Карбалевіч: Гісторыя з новай Канстытуцыяй пакідае дзіўнае ўражаньне, нагадвае брэжнеўшчыну

Надрукаваны нарэшце праект Канстытуцыі так і ня даў адказу на пытаньне, навошта спатрэбіўся новы Асноўны закон, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

– Уся гэтая гісторыя, асабліва зацягваньне з публікацыяй дакумэнту, пакідае дзіўнае ўражаньне, – піша Карбалевіч. – А ўсё таму, што ў руху памяняўся зьмест усяго гэтага працэсу.

Рэч у тым, што канстытуцыйная рэформа была ад пачатку нібыта задумана як найважнейшы элемэнт, як складовая частка праекту транзыту улады і сыходу Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта. Ён шмат разоў запэўніваў, што новая Канстытуцыя — для новага прэзыдэнта.

Але вось цяпер Лукашэнка перадумаў сыходзіць. Пра датэрміновыя выбары гаворкі няма. Артыкул 143 прадугледжвае: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку».

То бок гэта азначае, што Лукашэнка зьбіраецца быць на сваёй пасадзе да канца цяперашняй кадэнцыі, г. зн. да 2025 году.

Больш за тое, у тым жа артыкуле запісана: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, цягам якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу з дня заступленьня на пасаду новаабранага прэзыдэнта».

У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што Лукашэнка мае права абірацца яшчэ двойчы. Іншае пытаньне, ці скарыстае ён такую магчымасьць. Але вось жа такі пралаз ён для сябе пакінуў.

То бок калі новая Канстытуцыя была задуманая для новага прэзыдэнта (таму паўнамоцтвы апошняга трохі скарочаныя), а ў выніку выявілася, што застаецца стары, то для яго ў канстытуцыйнай рэформе няма ніякага сэнсу. Ва ўсялякім разе ў 2022 годзе. І, агулам кажучы, варта было б яе проста скасаваць ці перанесьці, напрыклад, на 2025 год.

Але машына з рэфэрэндумам ужо запушчаная, яе спыненьне выглядала б вялікім скандалам. Пагатоў ёсьць нейкія абяцаньні Пуціну.

У выніку атрымоўваецца, што Лукашэнку давядзецца кіраваць дзяржаваю да 2025 году з фармальна абмежаванымі прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі. Для яго гэта немагчымая сытуацыя. Таму ён прыдумаў сабе тры мэханізмы для мікшаваньня такіх абмежаваньняў.

Па-першае, зьмены Канстытуцыі ўступаюць у сілу ня з моманту прыняцьця яе на рэфэрэндуме, а «з дня афіцыйнага апублікаваньня такіх зьменаў». Як вы разумееце, апублікаваць тэкст можна і праз год пасьля галасаваньня.

Па-другое, на распрацоўку закону аб дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу (УНС) даецца год. Яшчэ колькі часу спатрэбіцца на падбор дэлегатаў і правядзеньне першага зьезду УНС. А да таго ўсе паўнамоцтвы прэзыдэнта захоўваюцца ў ранейшым выглядзе.

Па-трэцяе, ёсьць яшчэ цудоўны артыкул 144: «У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу Прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Такім чынам, Лукашэнка захоўвае ўсю ранейшую ўладу, але цяпер яна будзе пераразьмеркаваная па двух цэнтрах, абодва ён і ўзначаліць. Канструкцыя абсалютна штучная. Але так бывае, калі праект, прызначаны для рашэньня адной задачы (транзыту ўлады), раптам перапрафілюецца на рашэньне іншай (бальзамаваньне Лукашэнкі ва ўладзе).

Збоку ўсё гэта выглядае як нейкі сюррэалізм, палітычная фантасмагорыя. Нагадвае брэжнеўшчыну. Нагадаю, што Леанід Брэжнеў, быўшы генэральным сакратаром ЦК КПСС, забраў сабе яшчэ пасаду старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, прычым акурат у момант страты дзеяздольнасьці з прычыны стану здароўя.

Лукашэнка на самым пачатку кіраваньня абяцаў вярнуць асноўныя атрыбуты савецкай эпохі. Так і атрымоўваецца, няхай сабе ў карыкатурным выглядзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(32)