Карбалевіч: «Гайкі будуць патроху закручвацца»

Дзеля чаго зладзілі курапацкі пагром – на Радыё Свабода разважае палiтолаг Валер Карбалевіч.

Зьнішчэньне курапацкіх крыжоў — гэта дэлегітымізацыя сымбаляў і імкненьне перад выбарамі паставіць усіх у жорсткія рамкі, выставіць чырвоныя сьцяжкі.

На першы погляд, ніякага палітычнага сэнсу бударажыць грамадзкую думку, штучна абвастраць канфлікт зь незалежным грамадзтвам ва ўладаў не было. Стаялі там крыжы даўно, нікому не перашкаджалі. Для ўладаў Курапаты — гэта не сьвятое месца, а тэрыторыя, дзе зьбіраецца палітычны праціўнік. Ну, здавалася б, і няхай бы там на ўзбочыне, у лесе і зьбіраліся, нікому не перашкаджалі, усё лепш, чым у цэнтры Менску.

Можа, яно так бы і было, каб не набліжэньне выбарчых кампаній. Перад такімі падзеямі трэба трохі падчысьціць палітычную прастору. Уласна, сам Лукашэнка ўсё і патлумачыў. Здаецца, ня ўсе надалі значэньне ягоным словам падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка. А там былі два важныя мэсыджы.

Першы ягоны тэзіс: невядома, хто там спачывае. Лукашэнка казаў: «Там пахаваныя нашы людзі, і варушыць сёньня іх косткі, глядзець, немцы іх застрэлілі або сталіністы, мне неяк ня хочацца гэтага... Але вылучыць вырашылі менавіта сталінізм. А вы ўпэўненыя, што менавіта ў 1930-я гады загінулі тыя, хто пахаваны ў Курапатах? Што на гэтым месцы фашысты не расстрэльвалі габрэяў, беларусаў, палякаў?»

Дзеля даведкі: пракуратура Беларусі чатыры разы (!) праводзіла расьсьледаваньне гэтага злачынства. Прычым тры разы — падчас прэзыдэнцтва Лукашэнкі. І ўсе высновы былі аднолькавыя і адназначныя. Гэта даваенныя пахаваньні, знойдзеныя там гільзы сьведчаць пра выкарыстаньне толькі савецкай зброі.

Зьвярніце ўвагу, Лукашэнка нібы і не адмаўляе магчымасьці, што людзей забівалі савецкія карныя органы. Ён проста ставіць гэта пад сумнеў. Маўляў, як цяпер даведацца, што было насамрэч, праўды няма, ісьціны ніхто ня ведае, могуць быць розныя вэрсіі. Вось яна, эпоха постпраўды. Усё няпэўна, няма нічога сапраўднага. І ўсеўладны гаспадар можа кіраваць нават мінулым.

Як і ў гісторыі з стаўленьнем да БНР, палітычны сэнс гэтай постпраўды ці паўпраўды палягае ў тым, каб дэлегітымізаваць ідэалягічныя і палітычныя сымбалі апанэнтаў, размыць іх, паставіць пад сумнеў.

Другі тэзіс, які сфармуляваў Лукашэнка падчас «Вялікай размовы»: «Каб дэманстрацый вось з гэтымі крыжамі па пэрымэтры таксама не было. Навошта вы іх павыстаўлялі? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта ж дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі».

Сэнс гэтага мэсыджу дакладна ацаніла Сьвятлана Алексіевіч: «Гэта наступ, наступ на ўсю грамадзянскую ініцыятыву. Я думаю, што Курапаты былі сымбалем народнай самастойнасьці, народнай памяці. І дзяржава ня хоча з гэтым мірыцца, асабліва перад выбарамі. Таму ідзе такая зачыстка. Гэта ўсё формы свабоды, а дзяржава ня хоча мірыцца ні зь якай свабодай».

Сапраўды, улады вырашылі, што нават там, у лесе ўсё павінна адбывацца пад кантролем, паводле правілаў, сфармуляваных рэжымам. Не выключаю, што Курапаты агародзяць, і цяпер доступ туды можа адбывацца толькі паводле адмысловага дазволу. Маўляў, спачатку дакажы, што там пахаваныя твае родзічы, і толькі тады пусьцяць туды зь вянкамі ці кветкамі.

А потым Лукашэнка параіў, што рабіць: «Зайшлі ў гэты рэстаран («Поедем поедим». — Авт.), чарку выпілі за спачын гэтых людзей. Што тут дрэннага?! Я гэта так успрымаю».

І паглядзіце, як гэта робіцца. Гэта ж не звычайнае добраўпарадкаваньне работнікамі лясгасу, як спрабуюць давесьці прадстаўнікі ўлады. Гэта міліцэйская спэцапэрацыя. Раён ачэплены, нагналі вялікую колькасьць міліцыянтаў, ужо арыштавана 15 чалавек, журналістаў адганяюць.

Маральныя страты ўладаў у выніку гэтай спэцапэрацыі вялікія. Ужо прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай царквы нэгатыўна ацанілі курапацкі пагром. Сацыяльныя сеткі абураюцца. Але, думаю, улады сьвядома ахвяруюць грамадзкай думкай. Бо перад выбарамі трэба паставіць усіх (чынавенства, грамадзтва, апазыцыю) у жорсткія рамкі, пазначыць дапушчальныя межы, выставіць чырвоныя сьцяжкі. Гледзячы па ўсім, гайкі будуць патроху закручвацца. Каб падчас самой выбарчай кампаніі ўсё было ціха.

Такі ўжо крыжовы шлях на беларускую Галгофу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)