Политика

Ірына Марозава

Карбалевіч: «Канцэпт рэжыму: усе, хто не любяць Лукашэнку, — не грамадзяне, не народ»

Палітолаг — пра тое, дзеля чаго спатрэбіўся ўказ №278 і ці будзе ў яго працяг.

Указ Лукашэнкі «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўленні дзеянняў» пазбавіў беларусаў магчымасці атрымаць пашпарт РБ за мяжой. Таксама нельга будзе здзяйсняць пэўныя працэдуры, напрыклад, заключаць здзелкі з маёмасцю на падставе давернасці, якая была выдадзена не ў Беларусі.

Але рэч у тым, што гэтыя абмежаванні закранулі не толькі «палітычных», а наогул усіх беларусаў, якія выехалі з краіны. Таму застаецца пытанне, усё ж рашэнне прынятае дзеля таго, каб паказаць беларусам за мяжой, што яны адрэзаная луста, альбо наадварот, прымусіць іх вярнуцца назад любой цаной (калі не атрымалася праз камісію па вяртанні, то вось так прымусова)?

— Найперш каб адпомсціць, — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Валер Карбалевіч. — Адпомсціць усім, хто не любіць Лукашэнку, хто нелаяльны, хто ягоны праціўнік, стварыць ім вялікія праблемы.

Другі момант — рэалізацыя канцэпту, які фактычна быў узяты на ўзбраенне рэжымам. Сэнс яго палягае ў тым, што да беларускага народу, да грамадзян Беларусі адносяцца толькі тыя, хто лаяльны існаму рэжыму. А ўсе, хто не любяць Лукашэнку, — не грамадзяне, не народ, і на іх не распаўсюджваецца дзеянне Канстытуцыі, законаў. З імі можна рабіць, што заўгодна — і ўлады паціху альбо садзяць у турму, альбо выціскаюць іх за мяжу.

Цяпер жа, зазначае палітолаг, ідзе наступны этап — выціснуць тых, хто выехаў за мяжу, і са статусу грамадзян Беларусі, дзеля чаго прымаюцца розныя захады.

— Тут і забарона на ўдзел у выбарах, таму што фактычна няма выбарчых участкаў у замежжы, і закон аб пазбаўленні грамадзянства, закон аб канфіскацыі маёмасці, завочныя суды, — пералічвае Валер Карбалевіч. — Але пакуль што гэтыя законы рэалізаваліся адносна невялікай колькасці людзей. Цяпер жа ўказ пра пашпарты закране вялікую колькасць, якая з кожным годам будзе павялічвацца.

У выніку, думаю, частка эміграваўшых беларусаў будзе шукаць магчымасці і спрабаваць атрымаць замежнае грамадзянства. Працэс выціскання з беларускага грамадзянства будзе працягвацца, і мяркую, што ўказ будзе трыгерам у гэтым працэсе.

— Указ закрануў не толькі пашпарты, але таксама здзелкі па даверанасцях, у тым ліку з нерухомасцю і аўтамабілямі. Мы бачылі, як у беларусаў адбіралі адно за адным іншыя правы — на справядлівы суд, выбарчае, права на грамадзянства. Ці варта, на ваш погляд, чакаць паказальных дзеянняў уладаў і ў кірунку маёмасці?

— Прэцэдэнты ўжо былі, — нагадвае Валер Карбалевіч, — у сям’і Ціханоўскіх канфіскавалі кватэру, у Віктара Бабарыкі, здаецца, шмат якой маёмасці канфіскавалі. Таму гэта ўжо адбываецца, толькі пакуль не вельмі масава. Але ў будучым я бы не выключаў і такі сцэнар.

Што да вяртання беларусаў, зазначае палітолаг, частка людзей, якія з’яўляюцца не палітычнымі, а хутчэй эканамічнымі мігрантамі, можа прыехаць у краіну, думаючы, што ім нічога не пагражае. Аднак эксперт нагадаў нядаўні прэцэдэнт беларускі з Італіі.

Жанчына, якая жыве за мяжой шмат гадоў, мае ВНЖ гэтай краіны, прыехала пабачыцца з роднымі і была затрыманая за каментары і пасты ў сацсетках.

— Шмат нават эканамічных мігрантаў, можа быць, паставілі ў сацсетках нейкі лайк і самі забыліся пра гэта. Яны могуць вярнуцца, і ім не вельмі пашанцуе. Таму вяртанне — рэч рызыкоўная нават для тых, хто, здаецца, не ўдзельнічаў у пратэстах. Бо цяжка ўявіць эмігранта, які б нічога не каментаваў у сацсетках тое, што было ў 2020 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)