Политика

Карбалевiч: «Краіну чакае вельмі драматычны пэрыяд»

Палiтолаг – аб тым, што Беларусь уступае ў пэрыяд трансфэру ўлады.

– «Ніякага трансфэру ўлады быць у Беларусі ня можа», — сказаў Лукашэнка. І ўдакладніў дэталі гэтага самага трансфэру 2 сакавіка падчас нарады, у якой удзельнічалі прэм’ер Раман Галоўчанка, міністар абароны Віктар Хрэнін, дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч і начальнік дэпартамэнту міжнароднага супрацоўніцтва Алег Воінаў, – пiша Валер Карбалевiч. – Лукашэнка сказаў: «Канстытуцыю мы прымем, як я казаў, у студзені-лютым наступнага году... Усе, нават вы ўчатырох (удзельнікі нарады), вы можаце ўдзельнічаць у гэтых выбарах пасьля Канстытуцыі — і ў парлямэнцкіх, і ў прэзыдэнцкіх».

Упершыню больш-менш дакладна Лукашэнка прагаварыў, што пасьля рэфэрэндуму аб Канстытуцыі Беларусь чакаюць датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. То бок да 2025 году ён сядзець у крэсьле прэзыдэнта не зьбіраецца.

Як усім вядома, Лукашэнка — гаспадар свайго слова, усё яшчэ можа шмат разоў памяняцца. Ня будзем таксама забываць пра ягоныя намеры застацца пры ўладзе з дапамогай схемы Ўсебеларускага народнага сходу. Але ніхто яго за язык не цягнуў, ён сам гэтыя словы прамовіў.

Магчыма, такі больш-менш дакладны плян і ёсьць галоўным вынікам перамоваў у Сочы. Невыпадкова, што Лукашэнка так настойліва цьвердзіць, што тэма «трансфэру ўлады» ў Беларусі падчас сустрэчы з Пуціным не абмяркоўвалася. Калі ён нешта настойліва адмаўляе, то варта якраз на гэта зьвярнуць увагу.

Што ўсё гэта азначае?

Найперш, Беларусь уступае ў цэлы шэраг электаральных кампаній: мясцовыя выбары, рэфэрэндум па Канстытуцыі, прэзыдэнцкія выбары, парлямэнцкія выбары. Ва ўмовах палітызаванага грамадзтва гэта азначае пэрманэнтны палітычны крызіс. Мы памятаем, чым скончылася прэзыдэнцкая кампанія мінулага году. А тут цэлыя чатыры кампаніі адразу. Нават калі іх і паспрабуюць сумясьціць.

Відавочна, кіраўніцтва рэжыму імкнецца зрабіць гэты працэс абсалютна кантраляваным. Таму ліхаманкава ладзіць татальную зачыстку грамадзтва. Магчыма, паспрабуюць увогуле закрыць магчымасьць удзельнічаць у выбарах апанэнтам рэжыму. Не перарэгіструюць апазыцыйныя партыі. Разбураць інфраструктуру пратэсту. Вось 2 сакавіка адбыліся затрыманьні адміністратараў раённых і профільных тэлеграм-чатаў. Садзяць за краты незалежных журналістаў. Дайшла чарга і да палітолягаў, іх забіраюць на вайсковыя зборы.

Але ёсьць вялікія сумневы, што ўладам удасца правесьці электаральныя кампаніі ў стэрыльных умовах.

Яшчэ адна праблема, якая паўстае перад Лукашэнкам. Яму трэба вызначыцца зь пераемнікам. І зрабіць гэта дзесьці да канца году. Бо патрэбен час, каб яго «раскруціць». Усё ж нават на выбарах пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай патрэбна нейкая электаральная падтрымка кандыдата ў прэзыдэнты.

І як павядзе сябе намэнклятура, сілавікі пасьля таго, як Лукашэнка публічна заявіць, што ён сыходзіць з пасады прэзыдэнта і ня ўдзельнічае ў новых выбарах? Гэта вялікае пытаньне.

Увогуле, сам па сабе трансфэр улады ва ўмовах жорсткага пэрсаналісцкага рэжыму правакуе палітычны крызіс. А калі дадаць сюды абуджанае грамадзтва, якое прэтэндуе на статус суб’екта палітыкі, то краіну чакае вельмі драматычны пэрыяд.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(51)