Карбалевіч: Дэкрэт можа тычыцца надзвычайнага, паскоранага і спрошчанага правасудзьдзя ў адносінах да ўсіх праціўнікаў Лукашэнкі

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч піша на Радыё Свабода пра анансаваны Лукашэнкам дакумент.

Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцьце важнага рашэньня, якое будзе, як ён адзначыў, «адным з прынцыповых рашэньняў за чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва». Зьявіцца яно мусіць, хутчэй за ўсё, у выглядзе дэкрэту. Што ж гэта можа быць за дэкрэт?

У практыцы законатворчасьці Беларусі прэзыдэнцкія дэкрэты — гэта найбольш важныя дакумэнты, якія сваім статусам вышэйшыя за ўказы ці законы, прынятыя парлямэнтам. Яны задаюць кірункі разьвіцьця пэўных сфэр эканомікі і грамадзтва.

Можна прыгадаць дэкрэт аб дармаедах, які ў 2017 годзе выклікаў выбух абурэньня насельніцтва. Падобнага роду дакумэнты зьяўляюцца ня так часта. Вось, напрыклад, у 2018 годзе быў выдадзены толькі адзін дэкрэт, у 2019-м — 4, у 2020 годзе — 5 дэкрэтаў.

Якога зьместу можа быць анансаваны дэкрэт? Тут можна выстройваць розныя вэрсіі.

Найперш, варта ўспомніць, у якім кантэксьце была дадзена гэтае абяцаньне. Вось як падаецца гэтая рэпліка Лукашэнкі на ягоным афіцыйным сайце:

«Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі не ўдалася спроба арганізаваць спачатку мяцеж, а пасьля гэтага «паўзучы пераварот».

— Што цяпер яны могуць зрабіць? Ізноў гэта іх фразы: усё трымаецца на Лукашэнку, трэба зьнесьці. Мая задача зрабіць так: калі зьнясуць, каб у іх нічога не атрымалася. Гэта галоўная мая задача.

У найбліжэйшы час, я прыняў рашэньне, мы яго зараз фармалізуем, я агучу. Гэта будзе адно з прынцыповых маіх рашэньняў за чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва. Гэта будзе вельмі сур’ёзна.

Таму, нават калі мяне ня будзе, па-народнаму кажучы, «толькі праз мой труп», у іх нічога не атрымаецца. я прыняў рашэньне. Цяпер мне трэба яго фармалізаваць. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, дэкрэт прэзыдэнта».

То бок гэтая заява зьявілася ў кантэксьце згадкі інфармацыі пра мяцеж.

Таму можна меркаваць, што дэкрэт будзе тычыцца процідзеяньня палітычным апанэнтам. Магчыма, там будуць заканадаўча аформленыя новыя, больш жорсткія захады супраць любой апазыцыі і іншадумства.

Тут можна правесьці гістарычную аналёгію. У СССР сталінскіх часоў пасьля забойства Сяргея Кірава ў 1934 годзе было прынята рашэньне аб паскораным і спрошчаным правасудзьдзі ў адносінах да «ворагаў народу». Гэта стала пачаткам «вялікага тэрору».

Таму самая праўдападобная вэрсія палягае ў тым, што анансаваны дэкрэт можа тычыцца нейкага надзвычайнага, паскоранага і спрошчанага правасудзьдзя ў адносінах да ўсіх праціўнікаў Лукашэнкі, якіх аб’явяць змоўшчыкамі, мяцежнікамі, экстрэмістамі і тэрарыстамі. Магчыма, у гэтым сэнсе трэба разумець ягоныя развагі, што, маўляў, калі мяне «зьнясуць», каб у «іх» нічога не атрымалася. То бок, драконаўскія законы мусяць дзейнічаць і пасьля Лукашэнкі.

Можна, вядома, разглядаць і іншыя варыянты. Напрыклад, у дэкрэце будуць нейкія гарантыі недатыкальнасьці самога Лукашэнкі, ягонай сям’і і атачэньня. Ці, напрыклад, гэта будзе тычыцца стварэньня нейкага надзвычайнага органа ўлады, з выключнымі паўнамоцтвамі, магчыма, на чале з самім Лукашэнкам. Але нічога добрага для Беларусі ад гэтага дэкрэту чакаць ня варта.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:52)