рэжым, таталітарную сістэму. І я прагназую, што наступным годам гэты працэс будзе працягвацца, — лічыць Валер Карбалевіч.

На яго думку, у наступным, 2024 годзе, на ўнутраную і вонкавую палітыку і ўвогуле на сацыяльныя, грамадскія і эканамічныя працэсы ў Беларусі будуць уплываць менавіта вонкавыя чыннікі.

— Калі казаць зусім канкрэтна, то ад таго, як будзе адбывацца ход вайны ва Украіне, будуць залежыць і ўсе астатнія працэсы ў Беларусі і вакол яе, — тлумачыць Карбалевіч. — І тут мы маем некалькі сцэнароў. Адзін сцэнар, калі ўсё завісае і знаходзіцца ў сітуацыі раўнавагі, як зараз, другі сцэнар — калі перамагае Украіна і Захад, і трэці — калі перамагае Расія. Гэта розныя сцэнары і яны будуць мець вельмі розны ўплыў на працэсы ў Беларусі. А вось прагназаваць дакладна, як гэта вайна будзе ісці, вельмі цяжка.

Палітолаг не бачыць сур’ёзных перамен ва ўнутранай палітыцы ў бліжэйшым будучым. І нагадвае пра электаральныя кампаніі, да якіх рыхтуецца рэжым — спачатку мясцовых і парламенцкіх выбараў, а пасля прэзідэнцкіх.

— Ад адных так званых выбараў краіна пераходзіць да другіх так званых выбараў, што не можа весці да змяншэння рэпрэсіўнасці рэжыму, бо для ўлады выбары — гэта такая страшная рэч. Хаця, здавалася б, баяцца няма чаго.

Ну а далей, я думаю, усе тыя падзеі і працэсы, якія развіваліся гэтым года, будуць проста працягнутыя наступным годам, калі не здарыцца нейкіх радыкальных перамен ў вонкавых чынніках, калі не прыляціць нейкі чорны лебедзь і не разбурыць усе тыя трэнды і тэндэнцыі, якія назапашваліся мінулым часам. Будзем сачыць, — заключае Валер Карбалевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(18)