Карбалевіч: «Гэта пакуль што ядзерны шантаж, а не рэальныя планы»

Каму насамрэч дасылаў сігналы Лукашэнка падчас сустрэчы з Лаўровым і Макеем, і ці атрымае Беларусь расійскую ядзерную зброю?

– Лукашэнка апынуўся закладнікам сваёй палітыкі вайсковай інтэграцыі з Расіяй, закладнікам расійскай палітычнай падтрымкі, бо, менавіта дзякуючы гэтаму, ён утрымаў уладу ў 2020-м годзе. І ён проста трапіў у каляіну, з якой не можа выпрыгнуць, хоць ён вельмі моцна круціцца і аглядваецца па баках, але пакуль не вельмі атрымоўваецца, – разважае палітолаг Валер Карбалевіч у новым відэа на канале Радыё Св*бода.

Карбалевіч упэўнены, што ўсе апошнія сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным беларускі кіраўнік увесь час спрабуе ўгадаць тое, што думае яго расійскі калега, прамовіць гэта, моцна пахваліць і моцна падтрымаць. Сказаць, што той усё робіць правільна.

– Так было і падчас сустрэчы з Лаўровым, – працягвае аналізаваць паводзіны Лукашэнкі Карбалевіч. – Ён апраўдваў неабходнасць з’яўлення на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Бо, маўляў, Захад там нешта размяшчае. Паўшчуваў Украіну за нацыяналізм, паўшчуваў Літву за тое, што абмяжоўвае Калінінградскі транзіт. То бок, выказаў тое, што прыемна чуць і Лаўрову і наогул расійскай аўдыторыі.

Адначасова, лічыць Карбалевіч, у прамове Лукашэнкі быў схаваны мэсэдж і да беларускай наменклатуры:

– Справа ў тым, што Лукашэнку даволі моцна непакояць публікацыі аб тым, што Беларусь страціла суверэнітэт, што ён нічога не кантралюе на сваёй тэрыторыі і што тут расійскія войскі, што хочуць, тое і робяць, не пытаючыся ў яго і гэтак далей. І гэта зніжае ягоны імідж у вачах і беларускай аўдыторыі і, асабліва, беларускага чынавенства. І таму ён паспрабаваў выкарыстаць гэтую сустрэчу з Лаўровым, каб неяк гэта абвергнуць.

Ён сказаў, што мы сумесна з Пуціным дамаўляемся, таму што ёсць пагроза і трэба трымаць порах сухім. І на гэтай падставе заснаваная ўся гэтая палітыка прысутнасці расійскага войска на беларускай тэрыторыі.

Тым не менш, нягледзячы на заявы Лукашэнкі, па словах Карбалевіча, ад беларускай незалежнасці ў ваеннай, ваенна-палітычнай і інфармацыйнай сферы засталося вельмі мала.

– Тут Беларусі даводзіцца ісці ўслед за Расіяй і проста паўтараць тое, што робіць яна, – кажа эксперт. – У іншых сферах іншая сітуацыя. У эканамічнай палітыцы, ва ўнутранай палітыцы, у палітыцы рэпрэсій, у палітыцы расстаноўкі кадраў беларускі суверэнітэт поўны, яму нічога не пагражае.

Пытанне перадачы беларускім уладам ядзернай зброі – яшчэ адна гарачая тэма мінулага тыдня. Карбалевіч мяркуе, што ў ёй насамрэч больш пагроз і шантажу, чым рэальнага ажыццяўлення:

Бо на іх шляху ўзнікае шмат праблем, – заўважае палітолаг. – Першая – гэта пытанне, чыя будзе зброя: беларуская або расійская? Калі беларуская, то бок, Расія перадасць яе Беларусі, гэта будзе парушэннем дамовы аб нераспаўсюду. Я думаю, што тады будуць незадаволенымі ядзерныя дзяржавы, напрыклад, Кітай. А, калі гэта будзе расійская ядзерная зброя, то, якая выгада ад гэтага Лукашэнку? Гэта канчатковая страта вайсковага суверэнітэту.

Наогул, Пуцін казаў, што гэта можа здарыцца праз некалькі месяцаў, – нагадвае Карбалевіч. – У наш дынамічны час некалькі месяцаў – гэта досыць вялікі тэрмін. За гэты час шмат што можа адбыцца, і вайна ва Украіне задала новую дынаміку, якая вельмі паскорыла развіццё падзей. Таму ўсё гэта пакуль што ядзерны шантаж, а не рэальныя планы, – упэўнены Валер Карбалевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(9)